Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Жонкі рэпрэсаваных палітыкаў будуць выступаць на сэсіі ПАРЭ у Парыжы 11:20, 12/04/2002
Бюро Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы прыняла рашэньне не праводзіць на бліжэйшай сэсіі ПАРЭ сёлета ў красавіку слуханьні па “беларускім пытаньні”. Пра гэта паведаміў член літоўскай дэлегацыі ПАРЭ, дэпутат сэйму Літвы Вацлаў Станкевіч. Выступаючы ў сераду ў Вільні на парлямэнцкіх слуханьнях аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, ён адзначыў, што дадзенае рашэньне бюро ПАРЭ не азначае паслабленьня ўвагі Эўропы да “беларускай праблемы”. “Жонкі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў і зьніклых бяз зьвестак апазыцыйных палітыкаў будуць запрошаныя 17 траўня ў Парыж на паседжаньне падкамітэту па правох чалавека ПАРЭ”, - паведаміў Станкевіч. Ён адзначыў, што “літоўская дэлегацыя ў ПАРЭ мае намер падтрымаць ініцыятыву гэтых жанчын арганізаваць міжнародную камісію па расьсьледаваньні гучных зьнікненьняў палітычных апанэнтаў Лукашэнкі з прыцягненьнем незалежных экспэртаў”.
У сваю чаргу, былы кіраўнік Літвы, дэпутат сэйму Вітаўтас Ландсбергіс заявіў, што “Расея, несумненна, нясе адказнасьць за тое, што адбываецца на Беларусі”. Ён назваў “адкрытым тэрорам” “зьнікненьні апанэнтаў рэжыму”.
Яшчэ адзін член літоўскай дэлегацыі ў ПАРЭ Ёнас Чаколіс ня выключыў, што сытуацыя ў Беларусі будзе абмяркоўвацца эўрапейскімі парлямэнтарамі на верасьнёўскай сэсіі ПАРЭ. Ён выказаў меркаваньне, што “палітыка прэсінгу на беларускія ўлады неабходная”. Парлямэнтар паведаміў, што Літва “так і не атрымала адказу беларускага боку на ініцыятыву аб правядзеньні ў Вільні міжнароднага сэмінару па праблемах правоў чалавека з удзелам прадстаўнікоў беларускіх уладаў і апазыцыі, якая была агучана яшчэ ў верасьні 2001 году”.
Ініцыятарам парлямэнцкіх слуханьняў у сэйме Літвы аб сытуацыі з захаваньнем правоў чалавека ў Беларусі выступіла фракцыя літоўскіх кансэрватараў “Саюз Айчыны”. Як паведамілі “Интерфаксу” у прэсавай службе сэйму, у лютым у парлямэнт Літвы трапіў ліст з просьбай аб дапамозе групе беларускіх жанчын, мужы якіх зьніклі бязь вестак, забітыя ці знаходзяцца ў турмах.
Для ўдзелу ў слуханьнях у Вільню прыехалі жонкі вядомых беларускіх апазыцыйных палітычных дзеячоў Юлія Чыгір, Тацяна Клімава-Левановіч і Ірына Красоўская, а таксама лідэр беларускай Аб’ядннай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.