Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Сядзячую забастоўку плянуюць правесьці 60 работнікаў гарадзенскага УП “Мэдык” ля будынку ўпраўленьня прадпрыемства. Так яны маюць намер пратэставаць супраць таго, што сёлета ім ні разу ня выплацілі заробак. Сёлета 300 работнікаў “Мэдыка” атрымалі за студзень і люты толькі па мінімальнаму спажывецкаму кошыку, які складае траціну ад сярэдняга заробку на прадпрыемстве. З-за хранічных нявыплат з пачатку году звольнілася 60 чалавек. Пра гэта www.praca.by паведаміў галоўны інжынер прадпрыемства Міхаіл Бандаровіч.
Паслугі УП “Мэдык”, які абслугоўвае і рамантуе будынкі, камунікацыі і абсталяваньне ўстановаў аховы здароўя, аплочваюцца зь бюджэту. На сёньня бюджэты ўсіх узроўняў павінны “Мэдыку” больш за 280 мільёнаў рублёў. “Па паперах мы – прыбытковае прадпрыемства, -- рэзюміруе Бандаровіч. -- Але толькі па паперах”. Прадпрыемству рэгулярна адключаюць за няўплату тэлефоны і электрычнасьць.
Старшыня гарадзенскага гарвыканкаму Аляксандар Антоненка паведаміў, што ўжо некалькі апошніх гадоў пры плянаваньні бюджэту ў выдатках на ахову здароўя прадугледжаваюцца толькі заробкі й мэдыкамэнты. Паслугі “Мэдыка” аплочваліся з сумаў перавыкананьня даходнай часткі. У першым кварталі гэтага году перавыкананыя даходы былі пушчаныя на дабудоўлю новай радзільні.
Два тыдні таму Міхаіл Ешчык падаў у гарвыканкам заяўку на правядзеньне на плошчы Леніна ў пятніцу мітынгу з патрабаваньнем “Я не хачу паміраць з голаду ў цэнтры Эўропы”, аднак гарвыканкам акцыю не дазволіў. Работнікі “Мэдыка”, калі даведаліся гэта, былі гатовыя выйсьці на несанкцыянаваны мітынг, аднак, па словах Ешчыка, многія адмовіліся пратэставаць, калі пабачылі па тэлевізіі, як на мінулым тыдні міліцыя абыходзілася з удзельнікамі акцыі такога кшталту ў Менску. “Людзі наглядзеліся па тэлевізары гэтых жахлівых сцэнаў расправы і пабаяліся так выступіць, - кажа Ешчык.— Але на забастоўку гатовыя выйсьці рабочыя трох вытворчых участкаў – гэта каля 60 чалавек”.
На сёньня ўжо пяць раёнаў вобласьці адмовіліся ад паслуг УП “Мэдык” і спраўляюцца з рамонтамі ўласнымі сіламі. “Мы разьлічваем на тое, што ў выніку гэтай акцыі будзе вырашанае пытаньне ці аб фінансаваньні ці аб цывілізаванай ліквідацыі нашага прадпрыемства – з выплатай выходнай дапамогі”, -- кажа Ешчык.