Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
ЗША заклікае АБСЭ акцэнтаваць увагу на Беларусі 11:18, 03/10/2002
ЗША разам з Эўразьвязам, Канадай і Арганізацыяй па бясьпецы й супрацоўніцтву ў Эўропе (АБСЭ) выказалі закляпочанасьць у сувязі з уціскам свабоды друку ў Беларусі, асабліва пасьля нядаўна вынесенага рэдактару газэты Віктару Івашкевічу прысуду за тое, што ён нібыта зьняславіў гонар і годнасьць Аляксандра Лукашэнкі. Гэтая акцыя “толькі самы апошні выпадак у цэлым шэрагу судовых рашэньняў, якія накіраваныя на ўціск свабоды сродкаў масавай інфармацыі”, -заявіў амэрыканскі дыплямат Дуглас Дэвідсан 26 верасьня на пасяджэньні Сталай рады АБСЭ ў Вене. Дыплямат таксама адзначыў: “Паколькі Кансультатыўна-назіральнай групе АБСЭ не было дазволу функцыянаваць, мы лічым за неабходнае больш рэгулярна разглядаць гэтыя праблемы, зьвязаныя зь Беларусяй, на Сталай радзе АБСЭ”. Ніжэй тэкст заявы Дэвідсана на пасяджэньні Сталай рады АБСЭ цалкам:
“Урад ЗША хацеў бы далучыцца да Эўразьвязу, Канады й прадстаўніку АБСЭ па пытаньнях свабоды сродкаў масавай інфармацыі, каб выказаць сваю закляпочанасьць у сувязі з сытуацыяй са свабодай друку ў Беларусі. Асаблівую трывогу выклікае прысуд, нядаўна вынесены рэдактару газэты Віктару Івашкевічу у выглядзе пазбаўленьня свабоды на два гады за тое, што ён нібыта зьняславіў гонар і годнасьць Прэзыдэнта Лукашэнкі падчас апошняй выбарчай кампаніі.
Але гэтае рашэньне зьяўляецца толькі самым апошнім выпадкам у цэлым шэрагу судовых рашэньняў, накіраваных на ўціск свабоды сродкаў масавай інфармацыі. У пачатку верасьня двое журналістаў з забароненай газэты “Пагоня” пачалі адбываць 12-і 18-месячныя тэрміны пазбаўленьня волі за паклёп на Прэзыдэнта Лукашэнку. 12 верасьня Менскі гарадзкі суд падтрымаў шматмільённы зыск, прад’яўлены газэце “Наша свабода” за тое, што яна “зьняславіла” аднаго дзяржаўнага чыноўніка.
Вынясеньне прысуду сп.Івашкевічу зьяўляецца парушэньнем абавязацельстваў Беларусі перад АБСЭ ў пытаньні свабоды самавыказваньня й свабоды сродкаў масавай інфармацыі. Мы далучаемся да закліку Эўразьвяза і іншых у адрас ураду Беларусі як мага хутчэй перагледзіць гэтую і іншыя справы. Мы таксама заклікаем урад у Менску перагледзіць нацыянальныя законы аб адказнасьці за паклёп і пасягальніцтва на гонар і годнасьць, каб забясьпечыць іх прымяненьне ў адпаведнасьці са стандартамі АБСЭ ў мэтах абароны свабоды слова й свабоды друку.
Сп.старшыня, прысутнасьць АБСЭ Ў Беларусі магла б забясьпечыць плятформу для дапамогі Беларусі ў рашэньні гэтых праблемаў. Аднак, паколькі Кансультатыўна-назіральнай групе АБСЭ не было дазволу функцыянаваць, мы лічым за неабходнае больш рэгулярна разглядаць гэтыя праблемы, зьвязаныя зь Беларусяй, на Сталай радзе.
Мы вітаем любую інфармацыю, якую б вы маглі даць аб прагрэсе ў рашэньні пытаньня аб будучай прысутнасьці АБСЭ ў Менску”.
(Распаўсюджана Офісам міжнародных інфармацыйных праграм Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША. Вэб-сайт: http://usinfo.state.gov)