Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Кароткі курс аскетызму 11:17, 02/10/2002, «Советская Белоруссия»
Затрымка заробку – рэч, у прынцыпе, недапушчальная. У Клімавіцкім раёне яе, аднак, затрымліваюць на заводзе маталавырабаў, у многіх калгасах. Завод металавырабаў зьвязаўся зь неплацежаздольнымі спажыўцамі. Сельскагаспадарчым прадпрыемствам вінен лікёра-гарэлачны завод, заводу, у сваю чаргу, таксама усе вінны...Прычыны нібыта і сур’ёзныя, але толькі простым людзям, якія месяцы не атрымоўваюць заробак, ад гэтага не лягчэй.
Чым жа яны харчуюцца, як плацяць за камунальныя паслугі, за якія сродкі апранаюцца і адпраўляюць дзяцей у школу? Перад тым як задаць усе гэтыя пытаньні жыхарам Клімавічаў, думала, што ў адказ мяне засыплюць мноствам скаргаў.
Але пачула зусім іншае...
Клімавічы – раён памежны, побач з Расеяй. Многія жыхары райцэнтру гэтым карыстаюцца -- актыўна езьдзяць “на затарку” і прывозяць дадому для ўласнага спажываньня і на продаж сьвежамарожаную рыбу, хлеб, мясныя прадукты. У суседняй краіне ўсё гэта зараз таньней. На клімавіцкім кірмашы “чаўнакі” не стаяць -- аплата сэртыфікатаў, гандлёвых месцаў, падаткі, на іх думку, зьядае ўвесь прыбытак. Проста прабягуцца па суседзях і знаёмых, хуценька рэалізуюць тавар, набяруць заказаў на наступную паездку – і зноў у Расею. “Тут і прычапіцца цяжка, -- сьцьвярджае адна з маіх суразмоўцаў. – Хто можа мяне аштрафіць, калі я прывезла вам па вашаму ж заказу, напрыклад, пару булак хлеба і кілё кілбасы?”
Вядома, ня ўсе жыхары ў Клімавічах езьдзяць у Расею. Калі б усе езьдзілі, хто б гэты тавар набываў? Але і тыя, хто набывае, асабліва на жыцьцё ня скардзяцца. Амаль у кожнага жыхара райцэнтру, нават калі ён жыве у шматпавярховым доме, ёсьць свая гаспадарка. Кожны штосьці вырошчвае на сваіх градах, шмат хто нават у горадзе трымае кароў, парсюкоў, кур. Мяса, малако ў людзей ёсьць заўсёды.
Што да аплаты камунальных паслуг, то, як і па ўсёй краіне, своечасова мясцовыя жыхары стараюцца аплочваць толькі тэлефон – яго могуць хутка адключыць. За кватэру ж, за газ і за сьвятло плоцяць як прыдзецца.
Затое да новага навучальнага года амаль у кожнай сям’і рыхтуюцца сур’ёзна. Грошы адкладаюцца папярэдне. Многія, як атрымаюць адпускныя, адразу робяць пакупкі школьнікам, а адпачынак праводзяць тут сама, у райцэнтры. Акрамя таго, у выпадку скрайняй патрэбы заўсёды грошы можна пазычыць у суседзяў, знаёмых – на адных прадпрыемствах затрымліваюць заробак, на іншых плацяць своечасова – грошы заўсёды ў каго-небудзь знойдуцца.
--Гэта ў вялікіх гарадах не прынята пазычаць, - разважае мясцовая жыхарка. – Калі хтосьці і пазычыць, то толькі ў далярах. Ды яшчэ пад заклад і пад працэнты. Вось вам і прыходзіцца разьлічваць толькі на сябе. А ў нас у райцэнтры заўсёды хтосьці дапаможа і ня будзе вельмі ўжо так дакладна абумоўліваць дзень вяртаньня, а пасьля прыступаць “з нажом да горла”.
Яшчэ жыхары райцэнтра лічаць, што ў іх няма такіх непамерных апетытаў, як у жыхароў мегаполісаў. Калі ў кватэры робіцца рамонт, зусім неабавязкова, каб ён быў “эўра”. Ставіцца зусім іншая мэта: падрамантаваць кватэру. Забавы? У мясцовай рэстарацыі можна паабедаць за 2 тысячы рублёў. Вядома, і меню больш сьціплае, чым у добрай сталічнай установе, але тых, хто наведвае гэтую рэстарацыю, гэта цалкам задавальняе.
--Наагул, жыхары мястэчак больш прыстасаваныя да жыцьця, -- лічыць мясцовы журналіст, якому ёсьць з чым параўнаць - -навучаўся ў сталічным унівэрсытэце. – Любы жыхар раёну, няхай хлопец ці дзяўчына, умее і абед прыгатаваць, і рамонт у кватэры зрабіць, і машынай кожны кіруе са школы. Магчыма, у тутэйшых людзей меней ведаў, але яны больш практычныя, а адпаведна, знойдуць выхад зь любой сытуацыі.