Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Прадпрыемствы ня ў стане адмовіцца ад бартэру 11:08, 06/05/2002
Адной з асноўных праблемаў прамысловых прадпрыемстваў Беларусі зьяўляецца адсутнасьць зваротных сродкаў, паведаміў на сустрэчы з журналістамі ў Менску генэральны дырэктар акцыянэрнага таварыства “Белметал” Міхаіл Жалезнаў.
Як адзначыў Жалезнаў, сёньня амаль 75-80% прамысловай прадукцыі ідзе на экспарт у краіны СНД, і, у першую чаргу, у Расею. Ільготы і прэфэрэнцыі даюць магчымасьць прадпрыемствам выкарыстоўваць уласныя зваротныя сродкі, адзначае БелаПАН.
Праблема ажыцьцяўленьня ўнутрырэспубліканскіх разьлікаў пагаршаецца з кожным годам. За два апошнія гады зварот беларускіх грошай рэзка скараціўся, што, на думку генэральнага дырэктара АТ “Белметал”, і зьявілася асноўнай прычынай неплацяжоў.
“Чым горшая сытуацыя са зваротнымі сродкамі ў прадпрыемстваў, тым у горшым становішчы аказваюцца і “Белметал” і канцэрн “Белрэсурсы”, -- падкрэсьліў Жалезнаў. Нягледзячы на загады Лукашэнкі зьнізіць сёлета бартэрныя апэрацыі, на сёньня большасьць прадпрыемстваў-партнёраў “Белметалу” аддаюць перавагу разьліку ўласнай прадукцыяй.
Як лічыць кіраўнік АТ “Белметал”, бартэрная сыстэма разьлікаў зьўяляецца праблемай, якую на сёньня пакуль немагчыма вырашыць. Пераход з бартэрных апэрацыяў на грашовыя дасьць магчымасьць скараціць складскія запасы, павялічыць зваротнасьць, зьменшыць кошт прадукцыі, прызнаў Жалезнаў. Але сытуацыя, паводле ягоных словаў, сёньня склалася такая, што прадпрыемствы вымушаныя вырашаць праблемы па пастаўцы прадукцыі на бартэрнай аснове.