Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
За пэрыяд, што прайшоў з апошніх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі спаў з 45 да 30,9%. Такія дадзеныя агучыў у Менску Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў па выніках красавіцкага агульнанацыянальнага апытаньня. У апытаньні ўдзел прымалі 1464 чалавек.
Нагадаем, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі адбыліся 9 верасьня 2001 году. Згодна зьвесткам Цэнтрвыбаркаму Беларусі, за абраньне Лукашэнкі кіраўніком дзяржавы прагаласавалі 75% насельніцтва краіны. Між тым, паводле зьвестак незалежнах сацыялягічных цэнтраў, яго рэальны перадвыбарчы рэйтынг складаў 45%. НІСЭПД адзначае, што сёньняшні рэйтынг ў 30,9% самы нізкі за час шматгадовых апытаньняў гэтай установы. Прычым, зьніжэньне рэйтынгу адбылося па ўсіх парамэтрах. Так, Лукашэнку давяраюць зараз толькі 32,4% апытаных, лічаць ідэалам палітыка – 26%, прагаласавалі б на гіпатэтычных выбарах прэзыдэнта “саюзу” Беларусі й Расеі – 14%. У беларускім грамадзтве ўпершыню ў большасьці апынуліся перакананыя праціўнікі дзейнага кіраўніка дзяржавы.
Дырэктар НІСЭПД Алег Манаеў пракамэнтаваў журналістам гэтыя дадзеныя і назваў “абвалам” спад рэйтынгу. Паводле ягоных словаў, ёсьць дзьве галоўныя прычыны такой тэндэнцыі. “Галоўная прычына – пагаршэньне эканамічнага становішча ў краіне й матэрыяльнага дабрабыту людзей. Пра гэта кажуць больш за 70% праціўнікаў Лукашэнкі. Звыш 60% ягоных праціўнікаў мелі справу з затрымкамі заробку й пэнсіяў, а звыш 35% сказалі, што трываць гэта ўжо немагчыма”, - заявіў прафэсар Манаеў.
Другая прычына, адзначыў ён, заключаецца “у згубе насельніцтвам Беларусі жыцьцёвых пэрспэктываў”. “Каля 60% праціўнікаў Лукашэнкі перакананыя, што для пасьпяховай кар’еры моладзі лепей ехаць у іншую краіну. Амаль столькі сама самі хацелі б гэта зрабіць. У пачатку ХХ ст. звыш 3 млн. дарослых беларусаў настолькі незадаволеныя жыцьцём у сваёй краіне, што гатовыя памяняць яе на іншую”, - падкрэсьліў дырэктар НІСЭПД прафэсар Манаеў.