Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Лукашэнка зьдзівіў літоўцаў 11:05, 29/04/2002, vesti.ru
У пятніцу Аляксандар Лукашэнка наведваў раёны Беларусі, што пацярпелі пасьля чарнобыльскай катастрофы і зрабіў сэнсацыйную заяву аб тым, што няблага было б набыць у літоўцаў Ігналінскую АЭС.
Літва сапраўды зьбіраецца закрыць сваю адзіную атамную электрастанцыю — такая адна з умоваў для прыняцьця краіны ў Эўразьвяз, дзе лічаць Ігналінскую АЭС крыніцай экалягічнай небясьпекі (магчыма, таму што там стаяць рэактары таго самага тыпу, што і чарнобыльскія – РБМК, хаця і мадэрнізаваныя). А ў Беларусі сапраўды праблемы з электраэнэргіяй, і ейны прэзыдэнт ніякай небясьпекі не баіцца. Вось ён і паведаміў аб магчымасьці набыцьця менавіта ў той дзень, калі ўвесь сьвет згадваў аб буйнейшай у гісторыі тэхнагеннай катастрофе. І менавіта на землях, пацярпелых ад гэтай катастрофы. Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліў, што ўжо разглядае некалькі варыянтаў набыцьця АЭС, якія яму прад’явілі беларускія спэцыялісты.
Ну а што мяркуемыя прадаўцы? Яны, мякка кажучы, вельмі зьдзівіліся ініцыятыве суседзяў. “Думка арыгінальная, але ня мае нічога агульнага з рэчаіснасьцю”, - заявіў міністар гаспадаркі Літвы Пятрас Чэсна. І дадаў, што ніякія афіцыйныя літоўскія асобы пытаньні аб такім каншахце зь беларусамі не абмяркоўвалі. А генэральны дырэктар Іганлінскай станцыі Віктар Шэвалдзін назваў паведамленьне зь Беларусі “першакрасавіцкім жартам”. Ніводная дзяржава ў сьвеце, паводле ягоных словаў, ніколі не прадавала АЭС іншай дзяржаве.
Але, па-першае, у пятніцу было ня 1 красавіка, а 26-е, так што Лукашэнка ўсе сказаў сур’ёзна. Па-другое, для Аляксандра Рыгоравіча тэза аб тым, што “ніводная дзяржава ніколі”, - гэта не аргумант. Так што пабачым. Бо заглушаць ІАЭС ня заўтра: першы блёк павінны спыніць да 2005 году. А другі наагул да 2009-а. Ёсьць яшчэ час для прыняцьця сьмелых гандлёва-тэхнічных рашэньняў.