|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
“Газпром” хоча прыватызацыі “Белтрансгазу” 11:05, 15/04/2002, «Белорусская газета» У распараджэньне рэдакцыі трапіў праект “Пагадненьня аб пашырэньні супрацоўніцтва ў газавай галіне”. Паколькі менавіта гэты дакумант быў узгоднены ў Мінэканомікі, Мінфіне, МЗСе і Мінюсьце, ёсьць падставы меркаваць, што ягоныя нормы захаваныя і ў канчатковым варыянце тэксту. Ініцыятарам пагадненьня выступіў “Газпрам”. У Беларусі заканадаўства забараняе акцыянаваць стратэгічныя трубаправоды, і толькі міжурадавае пагадненьне можа падштрухнуць “Белтрансгаз” да акцыянаваньня. У Маскоўскім офісе карпарацыі няма адзінай думкі, ці патрэбна “Газпрому” труба, да таго ж месцамі моцна зношаная, яна патрабуе вялікіх фінансавых укладаньняў, калі сёньняшні апэратар “Белтрасгаз” і так гарантуе безупынную працу і рамантуе ўсё за свой кошт. За ўсімі спрэчкамі прасочваецца палітычны падтэкст: навучаныя апёкам на ўкраінскім “малацэ” і зараз і на беларускую “ваду” дзьмуць. Прадметам пагадненьня зьяўляецца стварэньне “сумеснай камэрцыйнай газатранспартнай беларуска-расейскай арганізацыі ў форме акцыянэрнага таварыства”. “Белтраснгаз” павінен распрацаваць бізнэс-плян, правесьці ацэнку кошту аб’ектаў газатранспартнай сыстэмы Беларусі (уласнасьць канцэрну “Белтопгаз” не ўключаецца ў дадзенае АТ) з прыцягненьнем незалежнага аўдытара. Калі “Газпрам” будзе настойваць на аўдытары “міжнароднай клясы”, будзе прыцягнутая кампанія “Прайс Ватэрхаўс”, а калі гэтай фармулёўкі ня будзе – то спэцыялістаў “Белтрансгазу” задаволіць ацэнка “Дэлойт і Туш”, якая мае прадстаўніцтва ў Беларусі. Папярэдні кошт “Белтрангазу” разьлічаны. У “Газпроме” яго ведаюць. А вызначаць рынкавы кошт лічаць неабходным да моманту пачатку таргоў. Сапраўды, куды сьпяшацца? Як казаў Астап Бэндэр, “заседание начинается”. Пагадненьне абавязвае беларускі ўрад заключыць інвэстыцыйную дамову з “Газпромам”. Заўважце, тэрміны не называюцца. І бакі не нясуць адказнасьці за выкананьне рамачнага пагадненьня. Патрэбны дадатковы механізм для прыватызацыі газапровадаў у Беларусі. Для пачатку гэтага няпростага працэсу патрабуецца ўказ ці дэкрэт прэзыдэнта Беларусі. Зрэшты, на першым этапе прыватызацыі “Белтрансгазу” 100% уласнасьці застанецца ў руках дзяржавы. Дый на першым этапе, як сьцьвярджаюць нашыя экспэрты, выбару няма. “Итера” пасьля таго, як згубіла “Пургаз” засталася без ільвінай долі ўласнай здабычы (23 мінус 15 млрд.куб.м), і пры павялічаных пастаўках у Сьвярдлоўскую вобласьць (да 19 млрд.куб.м у 2002г.) гэтая кампанія ня здолее паставіць у Беларусь заяўлены аб’ём (6,2 млрд.м.куб. у 2002г) са сваіх рэсурсаў. Газавыя кампаніі, якія працуюць на рынку Усходняй Эўропы і ў Нямеччыне, наагул, як правіла, ня маюць уласнага газу і аўтаматычна выпадаюць са сьпісу стратэгічных інвэстараў для беларускіх прадпрыемстваў. Хто застаецца? Ініцыятар пагадненьня. Новая газавая карпарацыя будзе выконваць функцыі, якія сёньня ажыцьцяўляе “Белтраснгаз”: рэалізацыя на ўнутраным рынку й тразіт газу па тэрыторыі Беларусі, будаўніцтва і разьвівцьцё газатранспартнай сыстэмы краіны, забесьпячэньне поўнай аплаты газу пастаўшчыку, эксплюатацыя газапроваду “Ямал-Эўропа”. Уласнасьцю новай карпарацыі стане маёмасьць, якая належыць “Белтрансгазу”, і аб’екты газатранспартнай сыстэмы, што падлягаюць акцыянаваньню. Прыбытак будзе разьмяркоўвацца прапарцыйна долі ў статутным фондзе з бесперашкоднай выплатай акцыянэрам. Расейцы, навучаныя горкім досьведам, заклалі ў пагадненьне адну дэталь, якая страхуе іх ад палітычнай рызыкі. У артыкуле 9 сказана: “Інвэстыцыі суб’ектаў гаспадараньня РФ у выглядзе рухомай і нерухомай маёмасьці, фінансавыя і матэрыяльныя сродкі, унесеныя на тэрыторыі РБ, ня могуць быць бязвыплатна нацыяналізаванымі ці рэквізіраванымі”. Нацыяналізацыя магчыма толькі ў выпадку поўнай і своечасовай кампэнсацыі кошту маёмасьці. Беларускі бок заклаў у “пагадненьне аб пашырэньні супрацоўніцтва ў газавай галіне” механізм узаемаразьліку, які дазволіць сьпісаць да $72 млн. пазыкі перад “Газпромом”, пеню за несвоечасовую аплату за газ у 1997-99 гг беларусы “абменьваюць” на вызваленьне расейскіх будаўнікоў ад ПДВ і мытных пошлінаў пры будаўніцтве беларускага ўчастку “Ямал-Эўропа”. У пагадненьні зафіксаваныя ўжо дзейныя нормы: Мінэнэрга Расеі штогод будзе прадугледжваць у бялянсе газу неабходныя для Беларусі рэсурсы. Усе умовы, зьвязаныя ў пастаўкай газу ў Беларусь, будуць, як і зараз, вызначацца кантрактамі паміж ААТ “Газпром” і РУП “Белтрансгаз”. Тут вызначаныя стратэгічныя задачы для новай газавай карпарацыі – узгадненьне палітыкі разьвіцьця газатранспартных сыстэмаў Беларусі і ўніфікацыя прававых актаў з Расеяй; забесьпячэньне транзіту газу ў трэція краіны праз Беларусь; рэканструкцыя й пашырэньне дзейных магістральных газатранспартных сыстэм і падземных сховішчаў газу ў Беларусі, а таксама іх сумеснае будаўніцтва і эксплюатацыя.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|