|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
РНЕ Ў БЕЛАРУСІ БОЛЬШ НЯМА 11:02, 18/04/2002, www.recha.org ![]() СЯБРОЎСТВА ПРАЗ… УНІТАЗ Тым часам, у расейскай газэце «Версия» за 13-19 лістапада 2001 г. быў надрукаваны матэрыял «Два твары менскіх ультра» нейкага Юрыя Нерсесава. Аўтар сьцьвярджае, што да моманту забойства кіраўніка РНЕ Самойлава колькасьць РНЕшнікаў у Беларусі дасягала 3000 (!) чалавек у 26 гарадох краіны. Нерсесаў сьцьвярджае, што на той момант «РНЕ стала рэальнай палітычнай сілай» і што справа ўжо ледзьве не даходзіла да ўзброеных сутычак з беларускімі нацыяналістычнымі арганізацыямі. Такая інфармацыя, мягка кажучы, не адпавядае рэчаіснасьці. Па сьведчаньню хлопцаў, назавем іх Іван і Алег, у свае самыя лепшыя часы РНЕ ў Беларусі магло мабілізаваць ня больш 80 чалавек. Пры гэтым, 70-80% зь іх — гэта хлопчыкі па 16-17 гадоў. Асноўная маса прыхільнікаў гэтай фашыстоўскай арганізацыі знаходзілася ў Менску. Акрамя сталіцы, асобныя людзі былі ў Магілёве, Шклове, Горадні, Віцебску, Воршы, Кобрыне, Баранавічах, Мар’інай Горцы, Барысаве. У Менску РНЕ было падзелена на т.зв. падразьдзяленьні, якія фармаваліся па тэрытарыяльным прызнаку. У такім падразьдзяленьні было ад 4 да 9 чалавек. Былыя эрнээшнікі згадалі пра наступныя падразьдзяленьні: «Паўночны-Усход» (кіраўнік — Сапрыкін), «Паўднёвы-Захад» (кіраўнік — Вася Якубяк), «Поўдзень» (кіраўнік — Барыгін), «Усход» (кіраўнік — Дашкевіч), «Паўднёвы-Усход» (кіраўнік — Смалянчук) і г. д (на здымках можна ўбачыць некаторых з гэтых «камандзіраў»). Яны падначальваліся штабу РНЕ. Былі таксама такія «экзатычныя падразьдзяленьні», як жаночае (кіраўнічка — Яна Рудабелец), «падразьдзяленьне пэнсіянераў» (кіраўнік — Мацкевіч), падразьдзяленьне «Варагі» (так званая «эліта», кіраўнік — Кароткіх). Таксама ў ведамства расейскіх фашыстаў у Беларусі маскоўскі штаб перадаў Смаленск. Час ад часу туды адкамандзіроўваліся групы для наладжваньня працы. Штаб РНЕ заўсёды знаходзіўся ў Менску, але баркашоўцы вымушаны былі зьмяняць месца яго знаходжаньня. Таму што ў іх ўзьнікалі праблемы то з міліцыяй, то з суседзямі. Яны імкнуліся здымаць офісы ў Першамайскім раёне сталіцы, бо мелі добрыя стасункі з міліцэйскім кіраўніцтвам гэтага раёну. Як прыклад, яго супольнае патруляваньне. У РНЕ існавалі пасады: камэндант штабу, дзяжурны па штабу, памочнік начальніка штабу, начальнік штабу. Таксама былі й тры ўзроўні сяброўства: «сторонник», «сподвижник» і «соратник». Для навічкоў, якія прыходзілі ў арганізацыю, першым выпрабаваньнем было «адмыць ўнітаз арганізацыі». Для нязгодных з гэтым ужываліся меры фізычнага ўзьдзеяньня. Пасьля гэтага не ўсе вытрымлівалі «першыя выпрабаваньні» й сыходзілі. Каб хоць як небудзь падтрымліваць сваю дзейнасьць, зьбіраліся складкі ў памеры 1 у. а. у месяц. Хто ня меў нават такіх сродкаў, цягнулі з хаты «натурпрадукт» (макароны, тушонку й г. д.). «РАЗБОРКІ» СЯРОД СВАІХ Хоць у статуце арганізацыі быў задэкляраваны вольны выхад зь яе, аднак на справе атрымоўвалася інакш. Дзеля «арганізацыйных адступнікаў» ужываліся меры пакараньня. Напрыклад, у лістападзе 1999 г. эрэнешнікі Кобус і Журык, узброеныя жалезнымі дратамі, прыйшлі ў кватэру былога сябра РНЕ Халупяка. Яны зьбілі гаспадара й яго сябра, былога члена РНЕ Расольку. Кобус і Журык акуналі іх галавой ва ўнітаз... Пазьней Кобус і Журык былі асуджаныя за злоснае хуліганства, а таксама крадзеж і цяпер адбываюць пакараньне. Пасьля суду былыя «пабрацімы» забыліся пра Кобуса й Журыка. З часам «разборкі» у РНЕ станавіліся «всё круче и круче»… ЗАБОЙСТВА САМОЙЛАВА Іван і Алег распавядаюць, што за чатыры дні да забойства Глеба Самойлава, ён разам з Валеры Ігнатовічам прыяжджаў у Крупкі да бацькоў апошняга. Там яны пераначавалі, пілі гарэлку, адначасова выбіралі месца для будучага летніка РНЕ. На наступны дзень Ігнатовіч, разам з Самойлавым, прыехалі ў Менск, дзе паміж імі адбылася сварка «на глебе непаразуменьня па тактычнай дзейнасьці арганізацыі». Ігнатовіч быў прыхільнікам жорсткіх, часам зьвязаных з крымінальнай адказнасьцю, дзеяньняў, якія скіроўваліся, як на ворагаў РНЕ, так і на здабыцьцё грошай. Самойлаў не падзяляў гэтыя падыходы й быў прыхільнікам «больш эластычнай тактыкі, адаптаванай да сучасных беларускіх умоваў». На ўсіх арганізацыйных мерапрыемствах, летніках, Самойлаў заўсёды падкрэсьліваў, што РНЕ законапаслухмяная арганізацыя, якая імкнецца працаваць у межах беларускага заканадаўства. Ім неаднаразова падаваліся дакумэнты ў Мінюст для рэгістрацыі РНЕ… 5 жніўня 2000 г. быў забіты Самойлаў. За два дні да гэтага быў арыштаваны Валерый Ігнатовіч. Большая частка былых членаў РНЕ схіляецца да вэрсіі, што Самойлаў быў забіты па загаду Ігнатовіча. Ігнатовіч, акрамя дзейнасьці ў РНЕ, а таксама паміж выкананьнямі спэцдаручэньняў ад пэўных людзей з сілавых структураў рэжыму, займаўся паляпшэньнем свайго асабістага фінансавага становішча. З дапамогай разбойных нападаў. Дзеля гэтых «спэцапэрацыяў» у яго была сфармаваная група, у склад якой уваходзілі былыя байцы спэцпадразьдзяленьняў, а таксама тыя, што праходзілі службу, і крымінальнікі. У гэтых спэцапэрацыях Ігнатовіча неаднаразова браў удзел і Самойлаў (напрыклад, у забойстве азэрбайджанскай сям’і ў Менску). Пасьля кожнай такой «акцыі», у мэтах бясьпекі, Ігнатовіч мяняў усе колы на сваім аўтамабілі. РНЕшнікі згадваюць выпадак, калі Ігнатовіч для сочкі за кімсьці пераапранаўся ў бабульку. Маскіроўка атрымалася ў яго выдатна, бо распазнаць Ігнатовіча, ня ведаючы, што гэта ён, было амаль немагчыма. Прыгадалі хлопцы, што за тыя некалькі гадоў, што Ігнатовіч быў у РНЕ, ён некалькі разоў затрымліваўся міліцыяй. Вядома, што ён у свой час падпісаў бібліятэку ў Крупках на газэты «Русский порядок» і «Новая система»… «ЛІКВІДАЦЫЯ» БРЭЙНЭРА Пасьля забойства лідэра арганізацыі Самойлава, увосень 2000-га быў забіты яшчэ адзін «соратник» РНЕ Брэйнэр. Забойства зьдзейсьнілі сабутыльнікі Брэйнэра Дашкевіч і Соляр. Забойства адбылося пры супольным расьпіцьці гарэлкі ў адным з двароў Першамайскага раёну Менску. Трэба зазначыць, што забойцы займалі не апошнія пасады ў РНЕ. Дашкевіч ужо быў аднойчы судзімы і таксама за забойства. Але тады гэты факт ня здолелі даказаць і ён адседзеў толькі невялікі тэрмін за кражу. Падчас той пьянкі Брэйнера пырнулі нажом, а пасьля дабілі з пісталета. Ёсьць вэрсія, што ён быў задзейнічаны ў супольных крымінальных справах з Дашкевічам і Солярам, і яны вырашылі яго прыбраць, як ненадзейнага сьведку. Пасьля гэтага забойства, «истинный сын русского народа», а таксама кіраўнік РНЕ ў Кобрыне Канвішэр Леанард Зыгмундавіч вырашыў, што цяпер у арганізацыі пачаліся чысткі людзей з незразумелымі прозьвішчамі, і зьнік з поля зроку. Наогул, ідэі рускага фашызму прыцягвалі да сябе, у асноўным, крымінальны элемэнт, а таксама звычайную шпану. Некаторыя зь іх знаходзіліся ў вышуку ў памежных з Беларусяй краінах. Напрыклад, Кобус, за напад на паліцыянта ў Латвіі. Ігара Хаткоўскага шукалі ў Калініградзе. Капылоў — уцекач з той жа Латвіі. І сьпіс можна працягваць. ФЯДУТА – НАСТАЎНІК САКОВІЧА Пасьля забойства Самойлава праца арганізацыі рэзка пайшла на спад. У гэты час кіраўніком стаў выхадзец з Горадні Саковіч. Па інтэлектуальнаму ўзроўню ён непараўнальна ніжэй Самойлава. Аднак недахоп мазгоў ён замяняе накачанай мускулатурай. Крыкі й зьбіцьцё членаў арганізацыі сталася звычайнай справай. Саковіч мог асабіста расправіцца з РНЕшнікам за невыкананае даручэньне або й зусім без прычыны. Навічкам арганізацыі Саковіч адразу паведамляў: «Выхад з РНЕ адзін — наперад нагамі!». Перад парлямэнцкімі выбарамі Саковіч выходзіў на Натальлю Машэраву з прапановамі аказаць ёй дапамогу. Вынікі гэтай сустрэчы невядомыя, але адразу пасьля яе на сходзе з выбарцамі Федуце задавалі правакацыйныя пытаньні моцныя хлопцы са стрыжанымі галовамі… А неўзабаве, у пад’езьдзе свайго дому, выходзячы зь ліфту, гэты канкурэнт Натальлі Пятроўны на выбарах быў зьбіты. Цікавы факт — у свой час А. Фядута ў адной з гарадзенскіх школ быў настаўнікам таго самага Саковіча!.. Напэўна, дапамога Машэравай ня надта моцна паправіла фінансавае становішча арганізацыі, бо Саковіч вырашыў скрасьці большую частку грошай, якія перадалі з Масквы на помнік Самойлаву. Гэтыя факты ўсплылі на судзе над забойцамі Брэйнэра. Бацькі Глеба Самойлава былі ў шоку. Неўзабаве на штаб РНЕ адбываецца напад. Дзяжурны па штабу Якубяк быў зьбіты, а ўсе архівы арганізацыі й іншыя рэчы зьніклі. Пасьля гэтага выпадку сярод і так ужо нешматлікіх байцоў РНЕ, усталёўваецца атмасфэра ўсеагульнага падазрэньня. Пачынаецца рэзкі сыход людзей, спыняецца ўсялякая агітацыйная дзейнасьць. З-за недахопу сродкаў, Саковіч зноў пераяжджае ў Горадню да жонкі, дзе й знаходзіцца сёньня, зрэдку бываючы ў сталіцы. ПРЫХІЛЬНІКІ Й СПАЧУВАЮЧЫЯ У розныя часы прыхільнікамі й спачуваючымі РНЕ былі такія людзі, як адвакат Філарэта Валерый Ерчак, рэферэнт мітрапаліта Алешка, сумнавядомы Азаронак, Уладзімір Чартовіч з «Праваслаўнай ініцыятывы», праваслаўныя айцы Павал і Валерый, Галіна Рузава, якая была галоўным рэдактарам газэты «Личность», былы партызан і гісторык Адам Залескі, нябожчык генэрал Баранкевіч, Станіслаў Новікаў з рэспубліканскай пракуратуры ды іншыя. Адбываліся пэўныя кантакты з людзьмі, набліжанымі да Посахава, памочніка Лукашэнкі. Дарэчы, Посахаў быў у захапленьні ад таго, што да яго па дапамогу зьвярнуліся эрнээшнікі. Са слоў сьведак, ён выгукнуў: «РНЕ? Ведаю! Гэта ж тыя самыя хлопцы, якія баранілі «Белы дом» у 1993 годзе». Магчыма, менавіта зь яго дапамогай у Беларусі ў верасьні 1999 году была зарэгістраваная газэта «Русский порядок», якую забаранілі ў Расеі. Пасьведчаньне аб рэгістрацыі газэты, якая павінна была распаўсюджвацца ня толькі ў Беларусі, але і ў Прыбалтыцы, краінах СНД, старшыня Дзяржкамдруку Міхась Падгайны ўручыў Глебу Самойлаву. Аднак яна так і не пачала выходзіць. Верагодна, з-за недахопу ня толькі фінансаў, але й мазгоў. Усё гэта адбывалася ў той час, калі ўлады спынялі дзейнасьць беларускіх пэрыядычных выданьняў. Была зарэгістраваная грамадзкая арганізацыя «Коловрот» з фашыстоўскай сымболікай, у той час, калі ўлады змагаліся супраць беларускай нацыянальнай сымболікі. Некаторыя дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі аказвалі інфармацыйную падтрымку РНЕ (напрыклад, газэта «Семь дней», газэта «Личность» ды іншыя). А некаторыя так званыя незалежныя СМІ самыя зрабілі з РНЕ пудзіла, і больш яго прапагандавалі, чым выкрывалі (як прыклад, цэлая газэтная паласа ў «Народнай волі»). «МАСКОЎСКІЯ ГАСПАДАРЫ» Маскоўскае кіраўніцтва РНЕ ўвесь час трасе ад склокаў і скандалаў. Яно ўжо падзялілася на тры самастойныя арганізацыі й шэраг рэгіянальных. Восеньню 2000 года былыя чальцы РНЕ абвінавацілі «фюрэра» Баркашова ў раскраданьні арганізацыйных грошай, алкагалізме, а таксама ў жаніцьбе… на габрэйцы. І гэтыя людзі прэтэндуюць на расейскае місіянства й выратаваньне сьвету ад «жыда-масонства»!
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|