Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларускае прадстаўніцтва пры АБСЭ адмоўчваецца 11:07, 18/04/2002, yusnews.info
Адмысловы прадстаўнік па пытаньнях, зьвязаных з супрацоўніцтвам АБСЭ і Беларусі, Эбэрхард Хайкен паведаміў карэспандэнту «Ю.С.Ньюс». што атрымаў гэты тытул яшчэ 8 сакавіка. Больш за месяц гэтае рашэньне дзейнага старшыні АБСЭ не сьпяшаліся агучваць, бо спадзяваліся на дасягненьне кампрамісу зь беларускімі ўладамі. Аднак трываньне АБСЭ лопнула пасьля таго, як зь Беларусі фактычна выслалі часовага кіраўніка групы АБСЭ ў Менску Мішэля Рывалье. На адмысловым паседжаньні Сталай рады АБСЭ ў Вене 16 красавіка Эбэрхард Хайкен упершыню выступіў у новай якасьці, а не проста як кандыдат на пасаду кіраўніка групы.
Беларуская служба Радыё Свабода яшчэ 19 сакавіка паведамляла, што «можа зьявіцца новая пасада – адмысловага прадстаўніка па справах Беларусі». Прычым «сам факт ейнага стварэньня будзе сьведчыць аб тым, што АБСЭ разглядае Беларусь як вельмі праблемную краіну, бо звычайна адмысловыя прадстаўнікі едуць на вайну ці ў рэгіён з міжнацыянальным канфліктам».
Чым жа будзе займацца Эбэрхард Хайкен у новай ролі?
«Я ўжо пачаў праводзіць сустрэчы з амбасадарам Беларусі – афіцыйным прадстаўніком беларускага ўраду. Мы знаходзімся ў кантакце», - -сказаў «Ю.С.Ньюс» Э.Хайкен. На пытаньне, як доўга ён яшчэ гатовы праводзіць кансультацыі ў Вене, ён адказаў так: «У мяне ёсьць час. У мяне ёсьць цярпеньне».
Між тым у кулуарах венскай штаб-кватэры АБСЭ ўжо прыдумалі жартаўлівы тэрмін «Кансультатыўна-назіральная група АБСЭ ў Вене» (а не ў Менску) – бо і яе непрызначаны кіраўнік Э.Хайкен, і намесьнік кіраўніка місіі М.Рывалье знаходзяцца зараз у сталіцы Аўстрыі. Ім абодвум нават прадставілі часовыя кабінэты ў офісе АБСЭ на вуліцы Картнэрынг, побач з будынкам знакамітай Венскай оперы.
«Калі справа так далей і пойдзе, то хутка тут апынуцца ўсе супрацоўнікі КНГ» -- напалову жартам, напалову сур`ёзна кажуць супрацоўнікі венскага сакратарыяту АБСЭ.
Тым часам сталае прадстаўніцтва Беларусі пры АБСЭ адмаўляецца адказваць на адрасаваныя яму патрабаваньні патлумачыць апошнія дзеяньні афіцыйнага Менску адносна Мішэля Рывалье, хаця дадзеныя патрабаваньні прад`явіў старшыня Сталай рады АБСЭ Жоаньё дэ Ліма Пімэнтал.
Беларускае прадстаўніцтва ў Вене да гэтага часу не адказала на прысьвечаны гэтай тэме пісьмовы запыт карэспандэнта «Ю.С.Ньюс», стала акрэдытаванага пры венскай штаб-кватэры АБСЭ. Гэта яшчэ факт парушэньня Беларусяй усталяваных у АБСЭ правілаў – з журналістамі тут яшчэ ніхто так не абыходзіўся.