Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Выступление Павла Можейко во время допроса 11:25, 24/06/2002
Высокі суд! Я журналіст, а не злачынца! І гэтым прынцыпам, я кіраваўся ў верасні мінулага году, калі мы рыхтавалі да друку чарговы 36-ы нумар газеты ПАГОНЯ. Гэта нумар, які павінен быў пабачыць свет напярэдадні выбараў Прэзідэнта Беларусі. У гэтым нумары, акрамя іншых матэрыялаў, я вырашыў апублікаваць артыкул, дзе выказваў сваю грамадзянскую пазіцыю ў дачыненнні да выбараў. Гэты артыкул я напісаў, калі добра памятаю, 2 верасня ў рэдакцыі газеты. Свой тэкст я назваў “Ідзем на выбары”. Ідэя напісання артыкула ў мяне ўзнікла на фоне соцен матэрыялаў на перадвыбарчую тэматыку ў беларускай і замежнай прэсе, якія публікаваліся падчас выбарчай прэзідэнцкай кампаніі.
Любыя выбары, а тым больш выбары прэзідэнта краіны, адыгрываюць істотную ролю ў жыцці любой дзяржавы. А ў перадвыбарчай барацьбе ўдзельнічае заўсёды вялікі працэнт грамадзян краіны. У Беларусі, як вы, Высокі суд, разумееце, роля мінулагодніх прэзідэнцкіх выбараў была не проста істотная, а, я б назваў, лёсавырашальная. І таму, я, як грамадзянін Беларусі, вырашыў выступіць на старонках ПАГОНІ не толькі як журналіст, але і як звычайны грамадзянін сваёй краіны, і выказаць сваю пазіцыю ў дачыненні да выбараў і расказаць якога чалавека, я, Мажэйка Павал, хацеў бы бачыць прэзідэнтам Беларусі.
Думаў і пісаў я не пра канкрэтнага кандыдата на пасаду прэзідэнта, якіх на той час было ў Беларусі – тры, а пра маё ўяўленне ідэальнага прэзідэнта Беларусі. Больш таго, практычна на самым пачатку свайго тэкста я падкрэсліў, што не бачу сярод сённяшніх кандыдатаў таго, якога б я хацеў бачыць Прэзідэнтам Беларусі. У гэтым заключалася мая пазіцыя, якую я правёў праз увесь тэкст.
Тым большым было мае здзіўленне, калі пракуратура прад’явіла мне абвінавачванне ў тым, што ў сваім артыкуле я паклёпнічаў на сённяшняга кіраўніка дзяржавы. Больш таго, паводле пракуратуры, аказалася, што гэты паклёп спалучаны з абвінавачваннем у забойстве. Высокі суд! Я хацеў бы падкрэсліць, што аніякага паклёпу і нават намёку на паклёп, тым больш абвінавачванняў у забойстве, у маім артыкуле няма. Больш таго, я законапаслухмяны грамадзянін Беларусі. Так, я не падтрымоўваю палітыку сённяшняга кіраўніка Беларусі, але я ніколі, я падкрэсліваю, ніколі не збіраўся ўзводзіць і не ўзводзіў на яго паклёп. Я выказаў свае думкі, сваю пазіцыю, права на што мне дае Канстытуцыя Беларусі і Закон аб друку. Больш таго, у тым сказе, які выклікаў увагу пракуратуры, я нават не меў на ўвазе Лукашэнку, а пісаў пра зборны вобраз чалавека, якога б я хацеў бачыць сваім прэзідэнтам. Я задаў рытарычнае пытанне, “ці ў рэшцэ рэшт, можа быць вартым народнай падтрымкі чалавек, які змагаецца са сваімі апанентамі, забіваючы іх?”.
Высокі суд! Калі б я хацеў напісаць паклёп на прэзідэнта, дык я не стаў бы выказваць сваю пазіцыю і свае думкі, задаваць рытарычнае пытанне, а напісаў бы проста – Лукашэнка забойца! Лукашэнка забівае людзей! Як бачым, Высокі суд, гэтага ў маім артыкуле няма.
І яшчэ, Высокі суд, я хацеў бы засяродзіць Вашую ўвагу на наступным. Слова “забівае” мае некалькі значэнняў, і я ў сваім артыкуле пад словамі “забівае сваіх апанентаў” меў на ўвазе не фізічнае знішчэнне людзей, а выключна і толькі палітычнае, я падкрэсліваю, палітычнае забойства, палітычную смерць. Што, падцвярджаецца, на мой погляд, усім папярэднім развіццём тэкста, дзе нават намёка няма не нейкае знішчэнне, тым больш фізічнае. Адзінае, што хацеў я сказаць гэтым рытарычным пытаннем, што, на мой погляд, чалавек, які выбівае сваіх апанентаў з палітычнага жыцця, не можа быць вартым народнай падтрымкі.
Высокі суд! Матэрыялы, якія павінны былі з’явіцца у 36-м нумары ПАГОНІ, рыхтаваліся да друку позна ўвечары 2 верасня, бо мы планавалі выйсці на 3-га верасня. Памятаю, што мы спазняліся, таму матэрыялы на граматычныя памылкі практычна не правяраліся і адразу ішлі на вёрстку. Рукапіс свайго тэкста я аддаў галоўнаму рэдактару Міколе Маркевічу. Памятаю, што ён яго не чытаў, а толькі кінуў вачыма і перадаў на друк Ірыне Салей. Далейшы лёс матэрыяла мяне, шчыра скажу, не цікавіў, бо мы цэлы дзень працавалі і я быў стомлены.
Далейшыя падзеі разгортваліся наступным чынам. 5 верасня прыблізна каля 20.00 у рэдакцыі з’явіліся супрацоўнікі пракуратуры, міліцыі, падаткавай паліцыі і г.д. Яны паведамілі, што ўзбуджана крымінальная справа па факту з’яўлення ў ПАГОНІ паклёпу на прэзідэнта Беларусі. У рэдакцыі была арыштаваныя ўся кампутарная тэхніка. Таму свой артыкул “Ідзем на выбары” я змог убачыў толькі, калі не памыляюся, 12 верасня падчас першага допыта ў пракуратуры, які вёў следчы Алег Кулевіч. Я заўважыў, што ў артыкуле ў другім абзацы адсутнічае чырвоны радок. Пра што я адразу сказаў следчаму і мае словы зафіксаваны ў пратаколе. Больш таго, я заўважыў, што ў тэксце ёсць і іншыя памылкі. Па-першае, “урэшце рэшт” у мяне напісана ў два словы, а трэба “у рэшце рэшт” – у тры словы. Па-другое, у сказе “Ці ўрэшце рэшт, можа быць вартым… забіваючы іх.” адсутнічае знак пытальніка на канцы сказа, які стаіць у мяне ў рукапісу. Дарэчы, рукапіс майго тэкста, знаходзіцца ў справе.
Высокі суд! Я хацеў бы яшчэ раз падкрэсліць. Па-першае, пры напісанні артыкула, я ніякім чынам не хацеў пакрыўдзіць Аляксандра Лукашэнку і ўзвесці паклёп на яго. Па-другое, у артыкуле я выказваў свой погляд, сваю пазіцыю ў дачыненні да прэзідэнцкіх выбараў і да ідэальнага прэзідэнта, якога я хацеў бы бачыць кіраўніком сваёй дзяржавы. І, ў выказванні, на якое звярнула ўвагу пракуратура, размова ішла зусім не пра Лукашэнку, а пра зборны вобраз ідэальнага прэзідэнта, якога я хацеў бы бачыць кіраўніком Беларусі. Я задаў рытарычнае пытанне, які чалавек варты таго, каб быць прэзідэнтам Беларусі. На маю думку, было б поўным ідыятызмам лічыць, што Лукашэнка ўласнаручна бярэ зброю і забівае сваіх апанентаў. Аднак, пракуратура чамусьці, менавіта, так і палічыла. Далей, пры напісанні выразу “забівае сваіх апанентаў”, я меў на ўвазе не фізічнае знішчэнне, як палічыла пракуратура, а толькі і выключна, палітычнае. І, апошняе, тэкст, які мне прад’явіла пракуратура, крыху адрозніваецца ад тэкста, які я напісаў уласнаручна. Віной гэтаму, я лічу, сталіся тэхнічныя прычыны. І, менавіта, яны і выклікалі пэўныя непаразуменні ў тэксце, якія пракуратура ўспрыняла за паклёп на прэзідэнта.