|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Яны прыйдуць 11:14, 17/04/2002, «Народная воля» --Вы зьяўляецеся арганізатарам каля 15 масавых акцыяў, уключна з Маршам Свабоды-1 і Марш Свабоды-2, на якія зьбіралася па 30-40 тысяч чалавек. Але гэта было да прэзыдэнцкіх выбараў, калі грамадзтва яшчэ мела надзею пазбавіцца ад дыктатара. Чаму вы, арганізатары Маршу Пратэсту, думаеце, што зараз, калі людзі расчараваныя і ва ўладзе, якая пазбавіла іх выбару, і ў апазыцыі, якая ня здолела адстаяць гэты выбар, хтосьці будзе пратэставаць? Чаму вы думаеце, што вас пачуюць? --Ведаеце, я літаральна скурай адчуваю, што стаўленьне да Лукашэнкі мяняецца з кожным днём. Калі людзі даведваюцца аб тым, што чыноўнікі Магілёву, Гомлі, Менску перасаджваюцца на новыя, дарагія “Мэрсэдэсы”, у той час як па ўсёй краіне вялізныя запазычанасьці па заробку, то нават тыя, хто галасаваў на выбарах за Лукашэнку, абураныя і гатовыя пратэставаць. Безумоўна, надзеі на хуткае збаўленьне ад дыктатуры няма, але Беларусь заўсёды адрозьнівалася непрадказальным характарам. Спружына ўсё сьціскаецца і сьціскаецца. Улада становіцца ўсё больш нахабнай – яна не адчувае настрою людзей. У выніку можа адбыцца выбух, як гэта было ў 1988 годзе на “Дзяды”, у красавіку 1991 году, калі на вуліцы выйшла сто тысяч рабочых, як гэта было ў 1996 годзе на “Чарнобыльскім Шляху”, на тых самых Маршах Свабоды. Мы лічым, што гэтая акцыя будзе менавіта тым зрухам, зь якога пратэст пачне нарастаць. --Марш Пратэсту мае, хутчэй, сацыяльны, чым палітычны характар. Вылучаныя патрабаваньні датычаць паляпшэньня эканамічнага становішча грамадзян, кампэнсацыі згубленых укладаньняў, павелічэньня заробкаў, пэнсіяў і стыпендыяў. Такім чынам апазыцыя мае намер “стаць бліжэй да народу?” --Безумоўна, памылка апазыцыі была ў тым, што яна зьвярталася да тэмаў, якія ня вельмі хвалявалі людзей. Сёньня ж праблема выжываньня стаіць літаральна перад кожным чалавекам. І таму, мы спадзяемся, што людзі выйдуць, падтрымаюць нас і выкажуць свой пратэст. І пакуль большасьць людзей пакуль не рашаюцца выйсьці на вуліцу, то яны б хаця б убачаць, што ў Беларусі ёсьць грамадзяне, якія, рызыкуючы сабой, гатовыя адстойваць і іхнія правы. Мы імкнемся зараз паказаць людзям, што ўлада іх падманвае. І мы імкнемся паказаць уладзе, што людзі ведаюць, што ўлада іх падманвае. Ніхто не цягнуў Лукашэнку за язык, калі ён абяцаў кампэнсаваць згубленыя ўкладаньні. Мы нагадваем людзям, што ў 1994 годзе кампэнсацыя ўкладаньняў была краевугольным камянём ягонай перадвыбарчай кампаніі. Але практычна нічога ня зроблена. Нейкія кампэнсацыі зь вялікім уронам атрымалі людзі, якім за 80. Але пра поўную кампэнсацыю ўсіх укладаньняў, страчаных людзьмі ў Ашчадбанку СССР, сёньня размовы ніхто не вядзе. Другая тэза, ужо новай перадвыбарчай праграмы Лукашэнкі, гэта рэзкі пад’ём узроўню жыцьця беларускага народу да ўзроўню жыцьця разьвітых эўрапейскіх краін. Мы нагадваем, што з моманту другіх прэзыдэнцкіх выбараў прайшло дастаткова шмат часу, а з 1994 году прайшло ўжо практычна 8 гадоў, і ніякага рэзкага пад’ёму няма. Мы назіраем толькі рэзкі рост коштаў і нічога іншага. Акрамя патрабаваньняў сацыяльнага характару, мы, безумоўна, будзем працягваць пытаньне аб зьніклых, бо вельмі многія абвінавачваюць уладу ў тым, што яна датычная да выкраданьня людзей. І паводзіны Лукашэнкі тут насьцярожваюць. Бо ён мог бы сабраць мацярок, жонак, сваякоў зьніклых людзей і неяк абнадзеяць іх. Але гэтага не адбылося. Замест гэтага сваякоў зьніклых людзей прыціскаюць. Сем’і Захаранкі й Карпенкі вымушаныя былі зьехаць зь Беларусі. - --Ці будзе сцэнар Маршу Пратэсту чымсьці адрозьнівацца ад астатніх акцыяў гэтая вясны? На памяць прыходзіць акцыя “Канчатковы дыягназ”, якую ЗУБР правёў летась 21 красавіка, незвычайна вясёлая. Можа, і Вы штосьці такое прыдумаеце? А то неяк сумна... --Безумоўна, маладыя людзі з “Зубра” заслугоўваюць павагі, таму іхныя акцыі сапраўды нестандартныя. Але і арганізатараў Маршу Пратэсту нельга абвінавачваць у тым, што яны звыкліся дзейнічаць банальнымі спосабамі. Гэта датычыць і рэжысэра Юры Хашчавацкага, і Валеры Шчукіна, і Мікалая Халезіна, і мяне. Таму сюрпрызы для ўлады будуць. І паўтарацца мы ня будзем. Пастраемся, каб аб тых праблемах, якія мы выносім, даведалася як мага больш людзей у Беларусі і за ейнымі межамі. Абяцаю, гэтая акцыя будзе яскравай і запамінальнай. - Скажыце, па якому прынцыпу “зьбіралася” Ваша кампанія арганізатараў Маршу? Кінарэжысэр, журналіст, праваабаронца, актывіст ЗУБРа... - Вы ведаеце, ёсьць такое меркаваньне: “зь ім бы ў выведку пайшоў ці зь ім бы не пайшоў”. Дык вось, з такімі людзьмі я бы ў выведку пайшоў. І ўзроставы дыяпазон у гэтым не зьяўляецца перашкодай, хутчэй наадварот. Той самы Цімафей Дранчук зьяўляецца вельмі раздражняльнай фігурай для беларускіх праваахоўчых органаў, такім самым парушальнікам спакою зьяўляецца і Шчукін. Халезін і я – прадстаўнікі “сярэдняга” пакаленьня. Мы ніколі не адседжваліся ў кустох і ў кожнага з нас свае рахункі з рэжымам. - Як паказвае досьвед акцыяў, што прайшлі ў гэтую весну, улады зьбіраюцца самым жорсткім чынам спыняць мерапрыемствы апазыцыі. Як, на ваш погляд, будзе дзейнічаць рэжым? Бо адна справа разагнаць дэманстрацыю “нацыяналістаў” і зусім інаше – выставіць кардоны АМАПу супраць людзей, якія патрабуюць вярнуць згубленыя ўкладаньні і павысіць пэнсіі... --Улада паважае толькі сілу. Лукашэнка не пачуў сотні тысяч настаўнікаў, якія сабралі й накіравалі яму подпісы пад патрабаваньнем палепшыць іх матэрыльнае становішча. Наадварот, ім сталі выплочваць заробак са шматмесяцовымі затрымкамі. А ўсё таму, што яны не бастуюць, не выходзяць у пікеты, ня ходзяць на дэманстрацыі. Але ў дадзеным выпадку людзі йдуць на адкрыты пратэст. І перад рэжымам зараз стаіць вельмі сур’ёзная праблема: што рабіць? І чым болей нас выйдзе ў гэты дзень на вуліцу, тым складаней будзе знайсьці ўладзе адказ. Бо яна разумее, што сёньня ёй, можа, і ўдасца спыніць пратэст, але тыя, хто будзе затрыманы, заўтра стануць нацыянальнымі героямі, бо яны рызыкавалі дзеля інтарэсаў народу. Лукашэнка адчувае сёньня сваю беспакаранасьць. Гэта і закрыцьцё газэт, і суд над журналістамі, дзясяткі арыштаў на масавых акцыях, застрашэньне, вярбоўка КДБ маладых людзей, але Марш Пратэсту пад сацыяльнымі лёзунгамі – гэта, напэўна, тая рыса, якую ўлада перакрочыць ня здолее. --Якія партыі й рухі падтрымліваюць Марш Пратэсту? Апошнім часам былі заявы наконт “перацягваньня коўдры” – маўляў, у гэтую весну трэба абмежавацца адной-двума масавымі акцыямі. --Вядучы тэарэтык і ідэоляг негвалтоўнага супраціву Джын Шарп кажа, што негвалтоўны супраціў – гэта тая самая вайна, толькі іншымі сродкамі. Беларусь – партызанскі Край. Народныя мсьціўцы ведалі, што калі немагчыма наступаць на ворага буйнымі сіламі, значыць трэба праводзіць дывэрсіі, засады, захопы “языкоў” і г.д. У цяперашняй сытуацыі гэта пікеты, шэсьці, маршы, забастоўкі, галадоўкі, распаўсюд альтэрнатыўнай інфармацыі любым спосабам. Той самы Джын Шарп называе 198 мэтадаў негвалтоўнай барацьбы. Разьлік на тое, што дастаткова за паўгода правесьці адну акцыю і тым самым сьмяротна напужаць рэжым, мне падаецца несур’ёзным. Патрэбная сыстэмная й руплівая праца кожны дзень. Так, сёлета маштабнай акцыяй дэмакратычных сілаў будзе Чарнобыльскі Шлях, і ягонай падрыхтоўкай займаецца Каардынацыйная Рада дэмакратычных сілаў. Мы таксама ўваходзім у аргкамітэт па парвядзеньні Чарнобыльскага Шляху. Але гэтага недастаткова. Традыцыйныя акцыі – Дзень Волі, Чарнобыльскі Шлях – абмежаваныя ў лёзунгах і патрабаваньнях. Мы ня можам падымаць пытаньне аб кампэнсацыі ўкладаньняў на Чарнобыльскім Шляху і на Дні Волі. Для гэтага патрэбныя адмысловыя акцыі. Мы былі б радыя падтрымаць і прафсаюзы, але вы самі бачылі, што там атрымаўся поўны пшык., і шчыра кажучы, да лідэраў прафсаюзаў у мяне ніякага даверу няма, тым больш пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. На мой погляд, яны вельмі слабыя і нічога ня робяць. Таму мы праводзім Марш як простыя, беспартыйныя грамадзяне. Але я ў пэўнены, што ўсе дэмакратычныя партыі падтрымаюць нашу акцыю. І мы заклікаем ўсіх людзей выйсьці на вуліцы Менску і 19 красавіка на Марш Пратэсту “ТАК ЖЫЦЬ НЕЛЬГА!”. І 26 красавіка на Чарнобыльскі Шлях. --Што людзі могуць чакаць ад гэтай акцыі? Лукашэнка, як паказвае досьвед, нязьменна глухі да патрабаваньняў апазцыі. --Досьвед паказвае, што нават у нашых умовах, калі не маўчаць, то можна чагосьці дабіцца. Калі Лукашэнка мае грошы на дарагія машыны для чыноўнікаў, лядовыя палацы й “дажынкі”, значыць можна яго прымусіць павысіць заробкі рабочым, падняць пэнсіі старым і стыпендыі студэнтам. Бо нават ягоная Канстытуцыя гарантуе кожнаму беларусу сталае паляпшэньне ўмоваў жыцьця. Няхай ён патлумачыць людзям, чаму ягонае жыцьцё й жыцьцё яго атачэньня становіцца лепшым, а большасьць беларусаў жыве ўсё горш і горш. Людзі павінны ведаць, што праўда на іх баку, і, калі ўлада паспрабуе прыціснуць іх пратэст сілай, значыць гэтая ўлада злачынная. Аднак народная салідарнасьць мацней за любую дыктатуру. Тольк ня трэба быць пакорлівым. І вы ведаеце, усё ж такі тое, што ў Беларусі колькасьць зьніклых людзей складае некалькі чалавек, а ня сотні й тысячы, як у Лацінскай Амэрыцы пры дыктатарскіх рэжымах, заслуга апазыцыі. Мы навучыліся змагацца, мы навучыліся абараняць сваіх. Вы паглядзіце, што зараз робіцца з дырэктарамі, чыноўнікамі, прадпрымальнікамі? Сотні людзей кідаюць у турмы, а ў іх падтрымку ніхто не выказваўся. Іх калегі баяцца за іх сказаць слоўца. Хаця, маштабы рэпрэсіяў супраць гэтай катэгорыі людзей проста страшныя. Падымаюць гэтую праблему толькі незалежныя СМІ і правабарончыя аргнізацыі. Сёньня ХХІ стагодзьдз, мы знаходзімся ў цэнтры Эўропы, і ўся інфармацыя пра Беларусь дастакова хутка даходзіць да сусьветнай грамадзкасьці. Акцыю ў Дзень Волі паказалі расейскія тэлеканалы, Euronews, ВВС. Мы даносім да людзей праўду аб тым, што ў Беларусі дыктатура, што ёсьць грамадзяне, якія, рызыкуючы свабодай, здароўем і нават жыцьцём, выходзяць і пратэстуюць. Безумоўна, нам патрэбная міжнародная салідарнасьць. Безумоўна, беларусы павінны бачыць, што ёсьць авангард, які змагаецца нягледзячы ні на што. Ёсьць такія людзі як Хашчавацкі, Шчукін, Хадыка, Севярынец, Сіўчык, якія асабістай мужнасьцю даказалі сваю прыхільнасьць дэмакратыі, і якія пацярпелі ад рэжыму, але тым не менш становяцца арганізатарамі акцыяў пратэсту і заклікаюць іншых пратэставаць. Ад шэптаў на кухні нічога ня зьменіцца. У тым, што апошняя дыктатура ў Эўропе падае, у мяне ніякіх сумневаў няма, але дыктатарам Лукашэнка будзе столькі, колькі мы яму адмераем. --Ці залежаць Вашыя пляны ад рашэньня Менгарвыканкаму? --Ведаеце, у Менгарвыканкама дастаткова традыцыйныя адказы. Традыцыйныя ўзаемаадносіны ў нас і з праваахоўчымі органамі. Увогуле, мы не пачаткоўцы ў гэтай справе. Нават лукашэнкаўская Канстытуцыя гарантуе грамадзянам Беларусі права на правядзеньне мірных дэмантрацыяў, шэсьцяў і мітынгаў. Мы запрашаем усіх прыйсьці 19 красавіка на плошчу Якуба Коласа а 18 гадзіне. --“Так жыць нельга!” – гэта толькі назва акцыі ці гэта доўгатэріновая кампанія, якая толькі пачынаецца Маршам Пратэсту? -- «Так жыць нельга!» - гэта беларуская речаіснасьць. Праз Лукашэнку, праз дыктатуру з краіны зьехалі дзясяткі тысячаў спэцыялістаў, яны сталі грамадзянамі Канады, Аўстраліі, ЗША і прыносяць карысьць гэтым краінам. Яны ня здолелі знасьці сябе, рэалізавацца ў Беларусі. Паводле сацыялягічных апытаньняў 70 адсоткаў маладых людзей ад 16 да 20 гадоў заяўляюць аб тым, што хацелі б жыць у іншай краіне. А колькі зорак мы згубілі ў музыцы, у тэатры, у бізнэсе, у навуцы менавіта таму, што пры дыктатуры яны проста незапатрабаваныя. А наша зямля заўсёды ыла багата яна таленты. Беларусь за апошняі гады стала краінай, якую ведаюць у сьвеце па дыктатуры й Чарнобылю. Людзі ня маюць будучыні, яны ледзь зводзяць канцы з канцамі і гэтаму трэба пакласьці канец. Але я веру, што прыйдзе час, калі Беларусь стане прыцягальным узорам для краін-суседзяў. І ўсе будуць казаць, што трэба жыць так, як беларусы. --А вы ведаеце, што і як рабіць далей (у палітыцы, эканоміцы, сфэры навукі й адукацыі, СМІ і г.д.), каб мы, нарэшце, сталі жыць так, як трэба? --Возьмем прыклад нашай блізкай суседкі Польшчы: на кожным этапе былі свае лідэры. У часы падпольнай Салідарнасьці такімі лідэрамі былі Буяк, Фрасынюк, Барусевіч, Валенса...Мала хто тады ведаў пра Мазавецкага, ніхто тады нічога ня чуў пра Бальцаровіча. Калі прыйшоў час праводзіць рэформы, былі запатрабаваныя і Бальцаровіч і Мазавецкі. Лідэры падпольля некалькі адыйшлі на другі плян, хаця многія пасьля рэалізаваліся і ў палітыцы, і ў бізнэсе. Таму, мне падаецца, ня трэба пераскокваць этапы. Мне падаецца, з другім этапам, эканамічнымі рэформамі, якімі б яны складанымі не былі, беларусам будзе прасьцей. У апазыцыі сёньня дастаткова прафэсіяналаў высокага ўзроўню ў эканоміцы, у банкаўскай сфэры, у дыпляматыі, у кіраваньні, у бізнэсе. Аднак перш мы павінны вырашыць галоўную задачу першага этапу – пазбавіць Беларусь ад дыктатуры. --Ці не падаецца Вам, што беларусы занадта асьцярожныя і прыладкаваліся выжываць і ў такіх умовах? Што большасьць думае, што “так” усё ж такі жыць можна? --Сьцьвярджэньне, што беларусы “памяркоўная” нацыя, неаднаразова абвяргалася гісторыяй. Згадайце хаця б Марш Свабоды-2, 15 сакавіка 2000 году, калі ішоў мокры сьнег, была завіруха, а на вуліцы Менску выйшла 40 тысяч чалавек. Калі параўноўваць беларускуюапазыцыю з аналягічнымі рухамі ў іншых краінах, які прайшлі той самы этап, то мы нармальная, эўрапейская апазыцыя са сваімі плюсамі й мінусамі. Вядома, пасьля выбараў прэзыдэнта быў пэрыяд дэмаралізацыі, многія стаміліся. Але справа ў тым, штоЛукашэнка не стаміўся быць дыктатарам, яму занадта добра жывецца, ён “шчаслив” і марыць пра падаўжэньні сваіх паўнамоцтваў. Усе беларусы, у першую чаргу мужчыны, павінны выдатна гэта разумець і змагацца за тое, каб ён хутчэй сышоў, каб жыцьцё ў Беларусі палепшылася. І сёньня ў Супраціў павінны прыйсьці новыя людзі, сотні, тысячы новых людзей. І яны прыйдуць.
|