Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
СПС выступае за правядзеньне парлямэнцкіх слуханьняў па зьніклых беларускіх палітыках 11:18, 29/04/2002
Лідэр фракцыі “Союз правых сил” у расейскай Дзяржаўнай Думе Барыс Нямцоў сустрэўся са сваякамі рэпрэсаваных беларускіх палітыкаў падчас аднадзённага візыту ў Менск 29 красавіка. На сустрэчы прысутнічалі маці зьніклага журналіста Зьмітра Завадзкага Вольга Рыгораўна Завадзкая, жонкі таксама зьніклых бязь вестак Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, жонка экс-прэм’ера Беларусі Юлія Чыгір, а таксама нядаўна вызвалены з турмы былы дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Андрэй Клімаў.
Падчас сустрэчы Барысу Нямцову перадалі чарговы зварот сваякоў зьніклых беларускіх апзыцыянэраў да прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі Ўладзімеру Пуціну з просьбай зьвярнуць увагу на рэпрэсіі ў Беларусі датычна апазыцыйна настроеных да ўлады людзей. Лідэр фракцыі СПС паабяцаў, што перадасьць зварот Пуціну заўтра.
Акрамя таго, Барыс Нямцоў заявіў пра намер “Союза правых сил” ініцыяваць правядзеньне слуханьняў па зьніклых беларускіх палітыках у Дзяржаўнай Думе РФ. Паводле словаў палітыка, парлямэнцкія слуханьні пройдуць сёлета або ўлетку, або восеньню. Было заяўлена таксама пра намер наладзіць сустрэчы сваякоў рэпрэсаваных беларусаў з кіраўнікамі бальшыні фракцыяў і палітычных рухаў Дзярждумы.