|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Наперад у мінулае? 11:05, 03/10/2002, «Советская Белоруссия» Новы варыянт зьменаў у закон мала чым адрозьніваецца ад адхіленага Прэзыдыюмам Савміну некалькі месяцаў таму. Тут мы зноў бачым неабходнасьць згадваць у рэкляме найменьне і УНП рэклямадаўцаў без удакладненьня, як быць з рэклямай на радыё. Незразумела і тое, што будзе у тых выпадках, калі рэклямадаўца – замежнае прадпрыемства ці прадстаўніцтва замежнай кампані, якое ня мае УНП? Зноў распаўсюджвальнікі рэклямы абавязаны інфармаваць падаткавыя органы аб адрэсах, тэлефонах, ліцэнзіях рэклямадаўцаў і СМІ, у якіх рэкляма разьмешчаная. Акрамя таго, рэклямадаўца павінен будзе даваць распаўсюджвальніку рэклямы дакумэнты, якія б пацьвярджалі сапраўднасьць згаданых зьвестак. Інакш рэкляму распаўсюджваць будзе нельга. Можа, і ёсьць лёгіка ў такіх заблытаных навізнах, але наўрадці хто-небудзь прыкідваў верагодныя аб’ёмы такой штомесяцовай справаздачнасьці і выдаткаў, што зьяўляюцца ў гэтай сувязі. Нават у неспэцыялізаваным друкаваным выданьні набярэцца 40-50 рэклямных аб’яваў у адным нумары. Калі іх памножыць на пэрыядычнасьць выхаду, арымаем вельмі ўнушальную лічбу. Але гэта ўсё адно мізэр у параўнаньні са спэцыялізаванымі рэклямнымі выданьнямі, тэлевізіяй і радыё. Ім і зусім давядзецца ствараць цэлыя структурныя падразьдзелы для падрыхтоўкі справаздач і вазіць іх падаткавікам на грузавіках. Законапраект прадугледжвае і абмежаваньне рэклямы аб набыцьці й продажы тавараў грамадзянам. Для гэтага Савмін павінен зацьвердзіць адмысловы сьпіс. І калі чалавек пажадае прадаць нейкую асабістую рэч, то аб’яву яму давядзецца ўзгадняць з падаткавымі органамі. І без адпаведнага дакумэнту ніводзін распаўсюджвальнік рэклямы аб’явы ня прыме. Па вялікім рахунку, тут відавочна праглядаецца спроба абмежаваць права грамадзян на разьмяшчэньне інфармацыі й права свабоднага распараджэньня сваёй маёмасьцю, што замацавана ў Канстытуцыі. Такія дзеяньні магчымыя, але толькі ў тым выпадку, калі накіраваныя на забесьпячэньне бясьпекі дзяржавы й прадухіленьне пагрозы жыцьцю й здароўю іншых грамадзян. За рэдкім выключэньнем такія жахлівыя наступствы рэклямы і ўявіць немагчыма. Цікавы і цалкам тэхнічны аспект рэалізацыі прапанаванага новаўвядзеньня. Падобна на тое, што пры падрыхтоўцы законапраекту распрацоўшчыкі не ўлічылі колькасьці разьмешчанай у беларускіх сродках масавай інфармацыі рэклямы й рэклямных аб’яваў. Па самых сьціплых падліках – гэта каля паўмільёна ў тыдзень ці некалькі мільёнаў у месяц. Ці гатовыя падаткавыя органы і органы рэгістрацыі прыняць такую колькасьць грамадзян для ўзгадненьня прыватных аб’яў аб пакупцы-продажы старых лядоўняў, тэлевізараў, дзіцячых рэчаў, хатніх жывёл і г.д., а таксама суб’ектаў гаспадараньня, якім неабходна атрымаць даведкі аб УНП, месцы знаходжаньня ці жыхарства, найменьні рэклямадаўцаў і інш.? Міністэрства па падатках і зборах па-ранейшаму настойвае, каб страты, нанесеныя фізычнай асобе таварамі, набытымі ў выніку неадпаведнай рэклямы, выплочваў рэклямадаўца. Але гэтая прапанова супярэчыць закону аб абароне правоў спажыўца, бо адказнасьць за недобраякасны тавар ён ускладае на вытворцу і прадаўца. І калі рэклямадаўца не зьяўляецца вытворцам ці прадаўцом гэтага тавару, то якім чынам ён можа несьці адказнасьць за яго якасьць? Як бачым, распрацоўшчыкі спрабуюць перавесьці Закон “Аб рэкляме” у шэраг прававых актаў фіскальнага характару. Ня ўлічваюцца ні асаблівасьці рэклямнага заканадаўства Беларусі, ні асаблівасьці эўрапейскага ( і нават расейскага) заканадаўства, а таксама тое, што сфэрай прымяненьня Закону “Аб рэкляме” не зьяўляюцца і ніколі не зьяўляліся прававыя стасункі у галіне падаткаабкладаньня. Пасьля аналізу сутнасьці асноўных зьменаў, можна зрабіць некаторыя папярэднія высновы аб незваротных негатыўных наступствах у выпадку іх прыняцьця. Грамадзяне будуць пазбаўленыя магчымасьці карыстацца сучаснай цывілізаванай паслугай, прынятай ва ўсім сьвеце, -- падачай прыватнай абвесткі ў газэты па тэлефоне ці іншым чынам, без візыту ў падаткавую інспэкцыю. Падача абвестак на купонах з газэт, з адпраўкай па пошце ці іншым шляхам у рэдакцыю для публікацыі, таксама стане немагчымай. Што да юрыдычных асоб і прыватных бізнэсоўцаў – рэклямадаўцаў, то разьмяшчэньне рэклямы ў СМІ для іх будзе больш складаным. Нельга не адзначыць і тое, што колькасьць платнай рэклямы, асноўнай крыніцы даходаў большасьці СМІ, істотна зьменшыццца, што прывядзе да неабходнасьці значнага скарачэньня штатаў і зьніжэньня аб’ёмаў вытворчасьці. Сотні высокаклясных спэцыялістаў застануцца без працы. Спадуць падаткі ад дзейнасьці СМІ і рэклямных агенцтваў. Пры гэтым сродкі масавай інфармацыі, даціраваныя зь бюджэту, “пацягнуць” грошай болей роўна на столькі, на колькі зьменшацца іх рэклямныя даходы. Гэта сума немалая. Так што ёсьць вялікія сумневы ў тым, што новаўвядзеньні прынясуць у бюджэт дадатковыя грошы.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|