Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларусь далучаецца да транспартнага калідору “Поўнач-Поўдзень” 11:08, 08/10/2002
Іран выказаў згоду на далучэньне Рэспублікі Беларусь да Пагадненьня аб міжнародным транспартным калідоры “Поўнач- Поўдзень” (Фінляндыя – Індзія). Пра гэта БелаПАН паведаміла прэсавы сакратар Міністэрства транспарту й камунікацыяў Беларусі Эла Курыла. Паводле ейных словаў, дадзенае пытаньне абмяркоўвалася на сустрэчы міністра гандлю Ірана Махамада Шарыятмадары, якая адбылася ў канцы мінулага тыдня ў Менску. Падчас абмеркаваньня адзначалася, што Міністэрствам транспарту й камунікацыяў ужо падрыхтаваны праект пастановы Савету міністраў Беларусі аб далучэньні да згаданага пагадненьня.
Як паведамілі ў Мінтрансе, працэдура далучэньня да згаданага пагадненьня патрабуе афіцыйнай згоды ўсіх дзяржаваў-удзельніц дадзенага калідору (Расея, Іран, Індзія). Нотай амбасады Ісламскай Рэспублікі Іран у Беларусі Іран выказаў сваю згоду на далучэньне Рэспублікі Беларусь да згаданай пастановы. На дадзены час МЗС па дыпляматычных каналах прапрацоўвае з Расеяй і Індзіяй атрыманьне іх згоды на ўдзел Беларусі ў гэтым пагадненьні.
Падчас сустрэчы абмяркоўваліся і іншыя пытаньні, зьвязаныя зь міжнароднымі аўтамабільнымі перавозкамі. Адзначалася, што паміж бакамі дасягнутая дамова аб абмене на 2003 год дазволамі ў аб’ёме, які задавальняе патрэбы ў перавозках абедзьвюх дзяржаваў. У той самы час, Махамад Шарыятмадары выказаў закляпочнасьць у тых цяжкасьцях, зьвязаных з адкрыцьцём візаў для іранскіх кіроўцаў. Міхаіл Баравы адзначыў, што беларускі бок ужо зрабіў крокі па зьмяншэньні кошту візаў для іранскіх перавозчыкаў, а таксама плянуецца прыняць меры па спрашчэньні працэдуры іх выдачы.
Міністар транспарту й камунікацыяў Беларусі таксама праінфармаваў іранскую дэлегацыю аб стане й пэрспэктывах разьвіцьця транспартнага комплексу Беларусі, і паведаміў аб магчымасьці вытворчасьці беларускімі судабудаўнічымі заводамі судоў водазьмяшчэньнем да 3 тысяч тонаў. Іранская дэлегацыя выказала зацікаўленасьць у гэтым пытаньні і папрасіла беларускі бок накіраваць ёй свае прапановы. Абодва бакі таксама выказалі сваю зацікаўленасьць у арганізацыі прамых авія- і аўтамабільных маршрутаў Тэгеран – Менск.