Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
ЗША патрабуюць ад Беларусі неадкладнага вырашэньня канфлікту з АБСЭ 11:11, 04/10/2002
Пасол Злучаных Штатаў пры Сталай Радзе АБСЭ ў Вене Стэфан Мінікес выступіў 3 кастрычніка з прамовай, у якой заклікаў АБСЭ прыняць неадкладныя меры па вырашэньні канфлікту, які ўзьнік вакол місіі КНГ АБСЭ ў Менску. Прапануем вашай увазе тэкст выступу Мінікеса цалкам.
“Дзякую вам, сп.Старшыня,
Паводле паведамленьняў прэсы, дзейсны старшыня АБСЭ, Міністар замежных справаў Партугаліі Антоніо Марцінас да Круз і беларускі міністар замежных справаў Хвастоў пагадзіліся два тыдні таму правесьці кансультацыі па выхаду з крызыснай сытуацыі, якая склалася вакол Кансультатыўна-назіральнай групы.
Дадзенае пагадненьне зьяўляецца вельмі своечасовым і неадкладным з тае прычыны, што тэрмін акрэдытацыі апошняга міжнароднага прадстаўніка КНГ сыходзіць у канцы кастрычніка.
У сувязі з гэтым, мы просім вас, сп.Старшыня, трымаць нас у курсе падзеяў і вынікаў кансультацыяў, накіраваных на вырашэньне праблем, зь якімі сутыкаецца АБСЭ ў Беларусі і якія шкодзяць знаходжаньню місіі ў гэтай краіне.
Як ужо адзначалася, акрэдытацыя адзінага міжнароднага сябра КНГ у Беларусі сыходзіць у канцы кастрычніка. Калі беларускія ўлады вырашаць адмовіць прадстаўніку місіі ў яе падаўжэньні, яны здолеюць такім чынам цалкам заблякіраваць дзейнасьць місіі і зьвесьці на не рашэньне Сталай Рады 1997 году, якое, уласна, і ўтварыла КНГ АБСЭ.
Далейшае разьвіцьцё падзеяў непрадказальнае. Якая-небудзь адтэрміноўка ў вырашэньні канфлікту недапушчальная. З-за немагчымасьці Беларусі абмеркаваць рэзалюцыю ў Вене, мы заклікаем Старшыню прыняць надзвычайныя меры ў гэтым накірунку”.