|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Последнее слово Павла Можейко 11:26, 24/06/2002 Я, упершыню, і даст Бог, у апошні раз, выступаю публічна з апошнім словам на падобных мерапрыемствах. Я пастараюся не гавaрыць пра юрыдычны бок справы, за мяне гэта бліскуча зрабіў мой абаронца. Я скажу пра пачуцці. Пра тое, што адчувае невінаваты чалавек, якога вось ужо 10 месяцаў трымаюць на эшафоце, пакуль некалькі чалавек выбіраюць і прымерваюць да шыі вяроўку. Не трэба быць Шэрлак Холмсам, каб зрабіць высновы: калі зоркі запальваюць, а палітычныя працэсы адбываюцца – гэта камусьці трэба… Я не ведаю, ці вядома гэта дзяржаўнаму абвінаваўцы, але кожны дзень гэтага брыдкага працэсу, кожны дзень гэтага паходу з віламі праз плячо на Слова, кожны выпад ягонай прамовы, кожная публікацыя на гэтую тэму ў беларускім і замежным друку – усё гэта проста забойча для Беларусі. І сёння я магу павіншаваць дзяржаўнага абвінаваўцу з тым, што кожнае слова ягонага выступу забівала надзею на тое, што на нас будуць глядзець, як на нармальную дэмакратычную краіну і размаўляць з намі, як са здаровым грамадствам, дзе дакладна размяжоўваецца злачынства і выказванне сваёй пазіцыі. І, ня можа гэтая сіла, назавем яе ўмоўна сілай рэакцыі (бо, што ўзяць з пракурора на працэсе – ён кар’ерны дыпламат, яму даюць паручэнне, ён яго агучвае, і тут не можа быць аніякіх асабістых прэтэнзіяў), дык вось гэтая сіла не можа не ведаць, што гэты працэс напачатку трэцяга тысячагоддзя можа азначаць толькі адно – з намі, беларусамі, нельга мець справы. Ні-ко-лі!!! І я не магу сказаць, калі мне тэлефануюць калегі з Польшчы, Германіі, Расеі, іншых краінаў і пытаюць, што ў Вас тут падурнелі, пракурор просіць рэальны тэрмін зняволення і пры гэтым усё ягонае абвінавачванне грунтуецца не на доказах, а толькі на словах “я думаю”, “мне кажется” і г.д. Гэта ж апошняе беспраўе!!! – абураюцца мае калегі. І не магу ім сказаць, што гэта не так, што мы тут проста сядзім у такой добрай кампаніі, п’ем каву і абмяркоўваем праблемы беларускай прэсы. Я магу сказаць толькі тое, што бачу і чую – ідзе палітычны працэс, і Вас, Высокі Суд, хочуць зацягнуць у гэты працэс, збіць Вас з пазіцый прафесійных доўгу, годнасці і прыстойнасці… Меў рацыю Алесь Адамовіч, калі сказаў аднойчы: “… Самае найбольшае тваё багацце – Радзіма. Таму ўсё жыццё аддай Радзіме. Кожнай сваёй думкай будзь з ёю, кожную сваю справу на карысць яе…” Дзяржаўнаму абвінаваўцы незразумела, як гэта можна любіць сваю Радзіму не спяваючы ёй салодкія оды. Любіць інакш, як гэта рабілі ў свой час на партсходах, на дэманстрацыях, як гэта, можа быць, робіцца на пяціхвілінках у пракуратуры, не ведаю… Я не навучыўся любіць сваю Радзіму з закрытымі вачыма, пакорліва схіленай галавой і стоячы ў агульнавядомай позе, у якую нас усіх старанна ставяць ужо восем год. Чалавек, журналіст, можа быць карысным сваёй Бацькаўшчыне, толькі калі здыме ружовыя акуляры і стане ясна бачыць краіну, у якой жыве, разумець яе праблемы і адкрыта гаварыць і пісаць пра гэта. Праз усё сваё свядомае жыццё я хацеў быць грамадзянінам, і хачу заставацца ім, гэта значыць, для мяне, акрамя ўсяго іншага, быць чалавекам, які карыстаецца сваім правам і выказвае свае думкі, выказвае тое, што яму баліць. Працуючы ў ПАГОНІ, і гэта не кан’юнктурны пафас, я быў грамадзянінам. Высокі Суд! Мы не злоўжывалі свабодай слова, бо немагчыма злоўжываць тым, чаго ў Беларусі не існуе. Няўжо краіна да такой ступені не давярае сваім пісьменнікам, навукоўцам, мастакам, паэтам, журналістам, якія працуюць у сваёй галіне і не здзейснілі анічога злачыннага і ганебнага, каб ставіць над імі пастухом чалавека, які не напісаў можа аніводнай кнігі, аніводнага артыкула ў газету. Ён не напісаў аніводнага артыкула, але вырашае, які з іх можна друкаваць, а які не. Ён вырашае, і гэта для мяне проста страшна, якімі словамі павінен карыстацца журналіст, каб яго, аказваецца, правільна зразумелі чытачы. Абсурд! Ён ацэньвае артыкулы сваёй меркай і вырашае, за якія словы ў артыкуле можна пазбаўляць чалавека волі, а за якія не… Памыляецца той, хто лічыць, што гэты працэс правільны – маўляў, трэба было наступіць на сваё сумленне і не паказваць у артыкулах сваёй пазіцыі, мы ж ведаем, у якой краіне жывем. Тая ўлада, якая не верыць сваім журналістам – не верыць і Вам, і Вам, і Вам, свайму народу, бо лічыць людзей, памятаеце, “радавымі інжынерамі”, якія не могуць разабрацца дзе добрае, а дзе злое, дзе словы ў пераносным сэнсе, а дзе, так, як палічыў патрэбным зразумець пракурор. І, вам, аказваецца, нельга даваць чытаць “непатрэбныя думкі”. Адкуль нам, грамадзянам гэтай краіны ведаць куды і як ідзе наша краіна – калі нам забараняюць спытаць, даведацца, абмеркаваць усё гэта?! Так я разумею гэты працэс. У Беларусі свабода слова гарантавана законамі. Аднак, свабода чалавека, які вымавіў і апублікаваў гэтае слова, не гарантавана нічым, і залежыць, я пераканаўся ў гэтым на ўласным досведзе, ад капрыза некалькіх людзей. У мяне ёсць сваё меркаванне пра многіх людзей. Правільнае яно ці не, але гэта маё меркаванне. Маё прыватнае, адноснае меркаванне. Як кожны нармальны чалавек, я маю сваё меркаванне і аб прэзідэнце. Гэта маё прыватнае, адноснае меркаванне. Што ў гэтым кепскага і злачыннага?! Высокі суд! Учора, пасля таго, як паважаны пракурор запатрабаваў мне пакаранне, давялося пачуць абурэнне многіх людзей, некаторыя з іх сёння зноў у гэтай зале – як-так, за артыкул, які і трох тысяч знакаў не налічвае – 2 гады зняволення!!! Не, Вы несправядлівы да дзяржаўнага абвінаваўцы. Артыкул тут не прычым. Артыкул гэта толькі падстава. 2 гады зняволення – гэта зусім за іншае. Гэта за тое, што мы выконвалі свой журналісцкі доўг. Гэта за тое, што ёсць яшчэ газеты ў Беларусі, якія не баяцца падымаць на сваіх старонках вострыя тэмы, гэта за тое, што ёсць яшчэ журналісты, якія гатовыя асвятляць гэтыя вострыя тэмы. Гэта за тое, што мы на секунду дазволілі сабе забыцца, што ў Беларусі яшчэ актуальныя такія словы, як подласць, беззаконне, несправядлівасць, трусасць, халуйства, цынізм, помста і палітычны сыск. 2 гады – гэта за тое, што мы не нагаварылі на сябе, не прызналі сябе вінаватымі. 2 гады – гэта за тое, што Вы ёсць. Гэта за тое, што Вы, сябры кожны дзень гэтага працэса былі тут і, магчыма, не далі пракурору сказаць і зрабіць тое, што ён сказаў і зрабіў бы, калі б Вас не было. 2 гады, Высокі Суд, гэта за тое, што мы тут, што на працягу 10 месяцаў цвёрда даказваем сваю правату і нягледзячы на две мяжы і дзесяткі дарог не з’ехалі са сваёй краіны, на што відавочна спадзяваліся тыя, хто выдумаў гэтую справу. 2 гады зняволення, Высокі Суд, гэта за тое, што дзяржаўнае абвінавачванне аказалася бяссільнае, бо заварыўшы кашу ім давялося весці справу да канца, пры гэтым топчучы закон, замяняць доказы, якіх не знайшлі, бо няма, на славесны панос. Вось за што, гэтыя 2 гады зняволення. Высокі Суд! У Вашай прысутнасці, у Вашым памяшканні, за Ваш кошт, адымаючы Ваш час, дзяржаўнае абвінавачванне спрабуе апраўдаць сябе і свае ганебныя дзеянні, і перакласці ўсю адказнасць за гэты працэс зноў жа на Вашыя плечы, Высокі Суд! Некалькі разоў, баронячы нашыя інтарэсы, абаронцы прасілі Высокі Суд апраўдаць нас. І сёння, я нават не сумняюся, што гэта быў бы адзіны прысуд, згодны з правам і сумленнем. Дзякуючы гэтаму працэсу, я добра пазнаёміўся з угалоўна-працэсуальным кодэксам, але, я ведаю таксама і судовую практыку, і сёння, у сваім апошнім слове я Вас, Высокі Суд, не прашу больш аб гэтым. Адна толькі маленькая, рэальная гісторыя. У свой час расейскі цар Аляксандр, дзіўнае супадзенне імёнаў, расейскі цар Аляксандр ІІ у размове з Анатолем Коні, які на той час быў Старшынём Пецярбуржскага Акруговага суда, і вёў працэс па забойству Верай Засуліч граданачальніка Трэпава: “Правітельства, сказаў цар, вправе ждаць ат суда і ат Вас асобых услуг”. На што Коні, гледзячы ў вочы цару адказаў: “Суд выносіць прыгаворы, а не аказвае паслугі”. Я прашу Вас, Высокі Суд, вынесці прыгавор па гэтай справе, бо пракуратура ды іншыя спецслужбы, здаецца, ужо па самыя вушы сядзяць у “асобых услугах”. Высокі Суд! У гэтай справе сваё Слова сказала і грамадства, Вы бачылі, чулі і чыталі гэта самі – і гэта Слова, Высокі Суд, на нашу карысць. Што скажа суд? Мне невядома. Я магу толькі здагадвацца, што суду вядомыя дзве рэчы, па-першае, гэта тое, што, я не вінаваты, і па-другое, аніякіх падачак, у выглядзе кампрамісаў – я не прыму. 21.06.2002
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|