Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларускі ПЭН-цэнтар пратэстуе супарць стварэньня Лукашэнкам “літаратурных калгасаў” 11:02, 26/04/2002
«Беларускі рэжым зрабіў яшчэ адзін крок у сваёй практыцы ўціску грамадзянскіх свабодаў і парушэньня правоў чалавека. Чарговай ахвярай рэжыму сталі літаратурныя пэрыядычныя выданьні, у прыватнасьці, часопісы "Полымя", "Маладосць", "Крыніца", "Нёман", тыднёвік "Літаратура і мастацтва" - усе гэтыя выданьні загнаныя ў мэдыя-холдзінг, кіраўнікамі якога і новымі рэдактарамі названых выданьняў прызначаны адданыя ўладам асобы на чале зь "дзеячам" сумнавядомага "Славянскага сабору" С. Касьцянам, які ніколі не быў пісьменьнікам альбо прафэсійным рэдактарам літаратурных выданьняў», - гаворыцца ў заяве Рады Беларускага ПЭН-цэнтру, зь якой грамадзкае аб’яднаньне выступіла 25 красавіка.
«Тлумачэньні, што мэдыя-холдзінг створаны дзеля "акамуляцыі фінансавых сродкаў", "найбольш эфэктыўнага выкарыстаньня бюджэтных датацыяў", "аптымізацыі рэдакцыйна-выдавецкага працэсу", - цалкам крывадушныя. Зразумела, што гэты "літаратурны калгас" створаны з палітычных, а не эканамічных меркаваньняў: рэжым імкнецца выціснуць нацыянальную дэмакратычную літаратуру зь яе апошніх выспаў, якімі былі названыя выданьні, зрабіць літаратурныя часопісы сваім ідэалягічным апірышчам, ператварыць іх у свае рупары. "Аптымізацыя рэдакцыйна-выдавецкага працэсу" азначае жорсткі кантроль над літаратурным працэсам наагул, каб вызначаць яго рэчышча, ягоны накірунак. Гэта - крыж на свабоду творчасьці», - гаворыцца ў заяве Беларускага ПЭН-цэнтру.
«Але стварэнне так званага мэдыя-холдзінгу ня толькі недарэчнае - яно антызаконнае, антыканстытуцыйнае, таму што пярэчыць частцы трэцяй 33-га артыкулу Асноўнага закону Рэспублікі Беларусь, у якім сказана: "Манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай, грамадзкімі аб`яднаньнямі альбо асобнымі грамадзянамі, а таксама цэнзура не дапускаюцца". Пярэчыць стварэньне холдзінгу і чацьвёртаму артыкулу Закона аб друку, дзе запісана: "Не дапускаецца стварэньне й фінансаваньне арганізацый, устаноў, органаў ці пасад, у задачы альбо функцыі якіх уваходзіць ажыцьцяўленне цэнзуры масавай інфармацыі"», - заяўляе Беларускі ПЭН-цэнтар і рашуча асуджае гэтыя генебныя дзеяньні беларускіх уладаў і зьвяртае на іх увагу беларускай і міжнароднай супольнасьці.