|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Последнее слово Николая Маркевича 11:27, 24/06/2002 2 лістапада 1937 года ворганамі НКВД быў арыштаваны мой дзед – Маркевіч Майсей Савельевіч. Арыштаваны быў проста ў сябе ў хаце, ў глухой тады прыпяцкай вёсачцы Чэрнічы Тураўскага раёна Палескай вобласці. Збянтэжанага, не разумеючага, што адбываецца, адразу пасля арышту, яго этапіравалі ў лагер, які быў размешчаны каля станцыі Кандалакша Мурманскай вобласці. Праз пэўны час мой дзед атрымаў афіцыйныя паперы, з якіх даведаўся, што знакамітай “тройкай” ён завочна асуджаны паводле не менш знакамітага артыкула 58 Крымінальнага Кодэкса СССР - за антысавецкую агітацыю і прапаганду. У якасці рэчавага доказу вінаватасці майго дзеда ў матэрыялах справы фігуравала Біблія 1912 года выдання. Ці варта тлумачыць, што пры наяўнасці такога “неабвержнага доказу” віны дзед быў прызнаны вінаватым і атрымаў максімальны тэрмін, які быў прадугледжаны “за Біблію” – 5 гадоў?! Высокі суд! У сваёй прамове пракурор Уладзімір Рабаў паскардзіўся на тое, што ў ягонай працы ёсць цяжкасці, якія вынікаюць з адсутнасці судовай практыкі па нашай справе. Сапраўды, такая справа ў найноўшай гісторыі нашай краіны – першая. Але справы такога роду далёка не такія новыя і ўнікальныя для беларускага грамадства, як гэта ўяўляецца маладому супрацоўніку гарадзенскай абласной пракуратуры. І гісторыя майго дзеда, які быў пакараны фактычна за спробу мець уласныя думку, меркаванне і пазіцыю на сталінскі “рай ” таму яскравае падцвярджэнне. У гэтых гісторыях – маёй і майго дзеда – я знаходжу шмат падабенства. Гэта, па-першае, беспадстаўнасць абвінавачвання. Бо няма складу злачынства ў тым, што чалавек думае так альбо інакш, у тым, што ён чытае “не тыя” кнігі альбо піша “не тыя” артыкулы. Не было ніколі ў Бібліі нічога антысавецкага, таксама як няма і не можа быць ніякага паклёпу ў артыкулах, якія па сваёй форме з’яўляюцца выказваннем асабістых меркаванняў і ацэнак аўтараў публікацыяў. Што ж тады ёсць? Майго дзеда на самой справе, і пра гэта ведае кожны старажыл нашай вёскі, пакаралі не за агітацыю і прапаганду, а за тое, што не напаіў ардэнаносца. І ў маёй справе, як бачым, фігуруюць “ардэнаносцы” з гарадзенскага КГБ і абласной пракуратуры. Ну што ты зробіш? – Часы змяняюцца, а людскія норавы застаюцца. Адзін можа пакрыўдзіцца з-за самагонкі, а другі хоча проста выслужыцца, праявіць так званую ініцыятыву і пільнасць. Другое падабенства – поўная бездоказнасць і адной і другой справы. У якасці доказу злачыннай дзейнасці майго дзеда фігуравала Біблія. Паглядзіце, як супадае логіка абвінаваўцаў! У першым выпадку яна такая: раз ёсць Біблія, то яе абавязкова чытаюць. А раз чытаюць, то могуць пераказваць яе змест іншым людзям. І праз 65 гадоў: у якасці доказу пракурор Рабаў выкарыстоўвае наступнае “умозаключение”: “у іх была рэальная магчымасць выставіць матэрыялы газеты ў інтэрнэце, бо, як сказаў сведка Салей, увесь гэты працэс займае не больш 6 гадзінаў.” Брава, пракурор Рабаў! Вы дастойны нашчадак сваіх калегаў з 1937 года! Я ўважліва выслухаў вашую прамову, дзе вы абвінавачваеце мяне і Паўла Мажэйку. Спадар пракурор, там няма аніводнага факту, аніводнага доказу, якія б падцвярджашлі вашую і вашых калегаў хворую фантазію адносна таго, што я нібыта парушыў частку другую артыкула 367 крымінальнага Кодэксу нашай дзяржавы. Вашыя беспадстаўныя выдумкі адносна маёй вінаватасці, як паказала ваша прамова, грунтуюцца выключна на вашых думках, меркаваннях, здагадках. І гэта ўсё, заўважце, занатаванае і будзе захоўвацца ў матэрыялах справы. Ці не стануць гэтыя матэрыялы, спадар пракурор, калі-небудзь асновай для вашага абвінавачвання – Вашага і Вашых калегаў – у фальсіфікацыі матэрыялаў крымінальнай справы? У 1937 годзе падобная беспадстаўнаць і бяздоказнасць сталі падставай для пакарання майго дзеда, які нягледзечы на катаванні не прызнаў сваёй віны. Ці змяніліся часы і норавы ў суддзяў? Ці перасталі яны класці ў аснову прыгавораў сацыялістычную законнасць і рэвалюцыйную мэтазгоднасць замест фактаў, доказаў і юрыдычнай абгрунтаваннасці? У хуткім часе мы даведаемся пра гэта з Вашага прыгавора, паважаная Таццяна Віктараўна! Я ж хачу вярнуцца да лёсу майго дзеда – аднаго з тых дзесяткаў мільёнаў нявінаватых людзей, якія былі знішчаныя Сталіным, дзеля задавальнення сваіх хворых амбіцыяў і здзяйснення сваіх антычалавечых планаў. У 1990 годзе майго дзеда рэабілітавалі. Я бачыў той лісточак, паперы, на якіх змясціўся увесь пяцігадовы шлях майго дзеда па пакутах. Аказваецца, Маркевіч Майсей Савельевіч яшчэ ў красавіку 1942 года памёр “от острой сердечной недостаточности”. І далей такія ж стандартныя, паўтораныя ў мільёнах дакументаў словы: “обстоятельства смерти неизвестны, место захоронения - неизвестно”. Для нашай сям’і, Высокі суд, арышт майго дзеда стаўся сапраўднай трагедыяй. Без мужа засталася жонка. Без кармільца засталіся чацвёра дзяцей, у тым ліку і мой бацька. А самае галоўнае – усе яны перайшлі ў другі статус – сталі дзецьмі “ворага народа”. Многія чулі, што гэта такое. На практыцы гэта азначала адно: татальнае прыніжэнне і адсутнасць усялякай перспектывы. Усе яны ратуючыся ад несправядлівага кляйма вымушаныя былі ў пошуках лепшай долі пакінуць Радзіму. Вярнуўся толькі мой бацька. Магілы іншых - на чужыне. Развалілася вялікая сям’я, не склаліся лёсы... Вось Вы, паважаны спадар пракурор, на мой пункт гледжання абсалютна цынічна праігнаравалі Канстытуцыю, Закон, абставіны гэтай справы і прапанавалі Высокаму суду адправіць мяне на два з паловай гады ў турму. Я не ведаю, чым Вы кіраваліся, даючы сваю згоду на ўдзел у гэтай, без перабольшвання, бруднай справе і актыўна ў ёй удзельнічаючы. Адназначна, і я як чалавек з досьведам гэта бачу, Вы самі не верылі ў тое, што гаварылі. Магчыма, Вы думалі пра сваіх дзетак, калі яны ў Вас ёсць, пра тое, каб забяспечыць іхны добры лёс сваёй удалай прафесійнай кар’ерай. Калі гэта так, то чаму Вы, спадар пракурор, не падумалі, адпраўляючы на турэмныя нары чалавека, віна якога больш чым сумніўная, пра лёс маіх дзетак? А іх жа ў мяне трое, з іх двое непаўнагадовыя. Чаму вы не падумалі пра тое, хто будзе іх карміць, калі я буду сядзець у турме? Няўжо вашыя дзеці нечым лепшыя, чым мае? Некалі знаёмячыся са справай аб рэабілітацыі майго дзеда, нягледзечы на трагізм ягонага лёсу, я разумеў, што гэты лёс і гэтая рэабілітацыя, гэта свайго роду гарантыя ад таго, што падобныя трагедыі больш не паўторацца. Цяпер я разумею, што я памыляўся. І гэты суд – таму падцвярджэнне. Зноў, як і тады ў грамадстве пануе страх, па тэлевізары штодня выкрываюць “ворагаў” і “шкоднікаў”, якія перашкаджаюць народу жыць багата і шчасліва, зноў пачалі знікаць невядома куды людзі, пакуль, праўда не так масава, як у 1937 годзе. Ізноў на першых старонках усіх газетаў амаль той самы вусаты твар, які павучае земляробаў як сеяць, навукоўцаў як выкладаць, хакеістаў як гуляць... Ізноў пачаліся судовыя працэсы, адзінае лагічнае тлумачэнне і мэта якіх – застрашэнне грамадства, ператварэнне яго ў статак маўклівых рабоў, у якіх не павінна быць нават права голасу. Высокі суд, я спадзяюся, што вы разумееце ўсю сімвалічнасць, знакавасць і значэнне гэтага працэсу для ўсяго беларускага грамадства ў цэлым, а не толькі для мяне і Паўла. Ад Вашага рашэння, ад Вашага прыгавора будзе залежаць, якога колеру святло будзе запаленае на светлафоры, што вызначае кірунак руху Беларусі ў будучыню. Якім будзе дэвіз гэтага руху: “у будучыню – назад!” ці “наперад – у будучыню!”? Ад вашага прыгавору залежыць: будзе падняты ці будзе апушчаны шлагбаўм на шляху нашага народа да цывілізаванасці, цярпімасці, павагі правоў чалавека? Узбуджальнікі і натхняльнікі гэтага працэса таксама разглядаюць яго як свайго роду лакмусавую паперку. З’есць грамадства гэты абсурд, праглыне яно моўчкі суд над натуральным правам кожнага з нас крытыкаваць уладу, выказваць свае адносіны да гэтай улады? Альбо будзе пратэставаць, пакажа, што за гэтыя 65 гадоў, якія мінулі з 1937 года мы атрымалі прышчэпку супраць беззаконня гвалту і вераломства? Сёння яны толькі прыглядваюцца да нас, адзін за адным пускаючы пробныя шары, і прыглядаюцца да таго, як мы рэагуем на іхныя захады па вяртанні краіны назад у СССР. Сёння яшчэ не 1937 год. Аднак, калі грамадства праспіць небяспеку, не заўважыць, што спрытныя пракуроры цягнуць яго назад у канцлагер, назад у гулаг, то... Апетыт, як вядома, прыходзіць падчас яды. А ўсё новае, паважаны спадар пракурор, гэта добра забытае старое. Высокі суд, ёсць і яшчэ адзін аспект у той праблеме, якую нам падкінулі аматары “трымаць і не пушчаць” з гарадзенскага КГБ і з гарадзенскай пракуратуры. І гэты аспект - міжнародны. Сёння, у адрозненне ад 1937 года, няма, дзякаваць Богу, жалезнай заслоны. Сёння, ў адрозненне ад тых змрочных часоў, мы маем Дэкларацыю правоў чалавека, дзе побач з іншымі ўшанавана і ўганаравана таксама і права на свабоду слова і свабоду перакананняў. Высокі суд! Я прашу вас звярнуць вашую ўвагу на адну істотную акалічнасць, якая вынікае з вышэйузгаданых абставінаў. І гэтая акалічнасць заключаецца ў тым, што на баку гарадзенскай абласной пракуратуры і гарадзенскага КГБ ёсць толькі два гэтыя суб’екты. Па-просту кажучы, ініцыятары гэтай высмактанай з пальца справы засталіся ў адзіноце. Увесь цывілізаваны свет – на нашым баку. Напрыклад, прэзідэнт Чэскай Рэспублікі Вацлаў Гавэл з нагоды гэтага суда заклікаў “да неадкладнага заканчэння крымінальнага пераследу журналістаў газеты ПАГОНЯ”, статс-сакратар канцылярыі прэзідэнта Польшчы, рэагуючы на нашую справу заявіў, “што свабодны голас грамадскай думкі, выяўлены праз СМІ – у тым ліку незалежныя і апазыцыйныя да ўлады – не павінен абмяжоўвацца ні ў якай краіне”. Гэты працэс выклікаў рэзкае абурэнне міністэрстваў замежных справаў Літвы і Швецыі. Сотні маральных аўтарытэтаў нашай планеты, ад пазіцыі якіх залежыць тое, якім будзе імідж нашай краіны на міжнароднай арэне, запатрабавалі ад беларускіх уладаў неадкладнага спынення гэтай ганебнай для цывілізаваных людзей справы. Так што, Высокі суд, пазіцыі вызначаныя. І рашэнне за Вамі: станеце Вы на бок закона, маралі, цывілізацыі, дабра і справядлівасці, ці салідарызуецеся з цемрашаламі абласнога ўзроўню. У 1937 годзе суддзі, на бяду для майго дзеда, выбралі апошняе. І тады, і сёння ўзбуджальнікі падобных працэсаў абгрунтоўваюць свой выбар інтарэсамі народа, “важдзя”, альбо “бацькі”. Калі браць наш канкрэтны выпадак, то, я спадзяюся, Высокі Суд і без мяне ўжо зразумеў, што бацькі гэтага спектакля абсурда пра кіраўніка дзяржавы Лукашэнка думалі ў апошнюю чаргу. Таму і атрымалася, што гэты самы Лукашэнка ад дзейнасці такіх “радетелей” нічога, акрамя свайго палітычнага і маральнага прыніжэння не атрымаў. Гаворачы гэта, я маю на ўвазе ўжо не толькі міжнародную рэакцыю. Я спадзяюся, вы ў курсе, Высокі Суд, як ставіцца да гэтага працэсу абсалютная большасць людзей нашага грамадства, якое ацэньвае яго ў катэгорыях справядліва – не справядліва. Дык вось, грамадская думка і грамадская сімпатыя адназначна на нашым баку. І на шматлікіх кухнях, і ў грамадскім транспарце, і тут, на прыступках суда Ленінскага раёну г.Гродна людзі, абмяркоўваючы наш працэс, скланяюць не столькі імёны пракурораў, колькі імя Аляксандра Лукашэнкі, імя якога – о, парадокс! – пракуроры нібыта хацелі абараніць. Як і ў 1937 годзе, спускавы курок рэпрэсіяў націскаюць раўнівыя аматары дагадзіць. І тады, і цяпер, уладаю “балуются”, не разумеючы, што з гэтага атрымліваецца ўрэшце рэшт. Гэта яны, адзін аднаго абганяючы ў ініцыятывах, не прыпыняюцца ні перад чым, пастаўляючы “вінаватых” у пражорлівае жэрла ада. Сёння няма трацкістаў, вельмі мала замежных шпіёнаў. Але ёсць журналісты ПАГОНІ Маркевіч і Мажэйка, якія хочуць пакрыўдзіць прэзыдэнта, скрасці ягоныя гонар і годнасць. Хочуць прынізіць прэзыдэнта, хаця на самой справе ён высокі. Больш таго, паглядзіце – яны ўжо яго прынізілі... Увесь трагізм гэтай сітуацыі ў тым, што зразумець усё гэта можа толькі адзін чалавек у Беларусі – сам Лукашэнка. Аднак ён - далёка, падобных “дробязяў” не заўважае. І снежны ком абсурда, скінуты абаронцамі “бацькі”, паступова вырастае да пагражальных памераў... То тут, то там узбуджаюцца справы, разганяюцца дэманстрацыі, перапісваецца гісторыя... Аднак, на мой погляд, нашыя беды павялічваюцца не таму, што ёсць незгодныя з Лукашэнкам, а з-за дыспрапорцыі, якая сёння назіраецца ў нашых кіраўнікоў і ў нашых пракурораў паміж узроўнем іх разумення сітуацыі і ўзроўнем іх паўнамоцтваў. І гэта, на вялікі жаль, не залежыць ад таго, з’явіўся той ці іншы артыкул у ПАГОНІ, ці не з’явіўся. Аднак вернемся да шматлікіх чутак пра загадкавыя знікненні палітычных апанентаў Лукашэнкі. У дзяржаве ўзнік Бярмудскі трохкутнік, дзе бяз следу зніклі Ганчар, Захаранка, Красоўскі і Завадскі. Натуральна, што людзі хочуць разгадаць гэтую загадку. Выказваюцца версіі. І вельмі кепска, што ў прэзыдэнта няма адказу на гэтую загадку, гэтыя пытанні, гэтыя версіі. Дык хто ж у гэтым вінаваты? Ясна адно – не Маркевіч і не Мажэйка! Высокі Суд! У сваёй працы я, і ўвесь калектыў ПАГОНІ, кіраваўся выключна Законам “Аб друку” і правамі, якія прадставіла мне Канстытуцыя. І няма маёй віны ў тым, што недзе ў КГБ, альбо ў пракуратуры ёсць людзі, якія ўпарта не хочуць разумець і прызнаваць галоўныя гарантыі нашага Асноўнага Закона. Напрацягу гэтага працэса толькі сляпы мог не заўважыць, што гэтая справа шытая белымі ніткамі. Усе два тамы гэтай справы сведчаць пра нашую з Паўлам невінаватасць. Пра тое, што нас па-просту прызначылі вінаватымі. Узнікае пытанне: чаму ж, не маючы ніякіх доказаў нашай віны пракуратура так настойліва спрабуе давесці справу да майго зняволення? Адну з версіяў – жаданне асобных дзеячоў атрымаць лішнюю зорачку на пагоны і ўдзячнасць ад самога Аляксандра Рыгоравіча, я ўжо выказаў. Мае права на існаванне і яшчэ адна версія. Яна заключаецца ў тым, што ў пагоні за гэтымі зорачкамі гродзенская абласная пракуратура наламала дроваў. У гэтым азарце замест таго, каб ставіць на месца сапраўдных парушальнікаў закона, яна сама стала пераступаць закон. Я хачу нагадаць толькі некалькі момантаў. Намеснік пракурора вобласці Уладзімір Аніська ўзбудзіў гэтую крымінальную справу па факту паклёпа на прэзыдэнта ў газеце ПАГОНЯ раней, чым выйшла сама газета. Насуперак артыкулам 25 і 48 Закона “Аб друку” было здзейснена ўмяшальніцтва ў дзейнасць рэдакцыі, незаконна канфіскаваныя наклады двух нумароў. Яны парушылі ахоўваемыя гэтым Законам правы журналістаў, стварылі непераадольныя перашкоды легальнай дзейнасці рэдакцыі – арыштавалі рахунак, паперу і кампутары. Больш таго, яшчэ адзін намеснік пракурора вобласці спадар Труцько ініцыяваў закрыццё газеты ў Вышэйшым гаспадарчым судзе. На маю думку – з мэтаю скрыць папярэднія злачынствы, якія пракуратура папярэдне ўчыніла супраць ПАГОНІ. Пастаўленая задача была, на першы погляд, бліскуча выкананая. І не дзіва, столькі падтасовак і фальсіфікацыяў было ўжыта пракуратурай! Аднак неўзабаве высветлілася, што газету закрылі за дзеянні, якія караюцца ў крымінальным парадку. А гэтага пакарання якраз і не было. Адсюль і з’явілася гэтая справа. Вас, Высокі Суд, прапаноўваюць паставіць апошнюю кропку ў доўгай аповесці злачынстваў абласных пракурораў супраць ПАГОНІ і яе журналістаў. Асабіста мне гэтая справа нагадвае сітуацыю, калі падчас хмельнага застольля адзін з удзельнікаў шматліай кампаніі неасцярожна забівае суседа-кампаньёна. А пасля, апанаваны жывёльным страхам, то прымусам, то просьбай, агітуе кожнага ўваткнуць нож ва ўжо халодны труп. Дзеля кругавой парукі. Дзеля таго, каб не данеслі, не здрадзілі. Дзеля таго, каб не несці адказнасці за ўчыненае. Высокі Суд! Вы паглядзіце, якая вялікая кампанія тых, хто ці па сваёй слабасці, ці з-за спагады альбо страху перад пракуратурай забіваў і знішчаў ПАГОНЮ. Высокі Суд, паглядзіце, сёння ўжо не раз акрываўлены клінок пракуратура імкнецца ўкласці і ў Вашыя рукі. Не паддавайцеся на правакацыю. Не ідзіце на паваду ў людзей, якія хочуць загрэбсці жар Вашымі рукамі, не станавіцеся саўдзельніцай гэтага жудаснага злачынства супраць свабоды слова. Вы маеце ўсе падставы і ўсе паўнамоцтвы спыніць гэтую ганебную справу, апраўдаўшы невінаватых людзей, людзей, якіх абылгала пракуратура. Гэтым вы дакажаце, што высокае слова Закон у нашай краіне не пусты гук. Гэтым вы пакажаце ўсяму цывілізаванаму свету, што беларусы - гэта цывілізаваны народ, а з Беларуссю можна і трэба мець справу без небяспекі згубіць тут беспадстаўна свае грошы, маёмасць і добрае імя. Дзякуй за ўвагу! 21.06.2002
|