Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Беларусі ідзе актыўны працэс састарэньня насельніцтва 11:14, 01/10/2002
1 кастрычніка ў Беларусі адзначаецца Дзень сталага чалавека. Як паведаміў галоўны пазаштатны герыятар Міністэрства аховы здароўя Беларусі Ўладзімер Сыты, апошнім часам у Беларусі ідзе актыўны працэс састарэньня насельніцтва. Так, сёньня ў краіне пражывае больш за 2,1 мільёны чалавек ва ўзросьце 60 гадоў і старэй. Узрост кожнага чацьвертага сталага чалавека Беларусі пераўзыходзіць 75 гадоў. Акрамя таго, адзначыў спэцыяліст, у краіне павялічваецца колькасьць адзінокіх сталых людзей, а таксама тых, хто пакутуе на хранічныя захворваньні. Паводле ягоных словаў, за апошнія пяць гадоў колькасьць зваротаў сталых людзей за мэдычнай дапамогай вырасла на 6-10 адсоткаў. Гэты рост адбываецца за кошт хваробаў сыстэмы крывазвароту, нэрвовай сыстэмы, новаўтварэньняў й псыхічных разладаў. Апошнім часам шпіталізацыя хворых сталага ўзросту амаль у тры разы пераўзыходзіць аналягічны паказчык для людзей сярэдняга ўзросту. Так, сталыя пацыенты складаюць 40 адсоткаў ад агульнай колькасьці шпіталізаваных.
Тым не менш, як адзначыў начальнік аддзелу мэдычнай экспэртызы, рэабілітацыі й санаторна-курортнага лячэньня Міністэрства аховы здароўя Беларусі Аляксей Курбак, герыятрычная служба ў Беларусі пасьпяхова разьвіваецца: ва ўсіх абласьцях і ў Менску сёньня працуюць пазаштатныя герыятры, а пры тэрытарыяльных мэдычных аб’яднаньнях адчыняюцца герыятрычныя габінэты. У краіне працуюць чатыры шпіталі для інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны, дзе штогод лечыцца каля 30 тысяч пацыентаў. У шпіталях абсталяваныя 1.684 камфортных палаты, дзе за 2001 год лячэньне атрымалі больш за 40 тысячаў ветэранаў. У стацыянарах рознага ўзроўню 2.559 мэдыка-сацыяльных месцаў, на якіх за першую палову года атрымалі дагляд і лячэньне 7.795 асоб старэй за 60 гадоў.