 | ПАЛIТЫКА |  |

У гарадзенскай турме ўжо восем дзён галадае журналіст Стас Пачабут 11:19, 12/04/2002

Восьмы дзень галадае карэспандэнт газэты “Навінкі” Стас Пачабут у пастарунку Ленінскага РУУС Горадні. Днямі туды выклікалі “хуткую дапамогу”. Супрацоўнікі газэты “Пагоня” патрабавалі сустрэчы з журналістам, каб даведацца пра стан ягонага здароўя. У выніку рэдактару газэты, нарэшце, дазволілі сустрчу, пасьля таго, як ён сказаў, што мае намер угаварыць Стаса спыніць галадоўку. 
Урад Нямеччыны выказаў закляпочанасьць сытуацыяй у Беларусі 11:18, 12/04/2002

Занепакоенасьць з прычыны “скарг незалежных СМІ, апазыцыйных партыяў, прафсаюзаў і няўрадавых арганізацыяў Беларусі аб перашкодах у іх дзейнасьці з боку органаў улады” выказаў дзяржаўны міністар Нямеччыны Крыстаф Цопель. МЗС Нямеччыны выступіла з заяваю, у якой гаворыцца, што беларускі бок сам справакаваў ізаляцыю краіны ад заходняга сьвету. Федэральны ўрад Нямеччыны выказаў гатоўнасьць працаваць з усімі сіламі, якія выступаюць за дэмакратычнае разьвіцьцё Беларусі. 
МФК падвергла крытыцы беларускую “лібэралізацыю” 11:17, 12/04/2002

Працэс лібэралізацыі эканомікі ў Беларусі мае супярэчлівы характар, лічыць кіраўнік прадстаўніцтва Міжнароднай фінансавай карпарацыі ў Беларусі Карл Дагэнхард. “У ім, як мне падаецца, адсутнічае дух лібэралізацыі, не адчуваецца разуменьня сутнасьці дробнага бізнэсу, шчырага жаданьня адкрыць шлях усім, хто хацеў бы гэтым бізнэсам займацца”, - заявіў ён 10 красавіка на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску, ацэньваючы стан сэктара малых і сярэдніх прадпрыемстваў у Беларусі. 
У жабрацкай краіне знайшліся грошы на дзьве горналыжныя трасы 11:16, 12/04/2002

Уладкаваньне дзьвюх гарналыжных трас у Беларусі павінна завяршыцца да пачатку зімы. Пра гэта паведаміў памочнік прэзыдэнта па пытаньнях фізычнай культуры,спорту й разьвіцьця турызму Мікалай Ананьеў у размове з карэспандэнтам БелаПАН па выніках двухдзённага візыту ў Менск прэзыдэнта Аўстрыйскай лыжнай фэдэрацыі Пэтэра Шрэкснадэля. Са словаў Ананьева, размова йдзе аб трасах у алімпійскім спартовым комплексе “Раўбічы” пад Менскам і ў Лагойскім раёне Менскай вобласьці. 
“Белшына” не дацягне да прыватызацыі 11:15, 12/04/2002

Становішча на прадпрыемстве застаецца як ніколі складаным. Запазычанасьць па падатках ужо склала 7 мільярдаў рублёў, ня выплачаны заробак за люты (паводле некаторай інфармацыі, з асобнымі службамі камбінату не разьлічыліся яшчэ і за сьнежань). Работнікам прапанавалі браць заробак шынамі. Каб зрабіць мадэрнізацыю вытворчасьці й стаць канкурэнтназдольнымі хаця б на расейскім рынку, прадпрыемству неабходна ня менш за 80 мільёнаў даляраў, паведамляе “БДГ”. 
Беларускі страхавы саюз зьвярнуўся зь лістом да прэм’ер-міністра 11:14, 12/04/2002

Беларускі страхавы саюз накіраваў ліст на імя прэм’ер-міністра Беларусі Генадзя Навіцкага. Падставаю для звароту стала даручэньне прэзыдэнта Савету міністраў ад 22 сакавіка – аб вяртаньні да практыкі страхаваньня савецкіх часоў. 
За тры месяцы кошты вырасьлі на 12,7 адсоткаў 11:13, 12/04/2002

Паводле дадзеных Міністэрства статыстыкі й аналізу Беларусі сёлета ў першым кварталі спажывецкія кошты ў краіне вырасьлі на 12,7 адсоткаў: у студзені – на 6.1, у лютым – на 3,6. у сакавіку – на 2,6. На 2002 год урад і нацыянальны банк прагназаваў павышэньне коштаў на 20-27 адсоткаў. Такім чынам, за першыя тры месяцы прагноз «выкананы» ўжо напалову. Сёлета ў сакавіку спажывецкія кошты ў Расеі вырасьлі на 1,1 адсоткі, у Казахстане – на 0,2, у Кіргізыі – зьнізіліся на 0,1 адсоткі, у Армэніі – на 0,6, ва Ўкраіне – на 0,7, паведамляе БелаПАН. 
Пэнсійныя пазыкі растуць 11:12, 12/04/2002

Больш за пяць з паловаю мільярдаў рублёў запазычылі ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва бабруйскія прадпрыемствы. Амаль палову ад гэтай сумы – 2 мільярды 68 мільёнаў рублёў – павінна толькі РУП БШК “Белшына” – горадаўтвараючае прадпраемства. 
Памочніку Мілошавіча да сьмерці не хацелася ў Гаагу 11:11, 12/04/2002, Gazeta.ru

У чацьвер вечарам дэпутат парлямэнту Югаславіі, былы міністар унутраных справаў Сэрбіі Влайко Стаільковіч спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам ля галоўнага ўваходу ў будынак Скупшчыны ў Бялградзе, паведамляе ВВС. 
Яшчэ адзін экс-міністар Югаславіі знойдзены мёртвым у мадрыдзкім гатэлі 11:10, 12/04/2002

Былы міністар працы, аховы здароўя й сацыяльнай палітыкі Югаславіі скончыў жыцьцё самагубствам у Гішпаніі, паведамляе РІА “Новости” са спасылкай на агенцтва “Бэта”. Цела Міадрага Ковача было знойдзена ў ноч на пятніцу ў нумары мадрыдзкага гатэлю “Эўрабілдынг”. Гішпанская паліцыя лічыць, што Ковач зьдзейсьніў самазабойства. 
Юры Хадыка на свабодзе і ў чаканьні новага арышту 11:09, 12/04/2002

Суд Ленінскага раёну Горадні, які два дні таму прыгаварыў да 10 сутак арышту намесьніка старшыні БНФ Юры Хадыку, пастанавіў, што палітык можа адбываць пакараньне па месцу жыхарства ў Менску. Такім чынам, на дадзены момант Юры Хадыка знаходзіцца на свабодзе й чакае, калі гарадзенская міліцыя адправіць у Менск адпаведныя паперы, і менскія міліцыянты выканаюць тое, што не зрабілі іхнія гарадзенскія калегі. 
Вячаслаў Сіўчык выйшаў на волю 11:08, 12/04/2002

Пасьля 15-сутачнага арышту на свабоду выйшаў вядомы актывіст БНФ Вячаслаў Сіўчык. Ён адбываў пакараньне за ўдзел у сьвяткаваньні Дня Волі. Сустрэць вядомага апазыцыянэра прыйшло больш за 20 чалавек – актывісты Маладога Фронту, Хартыі’97 і БНФ, а таксама маці, жонка й сын. У пастарунку Сіўчык чытаў газэты і вёў размовы на грамадзка-палітычныя тэмы са сваімі сукамернікамі. Са словаў Сіўчыка, міліцэйскае начальства напярэдадні Вялікадня не пусьціла да яго сьвятара, хаця ён як хрысьціянін хацеў спавядацца. Вячаслаў Сіўчык дадаў, што арышт яго не запужаў і ён абавязкова будзе прымаць удзел у Маршы Пратэсту 19 красавіка і ў Чарнобыльскім Шляху 26 красавіка. 
Беларускі МЗС абвінаваціў Літву ў непасьлядоўнасьці 11:07, 12/04/2002

Літве неабходна трымацца ўласнай палітыкі адносна Беларусі – суседняй дзяржавы. Так прэсавы сакратар беларускага Міністэрства замежных справаў Павал Латушка пракамэнтаваў у Менску журналістам слуханьні ў літоўскім сэйме (парлямэнце), прысьвечаныя зьнікненьню вядомых беларускіх дзеячаў. Зь ягоных словаў, палітыка Літвы ў гэтым пытаньні “непасьлядоўная і супярэчлівая”.
У Беларусі пачнецца новая хваля будаўніцтва ільдовых палацаў 11:06, 12/04/2002, Gazeta.ru

Той факт, што для Аляксандра Лукашэнкі хакей зьяўляецца хобі, ні для каго не зьяўляецца сакрэтам. У аўторак кіраўнік дзяржавы, які таксама займае пасаду прэзыдэнта НАК, прыйшоў на трэніроўку нацыянальнай зборнай, якая рыхтавалася да выступу на чэмпіянаце сьвету (Дывізіён І) у галяндзкім Эйндховэне. Трэнер Уладзімер Крыкуноў і ігракі доўга размаўлялі з прэзыдэнтам, згадваючы пра перамогу каманды на алімпійскіх гульнях у Солт-Лэйк-Сіці, і абмяркоўваючы пэрспэктывы разьвіцьця хакею ў краіне. Аляксандар Лукашэнка распавёў пра свае пляны будаўніцтва яшчэ шэрагу ільдовых палацаў па ўсёй Беларусі. Некалькі гадоў таму менавіта зь ягонай ініцыятывы ў кожным абласным цэнтры краіны былі ўзьведзеныя новыя арэны. Аднак, паводле словаў Аляксандра Рыгоравіча, іхная колькасьць на сёньня не задавальняе патрэбаў, і ўжо ў самым хуткім часе пачнецца новая хваля будаўніцтва. 
Улады распрадаюць канфіскаваную напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў аргтэхніку 11:05, 12/04/2002

Напярэдадні леташніх прэзыдэнцкіх выбараў улады розных рэгіёнаў Беларусі канфіскавалі кампутары і іншую офісную тэхніку ў няўрадавых арганізацыях і прыватных выданьнях. Канфіскацыі праходзілі на падставе прэзыдэнцкага дэкрэту №8, які забараняў выкарыстаньне замежнай дапамогі на вытворчасьць і распаўсюд агітацыйных матэрыялаў. Частку тэхнікі вярнулі пасьля выбараў, але абсалютная большасьць захоўваецца на складах ці распрадаецца праз камісійныя крамы. 
Лукашэнка паразмаўляе ў Маскве пра “Славнефть” 11:04, 12/04/2002

У час свайго наведваньня Масквы Аляксандар Лукашэнка мае намер абмеркаваць у Маскве з кіраўніком расейскае дзяржавы Ўладзімерам Пуціным “адзін на адзін” сытуацыю вакол расейска-беларускай кампаніі “Славнефть”. Адказваючы на пытаньні па прыезьдзе ў Маскву, Лукашэнка назваў “недопустимым во взаимоотношении двух государств“ той факт, што ён усяго толькі “поставлен в известность” расейскім бокам аб плянах зьмены сёньняшняга прзыдэнта кампаніі Міхаіла Гуцырыева. 
Затрыманыя два супрацоўнікі мытні ў Берасьцейскай вобласьці 11:03, 12/04/2002

Супрацоўнікамі ўпраўленьня па Берасьцейскай вобласьці камітэту па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю й карупцыяй МУС затрыманыя два інспэктары мытняў, адзін зь якіх абвінавачваецца ў злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі, другі – у хабарніцтве. 
Забойцы нямецкага бургамістра схаваліся ў Беларусі 11:02, 12/04/2002, Deutsche welle

Сьляды злачынцаў, датычных да зьнікненьня бургамістра нямецкага гораду Рёкінгена, вядуць у Беларусь. Пра гэта паведамілі прадстаўнікі сьледчай групы. Эрых Кундэр зьнік 5 сакавіка. У дзесяць гадзін вечара ён патэлефанаваў жонцы з іншага гораду і пра гадзіну-паўтары абяцаў быць дома. Што здарылася зь ім пасьля – невядома. 
У Вэнесуэле скінулі прэзыдэнта краіны Уга Чавэса 11:01, 12/04/2002, НТВ

Генэрал нацыянальнай гвардыі Албэрта Камача Каірус паведаміў у чацьвер, што ўрад прэзыдэнта Уга Чавеса “склаў свае паўнамоцтвы” і краіна знаходзіцца пад ўладай ўзброеных сілаў, перадае Reuters. Генэрал зрабіў гэтую заяву па мясцовай тэлевізіі. Раней высокапастаўленыя вайскоўцы абвінавацілі прэзыдэнта ў арганізацыі гвалту падчас буйнога аўнтыўрадавага маршу пратэсту. “Уся краіна знаходзіцца пад кантролем дзяржаўных узброеных сілаў, --сказаў Камача Каірус.— Урад склаў свае паўнамоцтвы”.
|  |
|