Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
7 траўня, у трэцію гадавіну выкраданьня экс-міністра ўнутраных справаў Беларусі Юры Захаранкі ля сьценаў беларускай амбасады ў Вільні з 12.00 да 12.30 прайшоў пікет, арганізаваны “Таварыствам беларусаў Літвы” і літоўскай праваабарончай арганізацыяй “Фонд абароны грамадзян”. Пікетоўцы пад бел-чырвона-белым сьцягам трымалі ў рукох партрэты ня толькі генэрала Захаранкі, але і іншых ахвяраў рэжыму Лукашэнкі: Генадзя Карпенкі, Віктара Ганчара, Зьмітра Завадзкага, Анатоля Красоўскага, а таксама нядаўняга палітвязьня Андрэя Клімава.
На ААТ “КІМ” 30 красавіка забаставалі два вязальныя цэхі. Прычына – нявыплата заробку за два апошнія месяцы і самазабойства адной зь вязальшчыц. Як паведамляе “БДГ”, 38-гадовая работніца вязальнага цэху, маці двух дзяцей, скончыла жыцьцё самазабойствам з-за таго, што не было чым карміць сям’ю. Рабочыя, як даведаліся, аб’явілі галадоўку. Патрабавалі выдачы заробку за два месяцы. Цэхі “прастаялі” пяць гадзінаў. Да канца працоўнага дня вязальшчыцам выдалі заробак за сакавік.
На Менскім падшыпнікавым заводзе бязьлюдна. Працуюць толькі прадстаўнікі адміністрацыі. Завод ня будзе працаваць да 15 траўня. У прастоі – 6500 чалавек, якім заплоцяць толькі дзьве трэція тарыфнай стаўкі. Стаіць завод з-за адсутнасьці зваротных сродкаў, бо беларускія прадпрыемствы не разьлічваюцца зь ім “жывымі” грашыма.
Урад Беларусі і органы ўлады на месцах павінны працаваць у “надзвычайным рэжыме” да таго часу, пакуль ня будзе забясьпечаны выхад на прагнозныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця рэспублікі. Пра гэта заявіў у аўторак на паседжаньні Рады міністраў Беларусі прэм’ер-міністар Генадзь Навіцкі.
Верагоднасьць абраньня прэзыдэнтам “Славнефти” прадстаўніка Расеі Юры Суханава ўжо не прадстаўляецца 100%-ай. Такі камэнтар АБН дала інфармаваная крыніца ва ўрадавых колах. Крыніца адзначыла, што нядаўняе прызначэньне аднаго з кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта “Славнефти” Анатоля Бараноўскага (прадстаўніка “Роснефти”) першым віцэ-прэзыдэнтам кампаніі і ўзмацненьне топ-мэнэджмэнту кампаніі прадстаўнікамі Межпромбанка даказвае неадназначнасьць вынікаў выбраў. Крыніца таксама адзначыла “невыпадковасьць учорашняй сустрэчы прэзыдэнта РФ Ўладзімера Пуціна з галавой “Роснефти” Сяргеем Багданчыкавым, дзе, у прыватнасьці, абмяркоўвалася пытаньне аб кансалідацыі актываў гэтай кампаніі.
7 траўня спаўняецца 3 гады зь дня зьнікненьня былога міністра ўнутраных справаў Беларусі генэрал-маёра міліцыі Юры Захаранкі. Захаранка быў выкрадзены недалёка ад свайго дому вечарам 7 траўня 1999 году. Сьведкі выкраданьня, якія былі знойдзеныя ня сьледчымі органамі, а грамадзкай камісіяй па пошуку зьніклага генэрала, сьцьвярджаюць, што Захаранка быў гвалтоўна зьвезены некалькімі мужчынамі. Некалькі гадоў таму Захаранка быў звольнены са сваёй пасады як той, хто не падзяляе пункт погляду прэзыдэнта і ягонага атачэньня. Экс-сілавік карыстаўся павагаю сярод сваіх калег, займаўся стварэньнем Зьвязу афіцэраў. Яго апазыцыйная дзейнасьць прадстаўляла асаблівую небясьпеку для ўладаў.
Людзі так створаныя, што ўсяму спрабуюць даць тлумачэньне. Ня выключэньне ў гэтым сэнсе нараджэньне чалавека й ягоная сьмерць. Яны натуральныя і іх можна патлумачыць. Але як патлумачыць зьнікненьне чалавека? Як сьмерць? Але было б няправільна казаць аб зьніклым ў мінулым часе. Як часовую адсутнасьць? Але, як вядома, няма нічога больш сталага за часовае... Праз некаторы час у размове пра зьніклага чалавека зьяўляецца дзеяслоў “быў”.
Упершыню рабочыя сутыкнуліся з затрымкаю заробку і наладзілі на прадпрыемстве забастоўку. Бабаруйскі скуркамбінат заўсёды працаваў стабільна і лічыўся ў горадзе адным з самых “моцных” прадпрыемстваў. І заробак тут заўсёды быў “на ўзроўні”. Так, напрыклад, сярэднемесяцовы заробак за сакавік на камбінаце склаў амаль 300 тысячаў рублёў. Адным словам, рабочыя прывыклі да добрага жыцьця. І калі з-за цяжкасьцяў са збытам прадукцыі на ім адбыўся спад рэнтабельнасьці й двухмесяцовая затрымка выплаты заробку, працоўныя вырашылі баставаць.
Міністэрства адукацыі аб’явіла пра намер істотна скараціць колькасьць настаўніцкіх кадраў. Пры гэтым ведамства спасылаецца на складаную дэмаграфічную сытуацыю ў краіне, на лішак выпускнікоў пэдагагічных навучальных установаў і на тое, што з новага навучальнага году вучні старэйшых клясаў пярэйдуць на пяцідзённы навучальны тыдзень. Акрамя таго коштам вызваленых месцаў урад мае намер павысіць заробак тым, хто захавае за сабой працоўнае месца.
Запазычанасьць па заробках ў рэспубліцы на 28 красавіка склала 27 мільярдаў, зь якіх 23 мільярда ў аграпрамысловым сэктары, паведаміў дырэктар дэпартамэнту дзяржаўнай інспэкцыі працы Міністэрства працы й сацыяльнай абароны Беларусі Іван Селядэўскі.
Індэкс спажывецкіх коштаў у краінах СНД у першым кварталі 2002 году вырас у Азэрбайджане – на 1,6%, у Армэніі – на 0,4%, у Беларусі – на 47,0%, у Грузіі – на 5,3%, у Казахстане – на 5,6%, у Кыргызстане – на 2,7%, у Малдове – на 6,0%, у Расеі – на 16,8%, у Таджыкістане – на 6,4%, на Ўкраіне – на 3,7%. Дадзеных па Туркмэністану й Узбэкістану няма.
За студзень-красавік у Беларусі зарэгістравана 434 ВІЧ-інфіцыраваных. Гэтыя дадзеныя агучыў рэспубліканскі цэнтар прафіляктыкі СНІД (РЦП СНІД). Пры гэтым за ўвесь 2001 год у Беларусі было выяўлена 578 выпадкаў заражэньня ВІЧ-інфэкцыяй.