Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Прызначэньне Эбэргарда Хайкена не парушае міжнародных пагадненьняў 11:05, 24/04/2002
Адным з галоўных аргумэнтаў беларускіх уладаў супраць прызначэньня амбасадара Эбэргарда Хайкена прадстаўніком дзейнага старшыні АБСЭ ў Беларусі зьяўляецца тое, што рашэньне не ўзгаднялася з краінамі-удзельніцамі гэтай міжнароднай арганізацыі. У гэтай сувязі генэральны сакратар АБСЭ Ян Кубіш зрабіў адмысловую заяву. Як паведамляе Радыё Свабода, сэнс заявы наступны: дзейны старшыня АБСЭ, які прызначыў Эбэргарда Хайкена сваім адмысловым прадстаўніком у Беларусі, не парушаў міжнародных пагадненьняў. Амбасадар Хайкен атрымаў дыпляматычную рангу “адмысловага прадстаўніка”, а пагадненьне з краінамі-удзельніцамі АБСЭ дзейнаму старшыню неабходна толькі тады, калі ён прызначае не адмысловага прадстаўніка, а асабістага прадстаўніка. Менавіта так напісана ў параграфе 22 першай часткі рашэньня Гэльсынскага саміту, які прайшоў у 1992 годзе.
Што да адмысловых прадстаўнікоў, каардынатараў, дарадцаў і гэтак далей, то як патлумачыў генэральны сакратар АБСЭ, “адносна гэтага не існуе працэдуры, якая была б вызначаная краінамі-удзельніцамі. Гэтыя прызначэньні робяцца дзейным старшынём, і ён нясе асабістую адказнасьць за свае рашэньні”. Ян Кубіш падкрэсьлівае, што ў практыцы АБСЭ былі ўжо выпадкі, калі розныя дзейныя старшыні вызначалі ці прызначалі згаданыя катэгорыі міжнародных чыноўнікаў.
Між тым, летась у Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў кароткі час працаваў адмысловы прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЭ. Гэта быў намесьнік кіраўніка Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Кіма Кюлінэн. І тады беларускі бок спакойна ўспрыняў ягоны прыезд у краіну.