Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
23 красавіка ААТ “Газпром” накіравала тэлеграму на імя прэм’ер-міністра Беларусі Генадзя Навіцкага з ультыматумам аб скарачэньні паставак газу з 1 траўня на траціну. 25 красавіка міністар энэргэтыкі Беларусі Ўладзімер Сямашка зачытаў у парлямэнце тэкст ультыматуму: “Па стану на 1 красавіка 2002 году спажыўцам Рэспублікі Беларусь “Газпром” аддаў 3,9 млрд. кубамэтраў газу на суму $118,6 млн. Аплочана газу на суму $75,74 млн., ці 63,8%. У сувязі з выкладзеным прашу вас, паважаны Генадзь Васільевіч, навесьці належны парадак з плацяжамі за газ. У адваротным выпадку “Газпром” вымушаны будзе абмежаваць пастаўкі газу ў Рэспубліку Беларусь у пэрыяд 2002 г. на 25-30%.
Лёгіка “Газпорома” зразумелая. З 1 траўня па дамоўленасьці паміж урадамі Расеі й Беларусі “Газпром” будзе адпускаць Беларусі сыравіну па коштах самага высокага пятага поясу Расеі. Гэты кошт больш нізкі за красавіцкі і складзе $21,2 за 1 тыс. кубамэтраў. Заканамерна, што “Газпром” ня мае намеру аддаваць сваю прадукцыю дарэмна, таму, перш чым збалянсаваць новыя плацяжы, кампанія-пастаўшчык патрабуе ўплаты пазыкаў.
Сёньня пазыка перад “Газпромам” цалкам складае $230 млн. Традыцыйна ў гэты пэрыяд году пазыкі за газ не пераўзыходзяць $160 млн. Як лічыць адзін з апэратараў рынку энэргазалікаў, сёлета сур’ёзна пагоршылася фінансавае становішча прамысловых прадпрыемстваў: на фоне крызы перавытворчасьці ўрад не адмяніў патрабваньне аплочваць большую частку энэрганосьбітаў грашыма. На думку нашага экспэрта, Беларусь толькі ўваходзіць у пік няплацяжоў і сапраўдная крыза яшчэ наперадзе.
У апошні час зьявіліся чуткі, што “Итера” спыняе пастаўнікі газу ў Беларусь. Паколькі гэтая кампанія гарантавала паставіць 6,2 млрд. з 17 млрд. кубамэтраў, і ў другое паўгодзьдзе ейныя пастаўкі павінны скласьці роўна палову ад усяго аб’ёму спажываньня, такая пагроза робіць становішча вельмі сур’ёзным. Зрэшты, кіраўнік прадстаўніцтва “Итеры” ў Менску Аляксандар Мазанік не пацьвердзіў гэтыя чуткі і заявіў, што газ будзе пастаўляцца ў ранейшых аб’ёмах.
Гэта першая сёлета пагроза аб скарачэньні паставак газу “Газпрома”. Як правіла, штогод “Газпром” высылала адну-дзьве тэлеграмы ў квартал. Таму ні міністар фінансаў Мікалай Корбут, ні намесьнік міністра энэргетыкі Аляксадар Сівак ня схільныя драматызаваць сытуацыю. Яны ўпэўненыя, што газавыя спэцыялісты знойдуць выхад са становішча. Дарэчы, пасьля атрыманьня тэлеграмы ад “Газпорома” топ-мэнэджэры “Белтрансгазу” працавалі да канца тыдня ў Маскве.