Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Кіраўнікі прадпрыемстваў Магілёўскай вобласьці, якія дапусьцілі адставаньне ў росьце аб’ёмаў вытворчасьці ад адпаведнага ўзроўню мінулага году, могуць пазбавіцца сваіх пасад. Такую выснову можна зрабіць з заяваў старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Барыса Батуры 7 кастрычніка на нарадзе ў аблвыканкаме.
Кіраўнік вобласьці нагадаў, што два тыдні таму на абласной нарадзе дырэктарскі корпус быў папярэджаны аб такіх адміністратыўных санкцыях за благія вынікі працы па выніках за 9 месяцаў. Згодна папярэдняй інфармацыі, з пачатку году прамысловыя прадпрыемствы вобласьці вырабілі 100,6 адсоткаў аб’ёмаў прадукцыі да адпаведнага пэрыяду мінулага году. Узровень прамысловай вытворчасьці ў верасьні склаў 106,3 адсоткі да верасьня 2001 году. Са словаў старшыні камітэту эканомікі й рынкавых зносінаў аблвыканкаму Мікалая Дудзінскага, гэта больш, чым у любы іншы месяц гэтага году. Між тым агульную карціну сапсавалі прамыслоўцы Бабруйску і, у прыватнасьці, Беларускі камбінат шынаў “Белшына”, які дапусьціў спад аб’ёмаў вытворчасьці. Батура заявіў, што ўжо 21 кастрычніка на паседжаньні аблвыканкаму можа разглядацца пытаньне аб адпаведнасьці дырэктараў некаторых прадпрыемстваў вобласьці сваім пасадам.