Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - Новости Беларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Хартыя'97
english version | форум | русская версия
навiны  |  акцыi  |  фотакронiка  |  гучныя справы  |  дакумэнты  |  падшыўка  |  праекты  


 АРХIЎ 
1998-2002

 АРХIЎ 

ПнАўСрЧцПтСбНд
          1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 21 22 23
2425 26 27 28 29 30




 ПОШУК 

прасунуты пошук


 ПРАЕКТЫ 


УСЕ ПРАЕКТЫ
 ПАДПIСКА 

Рассылка

Content.Mail.Ru

 РЭКЛЯМА 

 РЭКЛЯМА 




 НАВIНЫ 



Выступление Николая Маркевича во время допроса
11:24, 24/06/2002

Высокі Суд!
Аналізуючы матэрыялы пракуратуры Гарадзенскай вобласці аб прыцягненні мяне ў якасці абвінавачваемага па частцы 2 артыкула 367 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь, не магу зразумець чаго больш у гэтых матэрыялах – непісьменнасці ці непрафесіяналізму? Абсурднасці і фантазіі? А можа злачыннай перадузятасці?


Зрэшты, давайце будзем аналізаваць разам.

У абвінавачванні, якое прад’явіла мне пракуратура Гарадзенскай вобласці, ёсць праўда. І гэтая праўда заключаецца ў тым, што я, сапраўды, Мікалай Мікалаевіч Маркевіч, што я, сапраўды, з’яўляюся галоўным рэдактарам газэты ПАГОНЯ, і што я, паводле Закона аб друку, прымаю канчатковыя рашэнні ў адносінах да вытворчасці і выпуску ўзначальваемай мной газеты. Усё! На гэтым праўда ў матэрыялах пракуратуры заканчваецца. Далей пачынаецца адсебяціна, буйная фантазія пракурораў, якая незаснаваная ні на фактах, ні на заканадаўстве Рэспублікі Беларусь. На маю думку, твор пракурораў, гэта не юрыдычны дакумент, а сачыненне на зададзеную тэму.

Вось самы пачатак тэкста пастановы следчага абласной пракуратуры Алега Кулевіча аб перадачы маёй крымінальнай справы ў суд. Паважаны юрыст першага класа з першых радкоў безапеляцыйна сцвердзіў, што я, цытую: “здзейсніў злачынства – паклёп у адносінах да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які ўтрымліваецца ў сродках масавай інфармацыі – газеце”, а таксама “ў публічна дэманструемым творы ў сетцы Інтэрнэт”. Сапраўды, артыкул 367 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь у вычарпальным пераліку таго, дзе можа ўтрымлівацца караемы законам паклёп называе таксама сродкі масавай інфармацыі і публічна дэманструемыя творы. Аднак, па першае, газэта ПАГОНЯ, яе 36 і 37 нумары, дзе надрукаваныя артыкулы, якія зацікавілі пракуратуру, у сувязі з тым, што пракуроры арыштавалі іх проста ў друкарні не былі распаўсюджаныя сярод чытачоў. У гэтым выпадку газэта ПАГОНЯ не з’яўляецца сродкам масавай інфармацыі. Тое, што канфіскавалі абласныя пракуроры, гэта свайго роду паўфабрыкат сродка масавай інфармацыі. Пры гэтым Закон Рэспублікі Беларусь “Аб друку” у сваім першым артыкуле дае такому паўфабрыкату чоткую і дакладную дэфініцыю – “прадукцыя сродку масавай інфармацыі”, пры гэтым, цытую: “пад прадукцыяй сродку масавай інфармацыі маецца на ўвазе наклад альбо частка накладу асобнага нумару перыядычна друкаванага выдання”. Сродкам масавай інфармацыі прадукцыя сродку масавай інфармацыі становіцца толькі пасля распаўсюджвання яе наступнымі спосабамі, прадугледжанымі Законам “Аб друку” ў тым жа 1-ым артыкуле, а менавіта, цытую: “продаж, падпіска, дастаўка, раздача”. Мякка кажучы, пракуроры не дачакаліся таго, каб гэтыя літары, нанесеныя друкарскай машынай на паперу, а менавіта так можна акрэсліць тое, што да часу канфіскацыі ўяўлялі сабой NN 36 і 37 газэты ПАГОНЯ, сталі ўласна сродкам масавай інфармацыі. З другога боку, я мяркую, што пракуроры, абвінаваціўшы мяне такім чынам, проста не прачыталі Закона Рэспублікі Беларусь “Аб друку”. Магчыма, абласныя пракуроры не прачыталі таксама ліста N 02-14/3508 ад 2.11.2001 года міністра інфармацыі Міхаіла Падгайнага, дзе спадар міністр праінфармаваў, што, цытую: “адказнасць за парушэнне артыкула 5 Закона “Аб друку” (а менавіта паводле гэтага артыкула не дапускаецца выкарыстанне СМІ для дзеянняў, якія караюцца ў крымінальным парадку, а таксама распаўсюджваюць інфармацыю, якая знеслаўляе гонар і годнасць кіраўнікоў дзяржавы, статус якіх вызначаецца Канстытуцыяй) наступае за распаўсюджванне прадукцыі сродку масавай інфармацыі” (ліст далучаны да матэрыялаў справы).

Па-другое, глабальная інфармацыйная сетка Інтэрнэт не ўваходзіць у пералік спосабаў караемага распаўсюджвання паклёпу ў адносінах да прэзідэнта Беларусі. У той самы час Інтэрнэт не з’яўляецца, паводле беларускага заканадаўства, сродкам масавай інфармацыі. На гэты конт адназначна выказаўся 31.10.2001 года у сваім лісце N 02-14/3474 міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Падгайны, які заявіў, што “у цяперашні час, у адпаведнасці з дзейным закандаўствам, інтэрнэт-выданні не рэгіструюцца і ў сувязі з гэтым не набываюць статус сродка масавай інфармацыі”. Па-трэцяе, словы “публічна дэманструемы твор у сетцы Інтэрнэт” – гэта не проста нонсенс, гэта звычайная непісьменнасць. Усе слоўнікі вызначаюць значэнне слова “публічны” як, цытую: “у прысутнасці публікі, адкрыты” (цытаты са слоўніка Ожагава). У якасці прыклада прыводзяцца наступныя словазлучэнні: “Публічнае выступленне, публічныя торгі (тое самае, што і аукцыён)”. Зыходзячы з гэтага разумення слова “публічны”, публічнымі творамі з’яўляюцца спектаклі, выставы, канцэрты. Што тычыцца сеткі Інтэрнэт, то творы, якія дэманструюцца ў ёй не могуць быць публічнымі па вызначэнню. Найперш таму, што тэхнічны ўваход у сетку Інтэрнэт здзяйсняецца з дапамогаю персанальнага кампутара. А гэта цалкам выключае публічнасць!

Высокі Суд! Гэтыя развагі прыведзеныя першымі не таму, што аснова маёй пазіцыі заключаецца ў тым, што прад’яўленае мне абвінавачванне з’яўляецца незаконым выключна па фармальнай прычыне. Маўляў, не паспяшаліся б спрытныя пракуроры і ўсё – можна было б судзіць Маркевіча! Нават калі б нумары 36 і 37 выйшлі б у свет, аматарам “трымаць і не пушчаць” з абласной пракуратуры ўсё роўна не было б за што зачапіцца. Няма ў маіх дзеяннях і ў дзеяннях маіх аўтараў складу злачынства ні па фармальных прыкметах, ні па сутнасці. Ні ў адным з трох інкрымінуемых мне артыкулаў, якія павінны былі з’явіцца ў ПАГОНІ, паклёпу на прэзідэнта Беларусі – няма. Няма таксама там і абвінавачвання прэзідэнта Лукашэнкі ў здзяйсненні асабліва цяжкіх злачынстваў.

Хачу пачаць з таго, што ў двух эпізодах: гэта значыць у сказе “ці ў рэшце рэшт, можа быць вартым народнай падтрымкі чалавек, які змагаецца са сваімі апанентамі, забіваючы іх” і ў адным з куплетаў верша “Абяшчал, абяшчаю, буду абяшчаць”, які гучыць так: “Абешчал народу я, што пагібнет мафія, можаце міня паздравіць, мафію рашыл вазглавіць… я” няма нават успаміну пра прэзідэнта Лукашэнку Аляксандра Рыгоравіча. У адным выпадку размова ідзе пра абстрактнага “чалавека”, у другім – паводле тэкста пра нейкага не менш абстрактнага “я”. На падставе чаго абласныя пракуроры ідэнтыфікавалі гэтыя відавочныя абстракцыі з Аляксандрам Лукашэнкам, Высокі Суд, я не ведаю. Больш таго. І самі пракуроры не абцяжарваюць сябе доказамі гэтай сваёй фантастычнай, больш таго, фантасмагарычнай здагадкі. Аднак гэтая здагадка вынаходлівых пракурораў не мае пад сабою нічога агульнага з публікацыямі газеты ПАГОНЯ. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова яшчэ раз перачытаць гэты сказ і гэты куплет – няма там ні слоў “Лукашэнка”, ні “Аляксандр Рыгоравіч”, ні “прэзідэнт”, ні “бацька”, ні “усенароднаабраны”... Больш таго, верш “Абяшчаў, абяшчаю, буду абяшчаць” – гэта мастацкі твор, гэта мастацкая літаратура, а яны, як вядома, не падпадаюць пад крымінальны кодэкс.

Што ёсць – дык гэта бездоказныя абвінавачванні пракуратуры. Ёсць сказ, які па форме з’яўляецца пытальным сказам (неважна, што тут адсутнічае сам пытальнік: структура сказа і часціца “ці” адназначна ўказваюць на пытанне).

Высокі Суд! Ва ўсіх падручніках па сінтаксісу можна прачытаць, што пытальны сказ, у адрозненне, скажам ад апавядальнага, які сапраўды апавядае пра факты і падзеі, служыць дзеля таго, каб аўтар гэтага пытальнага сказу аформіў у сінтаксічную канструкцыю сваю цікавасць да чагосьці. У энцыклапедыі “Руская мова”, якая выдадзеная пад рэдакцыяй Ф.Філіна ў Маскве, у выдавецтве “Савецкая энцыклапедыя”, у 1979 годзе пра пытальны сказ паведамляецца наступнае, цытую: “пытальны сказ – гэта сказ, з дапамогай якога той, хто гаворыць пытаецца пра што-небудзь, бо жадае атрымаць якую-небудзь пазітыўную інфармацыю, якой сам не валодае”. І далей па тексту: “пры пісьме і ў мове, пытальны сказ выконвае розныя функцыі: служыць уласна пытаннем, альбо пытаннем роздуму, падкрэслівае патрэбную думку, выказвае здагадку, з’яўляецца эмацыйным водгукам на сітуацыю ды іншае”. У нашым выпадку, пытальны сказ, аўтарам якога ёсць Павал Мажэйка, з’яўляецца разнавіднасцю рытарычнага пытання. Услухайцеся: “Ці ў рэшце рэшт, можа быць вартым народнай падтрымкі чалавек, які змагаецца са сваімі апенентамі, забіваючы іх ”. Задаўшыся гэтым пытаннем (а не паведамляючы пра нейкі факт, які нясе прыкметы паклёпу, як гэта выдумалі пракуроры) Павал у наступным сказе сам на яго і адказвае: “Не, за яго я галасаваць не буду!”. Заўважце, за “яго”, гэта значыць за “чалавека”. І пры чым тут, скажыце, Лукашэнка?

Высокі Суд! У Вашым распараджэнні знаходзіцца рукапіс артыкула “Ідзем на выбары!”, аўтарам якога з’яўляецца Павал Мажэйка. Уся структура гэтага тэксту, а не толькі інкрымінуемы сказ, сведчыць пра тое, што ў артыкуле няма паклёпу, няма паведамлення пра нейкія факты, якія знеслаўляюць гонар і годнасць Прэзідэнта, якія ўзводзяць на яго паклёп. Па сваёй форме сказ, які безпадстаўна зацікавіў пракуратуру, ёсць усяго толькі думкаю, пунктам гледжання аўтара артыкула, яго перакананнем, якія грунтуюцца на ягоным выхаванні, адукацыі, жыццёвым досведзе. Асмелюся задаць, ужо ад свайго імя, яшчэ адно рытарычнае пытанне: ці ж можна судзіць за выказванне сваіх перакананняў? Калі так, то назавіце артыкул, паводле якога будзе адбывацца суд. Я асабіста такі артыкул не ведаю. Відавочна адно, частка 2-я 367 артыкулу не мае да гэтай сітуацыі аніякага дачынення. Паводле Канстытуцыі (артыкул 33) і паводле Закона “Аб друку” (артыкул 3) Павал Мажэйка меў права на выказванне сваіх думак, поглядаў і перакананняў. Што тычыцца мяне як рэдактара, то, паводле Канстытуцыі і Закона аб друку, я папросту быў абавязаны забяспечыць выкананне гэтага права.

Усё вышэйсказанае ў поўнай меры адносіцца і да двух сказаў з артыкула Сяргея Кракасевіча. Давайце яшчэ раз прачытаем іх: “Сем гадоў праўлення Лукашэнкі прадэманстравалі, што ён проста хворы чалавек, які знішчае наш народ. Забівае сваіх апанентаў, разбурае ўсё нацыянальнае, што яшчэ засталося ў нашым грамадстве і мэтанакіравана даводзіць беларускую нацыю да вымірання”. Зноў паклёп, зноў абцяжараны абвінавачваннямі Лукашэнкі ў здзяйсненні ім такіх злачынстваў, як забойства і генацыд! Высокі Суд! Тут сказы, у адрозненні ад папярэдняга выпадку, апавядальныя, і тут напрасткі згадваецца прозвішча аднаго з кандыдатаў у прэзідэнты, дзейнага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Але і тут, як і ў папярэднім выпадку, няма ні паклёпу на Лукашэнку, ні абвінавачвання яго ў забойстве і генацыдзе. Як і ў папярэднім выпадку, размова ідзе выключна пра выказванне асабістай думкі грамадзяніна Кракасевіча, аўтара гэтай публікацыі. Падкрэсліваю, што, паводле артыкулаў 3 і 39 Закона “Аб друку”, а таксама адпаведна гарантыям Канстытуцыі, мы ўсе, а не толькі Сяргей Кракасевіч, маем права не толькі на абстрактныя – цытую – “свабоду меркаванняў, перакананняў ды іх свабоднае выяўленне”. Кожны грамадзянін, кожны аўтар, кожны журналіст, мае канкрэтнае права “выказваць свае асабістыя думкі, меркаванні, ацэнкі ў паведамленнях і матэрыялах, якія прадназначаныя для распаўсюджвання за яго подпісам”. Відавочна, што ацэнка Сяргеем Кракасевічам прэзідэнта Лукашэнкі з’яўляецца рэзка крытычнай. Аднак гэта не крымінал, няма такога артыкулу ў Крымінальным Кодэксе! Больш таго, гэтая крытычная пазіцыя выяўленая ў вельмі эмацыйнай форме, з выкарыстаннем разнастайных літаратурных прыёмаў. Я спадзяюся, што пракуратура не будзе аспрэчваць тое, што не толькі гэты ўрывак, але ўвесь артыкул скрозь пабудаваны з дапамогаю такіх літаратурна-журналістскіх прыёмаў, як метафары, гіпербалы, перабольшванні. Гэта і выраз “яркая постаць”, гэта і выказванне “прагаласаваць за Лукашэнку сёння – гэта пажадаць свайму народу смерці”. Альбо вось гэтае словазлучэнне: “беларусы жывуць ад заробку да заробку”? Няўжо ўсё гэта можна зразумець літаральна? Мне не зразумела, на якой падставе тыповая вобразная мова, мова мастацкая, стала для пракуратуры паклёпам.

Паклёп – гэта перш за ўсё паведамленне, альбо сцвярджэнне пра факт, канкрэтна пра падзею. У журналістскай практыцы факт, як правіла, заўсёды пазбаўлены прыватных характарыстык, эмацыйнай нагрузкі. Факт, калі можна так выказацца, заўсёды “голы”, незалежна ад таго з’яўляецца выказванне адносна яго даставерным, ці недаставерным, з’яўляецца яно ісцінай альбо хлуснёй. Факт таксам не можа быць лексічна аформлены праз словы альбо кантэкст, якія могуць мець шмат значэнняў. Факт, амаль заўсёды суправаджаецца ўказаннем на канкрэтныя абставіны: дзе ён адбываўся, пры якіх абставінах, калі, з кім і г.д. Пры недаказанасці гэтых паведамленняў, пры іх недаставернасці сапраўды можна гаварыць пра наяўнасць у тым ці іншым артыкуле паклёпу.

Але, як бачым, у выпадку з Кракасевічам і блізка няма чагосці падобнага. Больш таго, усё ў гэтых сказах: іх структурная пабудова, стыль, лексіка, эмацыйнасць, выкарыстанне літаратурна-мастацкіх прыёмаў, шматзначнасць выказванняў дазваляе з пэўнасцю сцвярджаць, што ў іх выказаная асабістая думка, меркаванне, пазіцыя Кракасевіча, што гэтыя выказванні па сваёй форме і накіраванасці з’яўляюцца ўсяго толькі крытыкай Аляксандра Лукашэнкі, асабістай ацэнкай дзейнасці прэзідэнта, няхай сабе выяўленай у вельмі вострай, амаль на грані фола, форме.

Сцвярджэнні ацэначнага характару - і пазітыўнага, і негатыўнага свойства - ляжаць у аснове жыццядзейнасці чалавека. Яны ўжываюцца ў паўсядзённым жыцці, у быту, у прафесійнай дзейнасці. У кожнага чалавека – індывідуальне стаўленне да свету, свой жыццёвы досвед. Перакананні чалавека немагчыма праверыць рацыянальна ў сілу абмежаванасці нашых ведаў, у сілу фізіялагічных і псіхічных асаблівасцяў кожнага індывідуума.

Такім чынам, выказванні ацэначнага характара не ахопліваюцца складам паклёпу.

З суб’ектыўнага боку паклёп мае прыкмету заведамасці. Гэта азначае, што вінаваты дакладна ведае пра тое, што факты, якія ён распаўсюджвае – хлусня. Заведамы – значыць “добра вядомы, заранёў вядомы, несумненны”. Меркаванне пра факты, якія пабудаваны на лагічных высновах, аналізе узаемаадносінаў паміж падзеямі і з’явамі, навуковых гіпотэзах, здаровым сэнсе выключае прыкмету заведамасці. Такое меркаванне павінна класіфікавацца таксама, як і выказванне думак і ацэнак.

У адрозненні ад грамадзянска-прававой абароны гонару і годнасці, у працэсе якой абавязак даказаць праўдзівасць выказванняў ускладваецца на асобу, якая іх распаўсюдзіла, у крымінальным праве і працэсе дзейнічае прэзумпцыя невінаватасці. Таму органы папярэдняга следства і пракурор павінны даказваць не проста неадпаведнасць звестак рэчаіснасці, а менавіта тое, што абвінавачваемаму было пра гэта з дакладнасцю вядома.

Пры прыняцці канчатковага рашэння ставіць гэты артыкул у газету ці не, я, зыходзячы з вышэй пералічаных момантаў, дакладна ведаў і ведаю цяпер, што ніякага паклёпу там няма. Зыходзячы з асаблівасцяў стыля Сяргея Кракасевіча, я і сёння сцвярджаю, і я ў гэтым упэўнены і перакананы, што словы, напрыклад, Лукашэнка “знішчае народ”, спадар Кракасевіч выкарыстаў не ў прамым, а ў пераносным сэнсе, а менавіта ў сэнсе “прыніжае, здзекваецца, ставіць у безвыходны стан”. Менавіта такое азначэнне дае пад нумарам 2 для слова “знішчае” (у перакладзе “унічтожает”) слоўнік Ожагава.

Тое ж самае тычыцца і выразу “забівае сваіх апанентаў” з гэтага ж артыкула. Руска-беларускі слоўнік выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя” імя Броўкі ў 1993 годзе дае ажно 6 значэнняў слова “забівае”. Прапускаючы падобны выраз, я зноў такі зыходзіў з таго, што гэты выраз выкарыстоўваецца ў дадзеным выпадку выключна ў пераносным сэнсе, гэта значыць не ў сэнсе фізічнай смерці апанентаў, а ў сэнсе іх палітычнай смерці, у сэнсе, як гэта падае названы слоўнік: “іх прыгнячэння, ашаламлення, прывядзення ў стан безнадзейнасці, бяздзейнасці і бесперспектыўнасці”.

Высокі Суд, у сваім аналізе я паспрабаваў паставіць сябе на месца пракурораў, зразумець алгарытм іх мыслення. Рыхтуючы гэты аналіз, я неаднаразова вяртаўся да атмасферы тых напружаных перадвыбарчых, без перабольшання, лёсавызначальных для ўсіх нас дзён. І мне здаецца, гартаючы шматлікія публікацыі ў беларускіх ды замежных выданнях, праглядаючы інтэрнэт-публікацыі тых дзён, я зразумеў, на чым грунтуецца пазіцыя пракуратуры пры іх упартых спробах зрабіць нас вінаватымі, зрабіць нас злачынцамі, зрабіць нас паклёпнікамі, якія не толькі паклёпнічаюць, але і абвінавачваюць прэзідэнта ў здзейсненні асабліва цяжкіх злачынстваў.

Ключ ад гэтай пазіцыі у тым, што напярэдадні выбараў толькі лянівы журналіст не напісаў пра існаванне на Беларусі так званага ”эскадрона смерці” і пра прычаснасць прэзідэнта Лукашэнкі да загадкавага знікнення ягоных палітычных апанентаў: генерала Юрыя Захаранкі, былога кіраўніка Цэнтрвыбаркама Віктара Ганчара, бізнесмена Анатоля Красоўскага, журналіста Дзмітрыя Завадскага. Вось толькі некаторыя загалоўкі ў газэтах ды інтэрнэт-выданнях таго часу: “Мы обвиняем правящий режим в убийстве, в насильственном похищении, в незаконном осуждении и содержании в тюрьме” (сайт Аб’яднанай Грамадзянскай партыі), “У него свой Гонгадзе в шкафу” (газета Наша свабода 7.04.2001 г.). Вось некаторыя характэрныя выказванні з гэтай газеты: (глядзі далучаныя раздрукоўкі.- заўвага мая. М.М.). Перад гэтым, 4 снежня 2000 г., у дайджэсце Маскоўскага Фонда Абароны галоснасці з’явіўся артыкул “Убийство Гонгадзе и Завадского. Причастность высшей власти.” У прыватнасці, там прагучала: ( глядзі далучаныя раздрукоўкі.- заўвага мая. М.М.). Вельмі характэрнай была рэакцыя самога Аляксадра Лукашэнкі на гэтыя абвінавачванні, агучаная 28.10.2000 г. падчас выступу перад кіраўніцтвам КГБ : ( глядзі далучаныя раздрукоўкі.- заўвага мая. М.М.).

Асабліва актывізаваліся СМІ , і гэта цалкам натуральна, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. 14 мая 2001 года “Белорусская газета”, напрыклад, выйшла з сэнсацыйным загалоўкам: “Лукашенко признал себя виноватым, однако допрашивать его не спешат”. А вось яшчэ аналагічныя загалоўкі: “На Лукашенко вешают мокруху” (Utro.ru 28 жніўня 2001 г.); “Белорусские убийства были законными, если подтвердится подлинность секретного указа Александра Лукашенки” (17.07. 2001 г. газета “Коммерсантъ”); “Лукашенко обвиняют в организации политических убийств” (Lenta.ru, 18 жніўня 2001 г.); 27 чэрвеня 2001 года газета “Washington Post” выйшла з наступнай цытатай: “появляются все новые доказательства, что президент Беларуси Александр Лукашенко использует убийства для сохранения личной власти”.

Кампрамат на Аляксандра Рыгоравіча, як бачым, сыпаўся з ўсіх бакоў. І не дзіўна, што ў супрацоўнікаў Гарадзенскай абласной пракуратуры склалася ўражанне, што Аляксандр Лукашенка забівае сваіх палітычных апанентаў у фізічным сэнсе. Дзіўна другое: чаму ў якасці кропкі прыкладання сваіх сілаў яны выбралі абсалютна бяскрыўдныя на агульным фоне артыкулы з газеты “ПАГОНЯ”. Дзіўна і тое, што ідучы па шляху гэтай, на мой погляд, дабрасумленнай памылкі, Гарадзенская абласная пракуратура не стала выкарыстоўваць той юрыдычны алгарытм, які вынікае з прэзумпцыі невінаватасці: маёй, Паўла Мажэйкі, Сяргея Кракасевіча. Гэты алгарытм вымагае, каб быў дадзены адназначны адказ: адпавядаюць тыя факты, што ацэньваліся ў газэце “ПАГОНЯ”, рэчаіснасці ці не. На вялікі жаль, абласная пракуратура гэтага не зрабіла. Не зрабіла гэтага і генеральная пракуратура, імя кіраўніка якой – Віктара Шэймана – звязваюць з дзейнасцю “эскадрона смерці” яшчэ больш, чым імя самога Аляксандра Лукашэнкі. У выніку тэма “эскадрона смерці” не толькі не знікла са старонак СМІ, але і умацавалася там. Чаго варты загаловак газэты “Коммерсантъ” ад 31 кастрычніка 2001 года (заўважым, ужо пасля выбараў) - “Лукашенко признался в убийстве”?

Як паведаміў сайт “Хартыі’ 97”, каментуючы нямецкаму тэлеканалу “3sat” 7 снежня 2001 года члены сям’і Захаранкі выказалі упэўненасць, што, цытую: “Лукашенка асабіста панясе адказнасць за забойства сваіх палітычных апанентаў”.

Высокі Суд. Як бачым, пункт гледжання абласной пракуратуры мае пад сабой некаторыя падставы. Але ён не мае нічога агульнага с тымі фрагментамі публікацыяў “ПАГОНІ”, якія адвольна былі патрактаваныя пракуратурай як паклёп на Лукашэнку, абцяжараны абвінавачваннем яго ў здзяйсненні забойстваў. Такая пазіцыя – гэта абсурд, прычым абсурд нічым не матываваны. Аднак яшчэ большы абсурд, гэта сцвярджэнне пра тое, што мы абвінавацілі Лукашэнку ў генацыдзе. Сёння ні для каго не сакрэт, што палітыка Лукашэнкі не з’яўляецца спрыяльнай для эканамічнага, фінансавага і нацыянальнага развіцця. Так, сапраўды насельніцтва Беларусі пры Лукашэнку зменшылася амаль на 368 тысячаў (дадзеныя газеты “Рэспубліка” № 98-99, 2002 год). Так, сапраўды, адбылося значнае зніжэнне нараджальнасці. Акрамя таго, сярэдняя працягласць жыцця ў краіне па дадзеных той жа газеты “Рэспубліка” сёння у сярэднім на дзесяць гадоў меншая, чым ў развітых краінах. Газеты ды інтэрнэт-сайты рабацяць загалоўкамі “Выміраючая нацыя” (http://www.geocities.com/nika2000by/ruch/ruch-1/rod.html.); “Мертвая зона” (http://business.dencity.com/aspotupa/russian_artic023.html.); “На Беларусі ідзе вынішчэнне прадпрымальнікаў як класу” (http://spring96.org/Bulletin/47/echo1_bel.html). Людзі, якія месяцамі не атрымліваюць заробку, не бачачы перспектывы ва ўласнай краіне, мараць аб эміграцыі, а найбольш спрытныя – прыблізна 20.000 у год паводле афіцыйнай статыстыкі (http://www.namedni.ru/print/?article=366) – і сапраўды ад’язджаюць! Сапраўды катастрафічна звузілася сфера ўжывання беларускай мовы, імкліва знікаюць беларускія школы, закрываюцца выключна беларускамоўныя газеты (кніга “Аняменне. З хронікі знішчэння беларускай мовы”. Вільня, “Gudas”, 2000). Але пры чым тут генацыд, у якім мы нібыта абвінавачваем Лукашэнку? Мы – грамадзяне Рэспублікі Беларусь – незалежна ад нацыянальнай альбо канфесійнай прыналежнасці аднолькава церпім ад бездарнай палітыкі былога старшыні саўгаса са Шклоўскага раёна. Аднак, дзякаваць Богу, у нас няма пагромаў, змяшчэння людзей у канцэнтрацыйныя лагеры, што ўключае ў сябе звычайная практыка генацыду. Слава Богу, няма ў нас прымусовай стэрылізацыі, забароны шлюбаў. Няма ў прэзідэнта Лукашэнкі, наколькі я ведаю, і такой ідэалагічнай асновы генацыда, як тэорыя расавай або нацыянальнай выключнасці... І тым не менш страшна...

... Страшна, калі ў грамадстве няма прышчэпак супраць ідыятызму і празмернай фантазіі асобных пракурораў, якія імкнуцца зарабіць за кошт гэтай фантазіі лішнюю зорачку на пагоны. Калі ў грамадстве пачынаюць гаспадарыць такія фантазёры, то чакай бяды. Я думаю, што менавіта вось такім чынам, як зроблена нашая справа, шыліся справы супраць “аргентынскіх шпіёнаў” з даваеннага Менску, знішчаліся “шкоднікі”, якія у 1937 годзе хацелі падпаліць калгаснае возера, расстрэльваліся пад курапацкімі соснамі “ворагі народа”, уся віна якіх была толькі ў тым, што жылі яны трохі лепш, чым іх суседзі.

Высокі Суд. Няма ў вершы “Абяшчал. Абяшчаю. Буду абяшчаць” Аляксандра Лукашэнкі. Ёсць так званы “лірычны герой” мастацкага твору, у якім можна пазнаваць нашага прэзідэнта, а можна і не пазнаваць, у залежнасці ад адукацыі і сумлення. Высокі Суд, у мяне стварылася ўражанне, што калі б у тым нумары, які зацікавіў пракуратуру, былі надрукаваныя нават пушкінскія радкі, дзе гаворыцца пра тое, што: “... Плешивый щеголь, враг труда, нечаянно пригретый славой, над нами царствовал тогда ...”, то сучасныя гарадзенскія пракуроры абвінавацілі б мяне ў паклёпе на прэзідэнта Лукашэнку, злучаным з абвінавачваннем яго ў тунеядстве і незаконным захопе ўлады. А на якой падставе слова “мафія”, што ў перакладзе з італьянскай абазначае – “сям’я”, юрыст першага класа Кулевіч з маўклівай згоды пракурора Літвінава, ідэнтыфікаваў са злачыннай арганізацыяй, якую чамусьці павінен узначаліць зноў такі Лукашэнка.

Як жа трэба не паважаць Лукашэнку, каб так трапаць ягонае імя, каб выстаўляць яго ў такім брыдкім і непрыстойным свеце?!

У матэрыялах справы ёсць узгадка пра эпіграф да гэтага верша. Сэнс узгадкі ў тым, што ў эпіграфе ёсць словы Лукашэнкі. Ну і што? Няўжо калі эпіграфам да гогалеўскага “Рэвізора” з’яўляецца пасловіца “На зеркало неча пенять, коли рожа крива”, то ў “Рэвізоры” абавязкова расказваецца пра цырульню на той падставе, што там таксама ёсць “зеркало”. У стэндалеўскім “Чырвоным і чорным” эпіграфам з’яўляюцца наступныя словы Дантона: “Правда. Горькая правда”. Аднак усе ведаюць, што на самой справе там адная мастацкая выдумка і героем з’яўляецца зусім не Дантон. Калі ісці следам за логікай гарадзенскіх пракурораў, то высветліца, што раман Тургенева “Новь”, які мае эпіграф “Поднимать следует новь не поверхностно скользящею сохою, но глубоко забирающим плугом”, расказвае пра агранамію и мастацтва земляробства.

Высокі Суд. Я вельмі спадзяюся, што Вы не будзеце ісці за такой логікай, такіх пракурораў.

Апошняе, пра фальшыўку з КГБ. Пра тую самую, дзе ў якасці доказу распаўсюджвання 36-га і 37-га нумароў “Пагоні” ў Інтэрнэце, Гродзенскім УКГБ прадстаўленыя раздрукоўкі з браўзера Internet Explorer. У ніжніх радках кожнай старонкі гэтай раздрукоўкі пазначаны шлях раздрукаваных файлаў. У адным выпадку гэта шлях да інфармацыі, размешчанай лакальна на цвердым дыску нейкага кампутара. У другім – у лакальнай сетцы нейкай установы, з кампутара па імені “Felix”. Няма анічога, што сведчыла б пра тое, што, прадстаўленая КГБ інфармацыя скачвалася з сеткі Інтэрнэт, альбо калі-небудзь знаходзілася ці знаходзіцца там.

Акрамя таго, хачу абвергнуць сцвярджэнне пастановы аб перадачы справы ў суд, адносна таго, што я нібыта арганізаваў распаўсюджанне матэрыялаў №36 і 37 у Інтэрнэце. Гэтага не здарылася па двум прычынам: першая - газета ў свет не выйшла, а у Інтэрнэт мы традыцыйна закачвалі ПАГОНЮ толькі пасля выхаду яе ў свет; другая – пятага верасня пракуратурай былі канфіскаваныя ўсе нашыя кампутары, мы не мелі нават тэхнічнай магчымасці дзеля выстаўлення газеты ў Інтэрнэце. Канфіскаваныя кампутары не апечатваліся, гэта дае, на мой погляд, магчымасць часовым гаспадарам кампутараў маніпуляваць інфармацыяй, размешчанай на іх цвёрдых дысках. Ні словам, ні справай я не арганізоўваў размяшчэнне гэтых нумароў у Інтэрнэце і глыбока сумняюся, што яны там былі.

Усё, што я сказаў вышэй, зводзіцца да таго, што паклёпа на прэзыдэнта у №36 і 37 нумарах ПАГОНІ няма. Ва ўсіх выпадках, якія зацікавілі пракуратуру, ёсць толькі пункты гледжання, думкі, меркаванні аўтараў. Ні я, ні аўтары ПАГОНІ ніколі не планавалі паклёпнічаць на прэзідэнта, ніколі не было ў нас такога намеру. Не было таксама і распаўсюджвання гэтых нумароў сярод чытачоў і карыстальнікаў Інтэрнэту.

17.06.2002

напicаць камэнтар

 СЁНЬНЯ 



 РЭКЛЯМА 



1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org

Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая

Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org.
Экспарт навiнаў , iнформэр



Rating All.BY Rambler's Top100
реклама: