Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - Новости Беларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Хартыя'97
english version | форум | русская версия
навiны  |  акцыi  |  фотакронiка  |  гучныя справы  |  дакумэнты  |  падшыўка  |  праекты  


 АРХIЎ 
1998-2002

 АРХIЎ 

ПнАўСрЧцПтСбНд
1 2 3 4 5 6 7
8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21
22 23 24 25 26 27 28
2930          




 ПОШУК 

прасунуты пошук


 ПРАЕКТЫ 


УСЕ ПРАЕКТЫ
 ПАДПIСКА 

Рассылка

Content.Mail.Ru

 РЭКЛЯМА 

 РЭКЛЯМА 




 НАВIНЫ 



ДЗЕ ГРОШЫ?
11:09, 29/04/2002, Анатоль Лябедзька, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі, намесьнік старшыні ВС 13 скліканьня


Пытаньне аб другім ценявым бюджэце краіны было ўзьнятае яшчэ ў 1995-1996 гадах. Больш за тое, фракцыя “Грамадзянскае дзеяньне” у Вярхоўным Савеце 13-га скліканьня прымусіла пракуратуру правесьці расьсьледаваньні па фактах дзейнасьці “Торгэкспо” і фонду імя Эсамбаева. Выявіліся надзвычай цікавыя факты. Кіраўнік дзяржавы сваім распараджэньнем стварыў структуру, якая не плаціла падаткі, а атрыманыя грошы накіроўвала ў так званы прэзыдэнцкі фонд. І калі прыняць на ўвагу, што адзін час на “Торгэкспо” прыпадала ледзь не 25% усяго зьнешняга гандлю краіны, то можна уявіць, колькі сотняў мільёнаў даляраў не трапляла ў дзяржаўны бюджэт.

Так, яшчэ год таму ў нас быў парлямэнт, які мог уплываць на разьвіцьцё сытуацыі ў краіне, кантраляваць бюджэт. І ў нас была пракуратура, якая сачыла за дакладным выкананьнем заканадаўства. Парлямэнт пасьпелі разагнаць. На ягоных рэштках стварыць структуру, якая б добра абслугоўвала “Чырвоны дом”. Пракуратура была рэарганізаваная, вобразна кажучы, у прадпрыемства па ўтылізацыі ўсіх справаў, што блага пахнуць уладзе. Хочаце схаваць справу Ганчара-Красоўскага ў стол? Калі ласка! Хочаце сьпісаць зьнікненьне Дзімы Завадзкага на групу благіх хлопцаў? Няма праблемаў! Трэба загарнуць выкраданьне экс-міністра ўнутраных справаў Юры Захаранкі ў упакоўку зьніклага бомжа? Будзе зроблена!

У сярэдзіне 90-х гадоў чыноўнікі пры словах “ценявы бюджэт” чырванелі ад сораму і катэгарычна абвяргалі яго наяўнасьць. Тады ва ўладзе казалі шэптам і ў кулуарах. Зараз публічна і з высокай трыбуны. Пацьверджаньнем гэтага зьяўляецца і пасланьне Лукашэнкі да беларускага народу.

23 красавіка 2002 году Аляксандар Лукашэнка публічна і адкрыта прызнаўся ў зьдзяйсьненьні правапарушэньняў. Прычым зрабіў гэта ў форме дэманстратыўнага выкліка Нацыянальнаму сходу, грамадзкасьці краіны і ўсім ейным грамадзянам. Апраўдываючы набыцьцё “мэрсэдэсаў” для вэртыкальшчыкаў, ён сказаў “Ну, я что, из бюджета эти деньги взял? Да ни копейки из бюджета не взял. Где взял -- это мое дело. Я законно их взял. Я ни у кого не отобрал, не украл и себе не взял. Так и по спортивным сооружениям”.

Фатастыка! Што ні слова, то пытаньне, што ні прапанова, то артыкул. Калі мы б мелі цывілізаваную сыстэму ўлады і кіраваньня, то па факце дадзеных выказваньняў пракуратура ўжо на наступны дзень распачала б крымінальную справу.

Аляксандар Лукашэнка недвухсэнсоўна даў зразумець, што ён распараджаецца вялікімі сумамі. Аднак ён не зьбіраецца распаўсюджвацца ні наконт крыніцы капіталу, ні аб механізьме ягонага разьмеркаваньня. Трэба разумець, гэта камэрцыйная тайна. Адсутнасьць дакладнай інфармацыі пакідае месца для вэрсіяў. Дзе сёньня можна “зарабіць” ну вельмі вялікія грошы?

Дасьведчаныя людзі скажуць, што такія грошы можна атрымаць на вырошчаваньні й збыце опіюмнага маку, але ніяк не цукровых буракоў. Ці на рызыцы продажу ўзбраеньня сябрам Садама Гусэйна або паплечнікам Усамы бэн Лядэна. Але не на збыце сеялак афрыканскім земляробам. Гэта, зрэшты, вэрсіі.

Калі Лукашэнка ў стане набыць сотню “мэрсэдэсаў” ці прымаць удзел у будаўніцтве, напрыклад, ільдовага палацу, то ён чалавек заможны. Але як быць зь нядаўняй дэклярацыяй кандыдата ў прэзыдэнты Лукашэнкі Аляксандра Рыгоравіча? Згодна ёй, ён — сама сьціпласьць. Хто вырашыць гэтую супярэчнасьць? Чаму сьпіць і ня дзейнічае падаткавая служба? Падаткавы інспэктар, зьбяры падаткі – і сьпі спакойна! Чаму расейскі алігарх Абрамовіч павінен плаціць 8 мільёнаў падаходнага падатку ў бюджэт Чукоткі, а беларускі калега адкупацца словамі, што ўсё ў рамках закону.

А можа, усё насамрэч законна? Калі так, то Лукашэнка або атрымаў спадчыну, або яму пашчасьціла ў казіно, або ён сам выкапаў скарб Радзівілаў у Нясьвіжы. Але грамадзкасьці невядомыя факты наяўнасьці сваяцкіх сувязяў А.Г. з Ракфелерам, нічога не чуваць аб азартным хобі кіраўніка Беларусі.

І дазвольце не пагадзіцца з вамі, А.Г., што грошы, якія не даходзяць да дзяржаўнай казны, гэта вашая асабістая справа. Гэта нашая справа. Агульнанародная справа. І таму пад дубінкі выходзяць тысячы людзей. Таму зьнікаюць іншадумцы. Таму і ёсьць неабыякавыя. Таму і ёсьць палітвязьні. Калі гэта будзе выключна вашай справаю, Аляксандар Рыгоравіч, то ня выключана, што нашая ціхая прыватызацыя скончыцца перадачай самых смачных кавалкаў уласнасьці ў рукі аднаго кляну.

Што зьмянілася ў крыніцах фінансаваньня ўлады за гэты час? Гарэлачныя даляры замянілі танкаэўра. Шчыры міністар фінансаў М.Корбут прызнаўся, што грошай ад продажу зброі ў бюджэце няма. У нармальнай краіне адной такой заявы было б дастаткова для адстаўкі кіраўніка дзяржавы. Усе нашыя спробы падключыць праваахоўчыя органы да расьсьледваньня абставінаў выкарыстаньня грошай, атрыманых ад продажу зброі, аказаліся беспасьпяховымі. Гэта дае падставы казаць аб кругавой паруцы, якая існуе ў вышэйшай дзяржаўнай уладзе. Пракуратура адказала, што гэта ня іх пытаньне. Вось як! Дзесьці варочаюцца дзясяткі, сотні мільёнаў даляраў, хтосьці траціць іх па ўласным жаданьні, але гэта ня справа пракуратуры. А па падліках замежных экспэртаў, размова ідзе прыкладна аб мільярдзе даляраў. А як яго не хапае нашым шпіталям, дзіцячым інтэрнатам і школам! Ці не праўда, спадары міністры адукацыі і аховы здароўя? Каб ён быў у дзяржаўным бюджэце, то не пакутавалі б у чэргах за дапамогай па выжываньні дзясяткі тысячаў пэнсіянэраў. Вы ж ня будзеце абвяргаць, сп.прэм’ер-міністар?

Улада не адмаўляе, што актыўна гандлюе зброяй. “Чырвоны дом” толькі сьцьвярджае, што не прадае ўзбраеньне ў абыход санкцыяў ААН. Улада, якая вельмі актыўна дыспутуе зь міжнароднай супольнасьцю, унутры краіны адмоўчваецца. Ніхто да гэтага часу не абверг факт ухаваньня “збройных” грошай і іх незаконнага выдаткаваньня. Праўда, А.Лукашэнка паабяцаў прадстаўнікам нацсходу праінфармаваць, “якія Беларусь зможа зарабіць грошы ад зброі”. Але можаце паверыць – гэта здарыцца няхутка. У свой час на сэсіі Вярхоўнага Савету Аляксандар Рыгоравіч кляўся, як ён гэта ўмее, запэўніваў мяне, што падасьць мне ўсю інфармацыю аб дзейнасьці сумна вядомага “Торгэкспо”. Ён выканаў сваё абяцаньне дакладна так, як кампэнсаваў укладаньні насельніцтва, як прыцягнуў інвэстараў у беларускую эканоміку, як спыніў рост коштаў.

Аб’яднаная грамадзяская партыя абвінавачвае беларускія ўлады ў бескантрольным выдакаваньні грошай, атрыманых ад продажу ўзбраеньня. Дзе грошы, сп.Лукашэнка? Хто і на што іх траціць, сп.Шэйман? Чаму іх няма ў бюджэце краіны, сп.Тозік і Корбут? Гэта не пытаньні для “свабоды слова” Савіка Шустэра ад беларускай апазыцыі. Гэта пытаньні для вас, спадарства, ад грамадзянаў Рэспублікі Беларусь.

Дзе гэты злашчасны мільярд? Нават калі з гэтай сумы закупілі сто “мэрсэдэсаў” для ўхваленьня вэртыкальшчыкаў, якія найбольш праявілі сябе падчас выбарчай кампаніі. Што яшчэ? Патрацілі на зімовы адпачынак А.Г. у аўстрыйскіх Альпах, на рэканструкцыю шматлікіх урадавых рэзыдэнцыяў. На прэміі членаў ЦВК, на забесьпячэньне падслухоўваючым абсталяваньнем спэцслужбаў, на фінансаваньне незаплямленага гонару й сумленьня сілавых структараў палкоўніка Паўлічэнкі. На галасы Бабкінай і Баскіна падчас выбараў. На аплату “адвакацкіх паслуг” Генадзя Селязьнёва і Ўладзімера Жырыноўскага ў міжнародных арганізацыях. Штосьці, ня выключана, пайшло на аплату маўчаньня расейскіх тэлеканалаў у пэрыяд прэзыдэнцкай кампаніі. Дададзім аплату рахункаў на набыццьё самалёту, верталёту, аўтапарку. Але дзе астатнія сродкі?

Калі грошай няма ў бюджэце, калі іх выкарастаньне не катралюецца парлямэнтам і грамадзкасьцю краіны, то, з пункту гледжаньня права, -- гэта несумленныя грошы. Гэта грошы, скрадзеныя ў настаўніка, у пэнсіянэра, у рабочага, у вайскоўца.

Парушэньні правоў чалавека, адсутнасьць свабоды слова, манапалізацыя электронных СМІ, зьнічтажэньне апанэнтаў рэжыму, разгон парлямэнту, ліквідацыя незалежнай судовай сыстэмы - усё гэта вынік стварэньня ценявога бюджэту краіны. Скажу проста: Лукашэнка пераўтварыў грошы ў крыніцу сваёй улады. Ягоны кантроль за фінансавымі патокамі, пераўтварае грамадзян у падначаленых, а інстытуты ўлады - у дэкарацыю.

Можна сказаць, што ўсё выкладзенае — прыдумка, можна адмаўчацца. Але толькі грамадзяне-падаткаплацельшчыкі, выбаршчыкі могуць быць непрадузятымі арбітрамі. Таму я і агучваю праз “Народную волю”, чытачом якой зьяўляецца і Аляксандар Лукашэнка, наступную прапанову. На Беларускай тэлевізіі ў прамым этыры правесьці дыскусыю аб ценявым бюджэце краіны. І для гэтых дэбатаў не абавязковы ваш удзел, Аляксандар Рыгоравіч. Чалавек вы заняты. Вось і футбольны манеж трэба ўпарадкаваць для першых маразоў. Пракантраляваць, каб сярод 17 тысячаў прымацаваных да рэспубліканскага шпіталю, ня дай Бог, не праніклі нядобразычліўцы. Я мяркую, і ва ўрадзе, і ў адміністрацыі прэзыдэнта ёсьць людзі, здольныя адстойваць вашыя інтарэсы. Ня ўвесь жа час абыходзіцца мускуламі Паўлічэнкі, час камусьці і галавой рабіць.

На народ, на падаткаплацелшчыка, на праўду можна знайсьці дзьве гадзіны на тыдзень. Адсутнасьць волі і сьмеласьці правесьці такія тэледэбаты дазвольце лічыць прызнаньнем баязьлівасьці й крадзяжу.

напicаць камэнтар

 СЁНЬНЯ 



 РЭКЛЯМА 



1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org

Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая

Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org.
Экспарт навiнаў , iнформэр



Rating All.BY Rambler's Top100
реклама: