|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
КУДЫ ІДЗЕМ? 11:18, 30/04/2002, «День» Перашапачаткова арганізатары акцыі плянавалі правесьці яе шырока, з шэсьцем ад сталічнай плошчы Якуба Коласа да плошчы Волі, дзе, згодна ідэі, павінен быў адбыцца невялікі мітынг і малітва ў памяць ахвяраў катастрофы. Аднак гэтыя пляны ніяк не супадалі з плянамі гарадзкіх уладаў, і апошнія па традыцыі адправілі дэманстрантаў на плошчу Бангалор. Праўда, усё ж такі дазволілі прайсьці да яе ад Акадэміі навук. Пад заяўкай на правядзеньне “Чарнобыльскага шляху”, пададзенай у Менгарвыканкам яшчэ 10 красавіка, паставілі свае подпісы 110 вядомых у нашай краіне палітыкаў, грамадзкіх дзеячоў і праваабаронцаў. Але акцыя паказала, што вялікая колькасьць заявіцеляў яшчэ ня сьведчыць пра высокую якасьць арганізацыі. Большасьць людзей, якія пажадалі прыняць удзел у мерапрыемстве, прыходзілі 26 красавіка да прызначанай гадзіны на плошчу ля Нацыянальнай акадэміі навук. Аднак каля паўгадзіны яны правялі ў дарэмных чаканьнях хоць якога-небудзь дзеяньня і перапытвалі адзін аднаго: “Так што зараз будзе?” і “Куды ідзем?”. Зрэшты, дакладным адказам на гэтыя пытаньні не маглі павыхваляцца і самі арганізатары. Па-першае, іх зьбівала з панталыку малая колькасьць удзельнікаў, чаго яны відавочна не чакалі. А па-другое, паколькі яны пагадзіліся з прапанаваным гарадзкімі ўладамі фарматам правядзеньня акцыі, яны справакавалі ўнутраны канфлікт. Дзьве моладзвыя арганізацыі – “Малады Фронт” і “ЗУБР” заявілі, што калі “Шлях” рушыць ў накірунку плошчы Бангалор, то ад удзелу яны адмаўляюцца. Таму з самага пачатку сярод удзельнікаў адчувалася нейкая разгубленасьць. Акцыя пачалася з запазьненьнем. Нягледзячы на моцныя з выгляду дынамікі, прамовы апазыцыйных палітыкаў на імправізаваным мітынгу перад Акадэміяй навук былі чутныя толькі вузкаму колу людзей. Гады інфармацыйнага “падпольля” не прайшлі для аратараў бясьсьледна. Калі не лічыць прачытанага зь ліста палымянага сьпічу лідэра БНФ Віцука Вячоркі, то астатанія выступоўцы выглядалі дастакова бледна і не змаглі падняць баявы дух людзей. Зрэдку натоўп спрабаваў сам сябе разагрэць выкрыкамі “Жыве Беларусь!”, але бязь нейкага запалу, які панаваў звычайна на мерапрыемствах такога кшталту. Пасьля гадзіны тусоўкі сярод удзельнікаў можна было пачуць новае і заканамернае пытаньне: “Так калі ж ідзем?”. Тым больш што народ увесь час прыбываў і да гэтага часу ўжо налічвалася каля двух тысяч чалавек, якім на невялікай пляцоўцы станавілася цесна. Нарэшце а 18.35 арганізатары акцыі згарнулі мітынг і пачылі шыхтаваць людзей у калену. Адначасова з гэтым “зубры” правялі стыхійны сход, пасьля якога заявілі, што “Зубры – вольная жывёла, мы - вольныя людзі, мы ня ходзім на Бангалор, мы ня пойдзем на балота. Таму прапануем згарнуць сьцягі “ЗУБРа” і пайсьці самастойна ўшанаваць памяць загінулых і пацярпелых ад чарнобыльскай аварыі ў цэрквах і храмах”. Усе чакалі такіх дзеяньняў і ад “маладафронтаўцаў”, але тыя сталі на чале калёны і паспрабавалі завярнуць яе ў накірунку плошчы Якуба Коласа. Не адразу удзельнікі акцыі зразумелі падман і рушылі за імі. Але асноўныя арганізатары “Шляху” - Вінцук Вячорка, Юры Хадыка і Аляксей Марачкін – у час спахапіліся і накіравалі ў патрэбны бок калёну. Моладзі нічога не заставалася, як або сыйсьці, або падпарадкавацца. І яны выбралі апошняе. Усё астаняе не прадстаўляла асаблівага інтарэсу. Дэманстранты трымалі ў руках плякаты й транспаранты з надпісамі “Свабоду палітвязьням!”, “Русыфікацыя – духоўны Чарнобыль!”, “Чарнобыль – наш боль і смутак” і мірна ішлі па праспэкце Скарыны, затым зьвярнулі на вуліцу Сурганава і дайшлі да вуліцы Куйбышава. Па традыцыі на чале калёны несьлі ікону Маці Божай Чарнобыльскай, побач зь якой ішоў сьвятар Беларускай аўтакефальнай царквы Іван Акаловіч. За ім крочылі тыя, хто нёс звон - сымбаль памяці аб усіх ахвярах чарнобыльскай катастрофы. Варта адзначыць, што міліцыя паводзіла сябе дастаткова карэктна, працавала ва ўзаемадзеяньні з арганізатарамі “Шляху” і ўсё абыйшлося бяз эксцэсаў. Хаця правакацыяў хапала. Напрыклад, сярод дэманстрантаў былі тыя, хто працаваў выключна на карцінку беларускай тэлевізіі. Так, да калёны далучыўся мужчына сярэдніх гадоў з бутэлькай піва ў руках і адзін дурным голасам пачаў раўсьці “Жыве Беларусь!” і пры гэтым прыплясваў. А на вуліцы Сурганава некалькі голавапаголеных маладых людзей схапіліся за машыну і напэўна спадзяваліся, што ім удасца справакаваць незадаволеных “маладафронтаўцаў” на больш радыкальныя дзейньні, але тыя прайшлі міма. Калёна спынілася на перакрыжаваньні вуліц Сурганава і Куйбышава. Арганізатары акцыі папярэдне прынялі рашэньне на Бангалор не ісьці. Ікону павярнулі да дэманстрантаў і на праежджай частцы сьвятар Іван Акаловіч адслужыў малабен. Пасьля гэтага была аб’яўленая хвіліна маўчаньня і праз хвілінаў пятнаццаць Вінцук Вячорка зьвярнуўся да ўдзельнікаў акцыі з просьбай разыйсьціся. Нельга сказаць, што людзі ўспрынялі гэтую просьбу з асаблівай радасьцю. Напэўна ўсе чакалі чагосьці большага. Бо такое сканчэньне вулічнага шэсьця многім нагадала нядаўнюю няўдалую акцыю сацыял-дэмакратаў. Тым не менш у камэнтарах карэспандэнту “Дня” Юры Хадыка заявіў, што вынікам задаволены: “Асноўная мэта “Чарнобыльскага шляху” – ушанаваць памяць тых, хто ахвяраваў жыцьцём і здароўем і ліквідаваў наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Гэтыя людзі зьдзейсьнілі подзьвіг і сёньняшняй акцыяй мы змаглі іх за гэта ў нейкай ступені аддзячыць”. Такога меркаваньня трымаецца і Аляксей Марачкін: “Мы правялі гэты “Чарнобыльскі шлях” годна і чарговы раз прадэманстравалі ўладам нязгоду зь іх рашэньнем адправіць нас на Бангалор. 26 красавіка – гэта сьвяты дзень, і акцыя, прысьвечаная гадавіне чарнобыльскай катастрофы праводзіцца не для таго, каб на галовы удзельнікаў наносіліся ўдары міліцэйскіх дубінак”. Між тым маладыя людзі пакідалі акцыю глыбока расчараванымі. “Ва ўмовах, калі за кратамі знаходзяцца ўдзельнікі папярэдняй акцыі “Так жыць нельга!”, калі зьдзяйсьняецца напад за нападам на абаронцаў Курапатаў, любое вулічнае мерапрыемства ператвараецца ў акцыю пратэсту, -- лічыць лідэр “Маладога Фронту” Павал Севярынец. – Гэты “Чарнобыльскі шлях” акцыяй пратэсту ніяк не назавеш, ён ня мае лягічнага завяршэньня. Да мяне падыходзіць моладзь і хорам заяўляе, што іх у чарговы раз скарысталі”. “Чарнобыльскі шлях” у чарговы раз паказаў, што апазыцыйным палітыкам час нарэшце выпрацаваць нейкую агульную стратэгію далейшых дзейньняў і пайсьці новым “шляхам”. Бо на гарызонце ўжо відаць тупік...
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|