Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Хто запэцкаў пракурорскі мундзір? 11:09, 02/10/2002, Валеры Шчукін, “Народная Воля”
Пачынаецца чарговы судовы працэс над незалежнай газэтай. 2 кастрычніка суд Кастрычніцкага раёну Менску распачынае разгляд зыску старэйшага сьледчага па асабліва важных справах пракуратуры рэспублікі В.Цераховіча да рэдакцыі "Белорусской деловой газеты" і да журналісткі Ірыны Макавецкай аб абароне гонару, годнасьці й дзелавой рэпутацыі.
Суму кампэнсацыі маральнага ўрону, нанесенага Ірынай Вітальеўнай абразьлівымі для старэйшага сьледчага выразамі кшталту “запэцканы пракурорскі мундзір” (цытата з зыскавай заявы – Аўт.), Вячаслаў Казіміравіч мае намер агучыць толькі падчас судовага разьбіральніцтва. Пакуль толькі ў зыскавай заяве пракурорскі работнік патрабуе абвяржэньня думкі журналіста, выказанай на старонках БДГ летась (23.01, 7.02, 5.02, 26.07).
Вячаслаў Цераховіч з 1999 году праводзіў папярэдняе сьледзтва па справе рэктара Гомельскага дзяржаўнага мэдычнага інстытуту Ю.Бандажэўскага й начальніка ваеннай кафедры гэтай навучальнай установы падпалкоўніка Раўкова. Сродкі масавай інфармацыі, як у Белрусі, так і за яе межамі шырока асьвятлялі і папярэдняе, і судовае сьледзтва.
Гамяльчанка Ірына Макавецкая па волі лёсу апынулася ў эпіцэнтры падзеяў. І як журналіст спрабавала даць ацэнку фактам. Напрыклад, чаму з паўтара дзесяткаў абвінавачаных у зьдзяйсьненьні цяжкага злачынства толькі падпалкоўніка Раўкова трымалі пад вартай, а астатнія ў час сьледзтва былі на волі? Бо цяжкасьць учынку ва ўсіх аднолькавая!
Істца Цераховіч у зыскавай заяве пазначае: “Былі падставы меркаваць, што, знаходзячыся на волі, абвінавачаны Раўкоў схаваўся б ад сьледзтва і шкодзіў бы высьвятленьню праўды па справе”. А ў Ірыны Макавецкай, напэўна былі падставы меркаваць цалкам супрацьлеглае...
Сваё меркаванне было ў журналісткі і па частцы забароны Ўладзімеру Раўкову бачыцца з жонкай. Істца Цераховіч паведамляе ў зыскавай заяве, што “дазваляць сустрэчы абвінавачаным са сваякамі зьяўляецца выключна правам сьледчага”. Але гэта права сьледчага і не аспрэчвалася. Карэспандэнт “БДГ” толькі выказала сваю думку аб магчымай ўзаемасувязі такога рашэньня сьледчага з адмовай абвінавачанага даваць сьведчаньні...
Сёньня а 10 раніцы Ірына Макавецкая і прадстаўнік БДГ сядуць у залі суда на лаву “падсудных”. Гэта грамадзянскі працэс. Аднак над “Белорусской деловой газетой” мельцяшыць і працэс крымінальны: паводле публікацыі іншай Ірыны – Халіп. І зноў-такі ініцыятар крымінальнага перасьледу -- пракуратура.