Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У сувязі з масавымі рэпрэсыямі супраць удзельнікаў мірнай акцыі 19 красавіка 11:09, 24/04/2002, Заява Правабарончага цэнтру “Вясна”
19 красавіка ў Менску ўладамі была забароненая і разагнаная мірная акцыя пратэсту “Так жыць нельга”, якая праходзіла пад лёзунгамі з выключна сацыяльнымі патрабаваньнямі. Больш за 100 чалавек былі затрыманыя, некаторыя грамадзяне зьбітыя супрацоўнікамі міліцыі й спэцпадразьдзелаў і патрапілі ў шпіталь. Дзеяньні прадстаўнікоў сілавых структур насілі нематывавана жорсткі характар. Міліцыя зьбівала людзей, якія сядзелі на зямлі і не аказвалі ніякага супраціўленьня. Пры гэтым актыўна выкарыстоўваліся адмысловыя сродкі, гвалт, у тым ліку ў адносінах да непаўнагадовых, жанчын, людзей сталага ўзросту.
Грубыя парушэньні правоў грамадзян былі дапушчаны падчас разгляду адміністратыўных справаў у судох Савецкага, Цэнтральнага і Партызанскага раёнаў г. Менску. Так, у выпадку пераносу разгляду справы на іншы тэрмін у сувязі зь няяўкай сьведак ці з заяўленым хадайніцтвам аб удзеле адваката, па ўказаньні судзьдзяў, супрацоўнікі міліцыі адвозілі затрыманых назад у спецпрыёмнік-разьмеркавальнік. Тым самым парушаліся іх законныя правы, у тым ліку і канстытуцыйнае права на адвакацкую абарону.
Свае дзеяньні судзьдзі й міліцыянты тлумачылі тым, што яны маюць права затрымліваць “правапарушальнікаў” “да разгляду справы судом”, што трактавалася як “да вынясеньня пастановы па справе”. Згодна з гэтай інтэрпрэтацыяй закону, час адміністратыўнага затрыманьня можа працягнуцца да 15 сутак. Мы лічым гэтую практыку незаконнай.
Мы выказваем рашучы пратэст з нагоды затрыманьня і арышту сябра й назіральніка Грамадзкага аб’яднаньня “Праваабарончы цэнтр “Вясна” Алега Жлуткі. Алег Жлутка ў адпаведнасьці са статутнымі мэтамі й задачамі аб’яднаньня ажыцьцяўляў назіраньне за правядзеньнем масавага мерапрыемства. Нягледзячы на прад’яўленьне пасьведчаньня і кепскі стан здароўя, А.Жлутка быў пратрыманы ў спэцпрыёмніку чатыры дні да суда.
Мы лічым затрыманьні і арышты ўдзельнікаў акцыі 19 красавіка палітычным пераследам грамадзянаў за іх погляды й перакананьні.
Мы патрабуем ад уладаў спыніць практыку неабгрунтаванай забароны масавых мерапрыемстваў, спыніць незаконны перасьлед іх удзельнікаў, а таксама прывесьці нацыянальнае заканадаўства, у тым ліку адміністратыўнае, ў адпаведнасьць з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, артыкулам 9 Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека, Міжнародным пактам пра грамадзянскія й палітычныя правы і іншымі актамі ў галіне правоў чалавека.