Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Рада Міжпарлямэнцкага Зьвязу, якая сабралася 27 верасьня ў Жэневе, разгледзіла цяперашняе становішча ў Беларусі, пры гэтым значнаю ўвагу надзяліла пытаньню палітвязьняў і бязь вестак зьніклых апазыцыянэраў.
Беларускі сэнат адкрыў восеньскую сэсію паказальна. Першай справай “савету рэспублікі” як па намазаным (за – 46, супраць – 2) прайшоў закон, праект якога ўжо пасьпеў разьбярэдзіць немалую частку веруючай публікі, да і ня толькі. Любога, хто думае незалежна й разумна, плюшчаць тыя вялікія вушы, што відаць з новага варыянту закону “Аб свабодзе вераспавяданьня й рэлігійных арганізацыях”. У ім бессаромна падымаецца на шчыт РПЦ, - і мякка (а месцамі і ня вельмі мякка) адсоўваюцца на пэрыферыю (калі не ў падполье) іншыя канфэсіі.
Расея пры перамовах па ўступленьні ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю “не заўсёды гатовая ўлічваць інтарэсы Беларусі”. Такую думку ў інтэрвію "Интерфаксу" выказаў начальнік аддзелу сусьветнай гандлёвай арганізацыі дэпартамэнту каардынацыі замежнаэканамічнай дзейнасьці Міністэрства замежных справаў Беларусі Антон Кудасаў.
Дэлегацыя Ісламскай рэспублікі Іран на чале зь міністрам гандлю гэтай краіны Махамадам Шарыятмадары прыбыла ў сераду ў Менск з афіцыйным візытам. Як перадае "Медиафакт", візыт іранскай дэлегацыі прадоўжыцца да 5 кастрычніка. Дэлегацыя будзе прымаць удзел у працы 5-га пасяджэньня беларуска-іранскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве.
Стан ваеннага і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва паміж Беларусяй і Расеяй, а таксама пэрспэктывы ўзаемадзеяньня ў гэтых галінах былі ў цэнтры ўвагі падчас візыту ў Беларусь старшыні Камітэту Расеі па ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве з замежнымі дзяржавамі (КВТС), намесьніка міністра абароны Расеі Міхаіла Дзьмітрыева. Пра гэта "Интерфаксу" паведамілі крыніцы ў абароным ведамстве Беларусі ў сераду.
Сёньня да сьценаў “парлямэнту” выйшаў адміністратар царквы “Новае жыцьцё” Васіль Юрэвіч. У руках ён трымаў транспарант з надпісамі пратэсту супраць адыёзнага законапраекту “Аб свабодзе сумленьня й рэлігійных арганізацыях”, які сёньня разглядаўся ў “савеце рэспублікі”. Праз паўгадзіны вернік быў затрыманы міліцыяй і адвезены ў Маскоўскі раённы суд, дзе атрымаў папярэджаньне. Сам Юрэвіч так пракамэнтаваў гэтае здарэньне: “Гэты закон – ганьба для нашай дзяржавы. Яго прыняцьце адкрывае дарогу беззаконству, таму я выйшаў на плошчу, каб выказаць свой пратэст супраць яго падтрымкі”. Закон, нагадаем, усё ж такі быў падтрыманы абсалютнай большасьцю галасоў.
Упраўленьнем Дэпартаменту фінансавых расьследаваньяў па Берасьцейскай вобласьці распачатая крымінальная справа па выніках праверкі дзейнасьці АА “Беларускі патрыятычны саюз моладзі” і яго камэрцыйных структур. У поле зроку фінансавай міліцыі трапіў Стадольнік - дырэктар ЗАТ НВП “Экспэрт”, а таксама адзін з былых босаў Берасьцейскага рэгіянальнага аддзяленьня БПСМ, чыё прозьвішча пакуль не агучваецца.
Затрымка заробку – рэч, у прынцыпе, недапушчальная. У Клімавіцкім раёне яе, аднак, затрымліваюць на заводзе маталавырабаў, у многіх калгасах. Завод металавырабаў зьвязаўся зь неплацежаздольнымі спажыўцамі. Сельскагаспадарчым прадпрыемствам вінен лікёра-гарэлачны завод, заводу, у сваю чаргу, таксама усе вінны...Прычыны нібыта і сур’ёзныя, але толькі простым людзям, якія месяцы не атрымоўваюць заробак, ад гэтага не лягчэй.
Насельніцтва зь нецярпеньнем чакае пачатку ацяпляльнага сэзону -- вельмі ўжо на вуліцы і дома стала холадна. Але для тых беларусаў, якія жывуць на вельмі сьціплыя заробкі й пэнсіі, пацяпленьне ў кватэры будзе азначаць і дадатковыя выдаткі – камунальныя паслугі становяцца ўсё даражэй, у той час як заробкі не растуць.
Прэзыдыюм Гарадзенскага абкаму прафсаюзу работнікаў культуры зьвярнуўся да прэм’ер-міністра РБ Генадзя Навіцкага зь лістом аб павышэньні заробку тым, хто працуе ў сфэры культуры. Заробак тут застаецца пакуль адным з самых нізкіх. У якасьці прыкладу ў лісьце згаданы памер заробку, які атрымоўваюць асобныя катэгорыі спэцыялістаў. Напрыклад, навуковы супрацоўнік музэю (бяз стажу й катэгарыйнасьці) мае аклад 63375 рублёў, мастак-рэстаўратар вышэйшай катэгорыі – 59280 рублёў, відэатэхнік першай катэгорыі – 39585 рублёў, бібліятэкар першай катэгрыі – 55380 рублёў. Аўтары ліста спадзяюцца на канкрэтны адказ на свой зварот ад кіраўніка ўраду.
Нафтаправодныя кампаніі Беларусі, Украіны, Венгрыі, Славакіі й Харватыі, сумесна з ААТ “АК “Транснефть”, якая прымае ўдзел у праекце інтэграцыі нафтапровадаў “Дружба” і “Адрыя”, парафіравалі адпаведнае пагадненьне аб транзыце нафты. Як паведамляе прэсавая служба “Транснефти”, чакаецца, што да канца 2002г. будзе падпісанае міжурадавае пагадненьне паміж краінамі-удзельніцамі гэтага праекту. Нагадаем, што праект, ініцыятарам якога зьяўляецца АК “Транснефть”, прадугледжвае стварэньне новага экспартнага маршрута транспарту вуглевадароднай сыравіны з Расеі і, магчыма, краін СНД на сусьветныя рынкі, уключна паўночнаамэрыканскі, праз харвацкі глыбакаводны порт Амішаль.
Рэзалюцыя Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы па Беларусі была прынятая 27 верасьня. З 57 дэпутатаў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, што прымалі ўдзел у галасаваньні паводле праекта Рэзалюцыі, 56 выказаліся за яго прыняцьце і адзін – устрымаўся. ПАРЭ так і не прыняла рашэньне аб аднаўленьні права Беларусі зноў атрымаць статус “адмыслова запрошанага”, якога яна пазбавілася ў студзені 1997 году. Дэпутаты ПАРЭ жорстка асудзілі перасьлед у краіне апанентаў улады, парушэньне правоў чалавека й дэмакратычных свабод. Чытайце тэкст рэзалюцыі цалкам.
Шматпакутная рэзалюцыя ПАРЭ па Беларусі нарэшце прынятая. Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы адзінадушна (пры адным – устрыманым) прызнала, што пры сёньняшняй сытуацыі ў краіне наогул немагчыма весьці размову аб прыняцьці Беларусі ў Раду Эўропы. Магчыма, калі-небудзь – пры поўным разгуле дэмакратыі, вядома – бюро асамблеі вернецца да пытаньня аб аднаўленьні статуса адмыслова запрошанай. Але, мяркуючы па жорсткасьці ўмоваў, гэта здарыцца ўжо не пры цяперашнім кіраўніцтве краіны.
Каля 150 тысяч гандляроў рынкаў з усёй Беларусі пачалі 1 кастрычніка забастоўку. Яны заяўляюць, што больш ня будуць выплочваць падаткі. Вядома, што ў выніку гэтага рашэння прадпрымальнікаў у гэтым месяцы ў казну ня трапіла каля 12 мільёнаў даляраў падаткаў (усяго ў месяц беларускія прадпрымальнікі выплочваюць каля 20 мільёнаў даляраў). Большасьць беларускіх рынкаў у аўторак былі зачыненыя. Найбольш масава ў забастоўцы ўдзельнічаюць прадпрымальнікі Гарадзенскай і Берасьцейскай абласьцей. У Менску ў асноўным спынена праца на рынках “Дынама”, “Чэрвенскі”, “Трактар”, выставах-кірмашах “Паркінг”, “Палац спорту”, “Купалаўскі”, “Алімп” і іншых. Вечарам 1 кастрычніка ў Менску, на плошчы Бангалор, прадстаўнікі Аб’яднанай рады прадпрымальнікаў правялі санкцыянаваны мітынг. Нягледзячы на моцны дождж, у акцыі прымала ўдзел каля паўтары тысячы чалавек.
2 кастрычніка на першым пасяджэньні восеньскай сэсіі “савету рэспублікі” будзе абмяркоўвацца законапраект “Аб свабодзе сумленьня й рэлігійных арганізацыях”, які быў прыняты 27 чэрвеня ў другім чытаньні “палатай прадстаўнікоў”.
Пачынаецца чарговы судовы працэс над незалежнай газэтай. 2 кастрычніка суд Кастрычніцкага раёну Менску распачынае разгляд зыску старэйшага сьледчага па асабліва важных справах пракуратуры рэспублікі В.Цераховіча да рэдакцыі "Белорусской деловой газеты" і да журналісткі Ірыны Макавецкай аб абароне гонару, годнасьці й дзелавой рэпутацыі.
Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька й ягоны намесьнік Яраслаў Раманчук у панядзелак вечарам былі падвергнутыя рупліваму дагляду ў менскім аэрапорце. Кіраўнікі АГП вярталіся з сэсіі ПАРЭ ў Стразбургу і 4-ай канфэрэнцыі правацэнтрысцкіх партыяў у Празе. Працэдура дагляду асабістых рэчаў цягнулася больш за гадзіну. Супрацоўнікі мытні працавалі пад наглядам невядомых асоб у штацкім. Першапачаткова былі адабраныя усе носьбіты інфармацыі, уключна з асобнікамі французскай газэты “Монд”. Затым у Яраслава Раманчука канфіскавалі партатыўны кампутар, а ў Анатоля Лябедзькі – дыскеты. Па факту канфіскацыі складзеныя пратаколы.
Другога кастрычніка пачнецца восеньская сэсія “палаты прадстаўнікоў” (як і сэсія верхняй палаты). Дэпутаты не сядзелі са складзенымі рукамі: падрыхтавана да разгляду каля дзевяці дзясяткаў законапраектаў, у тым ліку вялікая доля -- у другім чытаньні. Акрамя ўсяго іншага, трэба прыняць бюджэт краіны на наступны год.
Беларусь у будучым ня здолее забясьпечыць бясьпеку Эўропы ад пасягальніцтваў нелегальных мігрантаў, калі з 1 студзеня наступнага году гэтая выдаткі ня будуць кампэнсаваныя беларускаму боку. Пра гэта, як перадае карэспандэнт РІА “Новости”, заявіў у аўторак Аляксандар Лукашэнка на нарадзе з кіраўніцтвам дзяржаўнага камітэту памежных войск краіны. “Запад от нас хочет получить все, задействовав наши материальные и людские ресурсы, чтобы мы их защищали и обороняли, но для этого Белоруссии ничего не предлагает с точки зрения компенсации затрат, которые мы несем по обеспечению безопасности Европы”, -- сказаў Лукашэнка. Пры гэтым ён падкрэсьліў, што “если западные партнеры и коллеги хотят, чтобы белорусская сторона в этом направлении работала, пусть платят”.
Прэсавы сакратар Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Дзьмітры Партон афіцыйна абверг інфармацыю, якая зьявілася 1 кастрычніка ў шэрагу расейскіх СМІ аб тым, што выкрадзенага 12 верасьня віцэ-прэзыдэнта кампаніі “Лукойл” Сяргея Кукуру некаторы час трымалі ў закінутай вёсцы на тэрыторыі рэспублікі, разьмешчанай ля беларуска-расейскай мяжы.
Першымі дзеяньне новых павышанных мытных тарыфаў на ўвоз патрыманых аўтамабіляў у Расею зьведалі на сабе беларускія мытнікі. Як паведаміў карэспандэнту РІА “Новости” Яўген Міхальчук, начальнік аддзелу мытнага афармленьня й кантролю памежпераходу “Варшаўскі мост”, аднаго з цэнтральных памежных пераходаў на захадзе Беларусі, на сёньня колькасьць легкавых аўтамабіляў, набытых за мяжой, што ідуць транзытам на Расею, не пераўзыходзіць 15 штук. Паводле словаў Міхальчука, тыдні два таму беларускія мытнікі на гэтым пераходзе прапускалі да 80 такіх машын за зьмену.
Вядома, што ў Беларусі ўласныя прыродныя рэсурсы вельмі малыя і паліва прыходзіцца імпартаваць практычна цалкам з суседніх краін. Асабліва актуальная для нас праблема напярэдадні новага ацяпляльнага сэзону.
Намаганьні ўраду, накіраваныя на сацыяльна-эканамічнае разьвіцьцё краіны, дазволілі Беларусі наблізіцца па ўзроўню беспрацоўя да заходніх дзяржаваў. Толькі спачатку гэтага году афіцыйная колькасьць беспрацоўя вырасла на 20,5 %.
Беларусь стала лідэрам сярод краін былога СССР па тэмпах росту афіцыйнага роста курсу даляра ЗША да нацыянальнай валюты ў студзені-верасьні гэтага году. Афіцыйны курс даляра ЗША да беларускага рубля павысіўся за гэты пэрыяд на 18 адсоткаў. Далей ідуць Узьбекістан - на 17,4 адсоткаў; Таджыкістан - на 12,7%; Грузія - на 5,6%; Расея - на 5%. У краінах былога СССР існуе тры падыходы да ўсталяваньня афіцыйнага курсу даляра: на рыначнай аснове (напрыклад, Беларусь, Расея, Кыргызстан, Украіна), прывязка да цьвёрдых валют (Літва, Латвія, Эстонія), жорсткае адміністраваньне (Туркмэністан, Узбекістан).