|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Беларусь пастаўляе зброю тэрарыстам 11:19, 29/04/2002, Марк Лэнзі, "The Wall Street Journal" (пераклад RR) Літаральна за некалькі дзён да нападу тэрарыстаў на Амэрыку 11 верасьня дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл (Colin Powell) назваў Беларусь "адзінай у Эўропе краінай-ізгоем". Гэтае акрэсьленьне застаецца нязьменным, а ягоная сапраўднасьць становіцца яшчэ больш відавочнай сёньня, калі апошні ў Эўропе бастыён аўтарытарызму Аляксандра Лукашэнкі працягвае кідаць выклік міжнароднаму праву, працягваючы забясьпечваць Ірак і іншыя краіны-ізгоі і тэрарыстычныя групоўкі высокаякаснай вайсковай тэхнікай і забясьпечваючы ім пляцдарм у Эўропе. У кантэксьце няпростай палітычнай сытуацыі на Блізкім Усходзе і ў Іраку, адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша-малодшага (George W. Bush) мае патрэбу ў распрацоўцы стратэгіі барацьбы з тым, што ўчыняе гэтая краіна-ізгой пад носам у NATO: Беларусь за мінулы год незаўважна стала пастаўшчыком сьмерцяноснай вайсковай тэхнікі для сьвету ісламскага радыкалізму. Толькі за апошні год, паводле крыніцаў выведак Усходняй Эўропы і даведніка "Jane`s Defence International", Беларусь патаемна паставіла палестынскім баевікам і краінам, якія даюць прытулак тэрарыстам, улучна з Сырыяй і Іранам, зброю на суму звыш 500 млн. даляраў ЗША, у тым ліку 120-мм мінамёты, супроцьтанкавыя ракеты, інжынэрныя міны і рэактыўныя снарады. Таемнае супрацоўніцтва з Іракам хаця і рызыкоўнае, уяўляе асаблівую цікавасьць для Лукашэнкі як крыніца атрыманьня цьвёрдай валюты . Сёлета афіцыйныя асобы ў Дзярждэпартамэнце ЗША пацьвердзілі інфармацыю пра тое, што афіцэры з ірацкіх войскаў супроцьракетнай абароны прайшлі ў Беларусі перападрыхтоўку дзеля службы пры зэнітна-ракетным комлексе С-300. Да ведама нашых чытачоў - у пэрыяд з 1 красавіка былі зробленыя тры спробы зьбіць амэрыканскія і ангельскія самалёты, якія патрулявалі забароненыя для палётаў ірацкай авіяцыі зоны (а летась такіх спробаў было 420). Прымаючы пад увагу гэты факт, супрацоўніцтва Менску і Багдаду ў галіне супроцьракетнай абароны павінна было б падштурхнуць Вашынгтон да пераацэнкі сваёй палітыкі што да неўмяшальніцтва ў справы іншых краінаў. Асабліва актуальным гэта стае цяпер, калі Садам Хусэйн (Saddam Hussein) зрабіў перадыслякацыю сваіх сродкаў супроцьпаветранай абароны ў забароненыя для палётаў ірацкай авіяцыі зоны, сьвярджаючы, што робіць гэта на знак пратэсту супроць ізраільскай вайсковай акцыі на Заходнім беразе Ярдану. Адміністрацыі Буша трэба паглядзець у вочы праўдзе і пабачыць, што беларускія танкі ды іншая зброя штодзённа пагражаюць жыцьцям амэрыканскіх і ангельскіх пілётаў, якія лётаюць у небе над Іракам. Беларуска-ірацкае супрацоўніцтва у галіне ПВА ёсьць усяго толькі часткай таемных сувязяў паміж дзьвума краінамі. Іхныя незаконныя апэрацыі задакумэнтаваныя камісіяй па інспэктаваньні ўзбраеньняў ААН і адлюстраваныя ў дакладзе, які летась у чэрвені падрыхтавалі два вельмі паважаных спэцыялісты ў рамках Вісконсінскага праекту па кантролі над ядравай зброяй (Wisconsin Project on Nuclear Arms Control). У 1995 годзе ў абыход санкцыяў ААН супроць Іраку, агентам гэтай краіны ў Беларусі былі прададзеныя спэцыялізаваныя станкі з алмазнымі працоўнымі інструмэнтамі, якія выкарыстоўваюцца ў вытворчасьці кампанэнтаў ядравай зброі. Напрыканцы 1998 году прэзыдэнт Лукашэнка зноўку патаемна парушыў санкцыі ААН, прадаўшы Багдаду абсталяваньне, у склад якога ўваходзілі прыстасаваньні, неабходныя ў вытворчасьці аптычных сыстэмаў навядзеньня для ракетаў вялікай дальнасьці, якія прызначаюцца для ўдараў па Ізраілі. Лукашэнку жорстка, як мала каго з кіраўнікоў краінаў, крытыкуе міжнародная супольнасьць. Лукашэнкам грэбуюць і не жадаюць бачыць яго на Захадзе, а ягоных нядаўніх замежных гасьцей можна праверыць па даведніку "Хто ёсьць хто ў міжнародным сьпісе дрэнных хлопцаў": Лібія, Іран, Куба, Сырыя - усё гэта дзяржавы, якія дзярждэпартамэнт ЗША называе спонсарамі тэрарызму. Што тычыцца Сырыі, сп. Лукашэнка нават не імкнецца схаваць сваю дапамогу Дамаску ў мадэрнізацыі ягоных вайсковых магчымасьцяў. "Як бы моцна нас за гэта ня ганьбілі,-- сказаў Лукашэнка - мы будзем і надалей дапамагаць Сырыі у вайсковым пляне, бо яны нам абяцаюць дапамагчы ў тым самым". Муамар Кадафі (Moammar Gadhafi) зь Лібіі, якога Вашынгтон спачатку ўлучыў у свой сьпіс найбольш небясьпечных злачынцаў пад нумарам першым, ня робіць сакрэту з таго факту, што ён лічыць Лукашэнку сваім лепшым эўрапейскім хаўрусьнікам, асабліва пасьля таго, як гэты эўрапейскі дыктатар летась наведаў Лібію. Лукашэнка апошнім часам актывізаваў дыпляматычныя сувязі і павялічвае гандаль зь Лібіяй, маючы намер прадаваць ёй зброю, каб атрымаць так неабходную для анэмічнай беларускай эканомікі цьвёрдую валюту. Беларускага лідэра мала хвалюе, што адносна Лібіі па-ранейшаму дзейнічае эмбарга ААН на пастаўкі ёй узбраеньня. Каб зразумець прыярытэты Лукашэнкі, дастаткова нагадаць, што ў першы тыдзень пасьля 11 верасьня ён адмяніў свой візыт ветлівасьці ў амэрыканскую амбасаду у Менску, каб замест гэтага накіравацца на сустрэчу з кіраўніком лібійскай вышэйшай Рады абароны. Зрэшты, Лукашэнку падабаецца ягоная роля міжнароднага ізгоя, а пагрозы санкцыяў ЗША ці Эўразьвязу ніяк яго не бянтэжаць, бо аб`ём гандлю з Захадам у Беларусі нязначны. Фактычна, санкцыі цалкам маглі б мець супрацьлеглы эфэкт, мацуючы ягонае палітычнае становішча ўнутры краіны. Праблема, што рабіць зь Беларусьсю, па-ранейшаму застаецца надзённай. Аднак пры жаданьні рашэньне гэтай праблемы адшукаць няцяжка - патрэбная толькі палітычная воля. Крэмль уплывае на Беларусь да такой ступені, што гэты ўплыў немагчыма пераацаніць: субсыдыі на пастаўкі энерганосьбітаў з Расеі - усяго толькі адна з прычынаў таго, што эканоміка Беларусі не развалілася зусім. Прэзыдэнт Пуцін ёсьць адзіным кіраўніком, якога Лукашэнка паважае, бо ў таго дастаткова ўлады і палітычных рычагоў уплыву для таго, каб скінуць беларускага лідэра. Адміністрацыя Буша павінна гэта прызнаць і выпрацаваць стратэгію дачынна Беларусі, у якой павінны адбіцца новыя стасункі Вашынгтона і Масквы. У часе маючага адбыцца візыту Буша-малодшага ў Маскву ён павінен стаць ініцыятарам канструктыўнага дыялёгу з расейскім лідэрам у гэтай праблеме і запэўніць Пуціна выкарыстаць уплыў Крамля на Лукашэнку, каб пакласьці канец тайнаму продажу беларускай зброі тэрарыстам і краінам-ізгоям. Гэта, бадай, самае важнае (і самае нявырашанае) пытаньне, дзе Масква можа дапамагчы Вашынгтону ў ягонай барацьбе супроць тэрарызму. Калі Масква адмовіцца выкарыстаць свой уплыў у гэтым выпадку, а Лукашэнка і надалей будзе працягваць партнэрства з тэрарыстычным сьветам, тады Вашынгтону варта разгледзіць усе магчымыя санкцыі, улучна з наўпроставай забаронай экпарту беларускай зброі.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|