Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Заява ўраду ЗША з прычыны суда над Віктарам Івашкевічам 11:24, 01/10/2002
Злучаныя Штаты Амэрыкі далучаюцца да заяваў Эўразьвязу й Прадстаўніка АБСЭ па свабодзе сродкаў масавай інфармацыі, якія асуджаюць прызнаньне вінаватым галоўнага рэдактара беларускай газэты “Рабочы” Віктара Івашкевіча й вынесены яму прысуд. Віктар Івашкевіч, абвінавачаны ў абразе гонару й годнасьці беларускага лідэра Аляксандра Лукашэнкі, на закрытым для мясцовых і міжнародных назіральнікаў працэсе 16 верасьня быў асуджаны на два гады папраўчых прац.
Злучаныя Штаты разглядаюць гэтыя дзеяньні як прызнак цяглага пагаршэньня сытуацыі са свабодай прэсы ў Беларусі. Справа Івашкевіча была наступнай пасьля прысуду, вынесенага 24 чэрвеня журналістам гарадзенскай газэты “Пагоня” Мікалаю Маркевічу й Паўлу Мажэйку. Мы заклікаем урад Беларусі адмяніць гэтыя абвінавачаньні й прысуды.
Злучаныя Штаты далучаюцца да Старшыні АБСЭ па свабодзе сродкаў масавай інфармацыі Фрэймуту Дувэ і заклікаюць да неадкладнага спыненьня беларускімі ўладамі палітыкі крымінальнага перасьледу й застрашэньня незалежных журналістаў і адмены несправядлівых законаў аб паклёпе. Беларусі варта трымацца сваіх абавязацельстваў у галіне свабоды слова і свабоды сродкаў масавай інфармацыі, якія яна ўзяла на сябе як краіна-удзельнік АБСЭ.
Беларусь павінна вярнуцца на шлях палітычнай лібэралізацыі й захаваньня правоў чалавека, калі яна імкнецца палепшыць стасункі зь міжнароднай супольнасьцю і пакласьці канец самаізаляцыі.
Распаўсюджана амбасадай ЗША ў Беларусі 1 кастрычніка 2002 году.