Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Дзярждэп ЗША падверг вострай крытыцы беларускі закон аб рэлігіі 11:11, 08/10/2002
Урады Кітаю, Кубы, Паўночнай Карэі, Вьетнаму, Лаосу і М’янмы зьяўляюцца самымі злоснымі парушальнікамі свабоды рэлігіі ў сьвеце. Такая выснова прагучала ў накіраваным у панядзелак у амэрыканскі кангрэс штогадовым дакладзе Дзярждэпартамэнту ЗША аб становішчы ў галіне свабоды вераспавяданьня ў розных краінах, перадае ИТАР-ТАСС. Сярод былых савецкіх рэспублік пад вострую крытыку трапіла Беларусь. Дзярждэпартамэнт лічыць, што нядаўна ейны парлямэнт “ухваліў адзін з самых рэпрэсіўных законаў аб рэлігіі ва ўсёй Эўразіі”.
Сур’ёзную закляпочанасьць ЗША выклікае сытуацыя ў Саўдаўскай Аравіі, Судане, Іране, Іраку, Пакістане, Індзіі, Узьбекістане й Туркмэніі, дзе працягваецца перасьлед рэлігійных меншасьцяў. Непакоіць амэрыканскіх экспэртаў і такая зьява, як тэрарыстычныя групоўкі, што спрабуюць, як “Аль-Кайда”, падвесьці пад свае дзеяньні рэлігійную аснову.
Адзінай краінай у сьвеце, дзе за апошні год адбылося істотнае паляпшэньне сытуацыі ў галіне свабоды рэлігіі, названы Аўганістан, які пазбавіўся – як вядома, з дапамогай амэрыканскіх войск, -- ад рэжыму талібаў.
Што да Расеі, то, надумку аўтараў дакляду, ейны ўрад у агуле імкнуўся лібэральна прымяняць закон “Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных аб’яднаньнях” ад 1997 году, але часам выкарыстоўваў яго асобныя палажэньні для абмежаваньня свабоды рэлігіі. Як сьцьвярджаецца ў дакумэнце, гэта выявілася, у прыватнасьці, у адмове ва ўяздных візах каталіцкім сьвятарам. Акрамя таго, у дасьследаваньні адзначаецца, што ў некаторых расейскіх рагіёнах назіралася варожае стаўленьне да мусульманаў, праявы антысемітызму і перасьлед рэлігійных меншасьцяў.
У сувязі з публікацыяй дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл выказаў спадзяваньне на тое, што дакляд стане асновай для далейшага супрацоўніцтва з іншымі краінамі з мэтамі ўмацаваньня свабоды рэлігіі й абароны фундаментальных правоў чалавека ва ўсім сьвеце.