Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Як вас разумець, настаўнікі? 11:17, 08/10/2002, Валеры Шчукін, “Народная Воля”
У рэдакцыю “Народнай Волі” патэлефанавала дама і абурана паведаміла, што ў настаўнікаў забіраюць дзённы заробак нібыта на будаўніцтва бібліятэкі. А ў педагогаў грошай на дабрачыннасьць няма. За тлумачэньнямі зьвярталася і ў гарадзкі аддзел адукацыі, і ў міністэрства – паўсюль толькі паціскаюць плячыма. Таму і тэлефануе ў газэту.
Я пацікавіўся, як зваць суразмоўцу. Аднак тая назваць сябе не пажадала. З далейшай размовы высьветлілася: яна -- настаўніца 134-й школы Ленінскага раёну. З аповеду жанчыны, дырэктараў школ папярэдзілі, што калі не зьбяруць грошай з настаўнікаў, будуць выносіць са сваёй кішэні.
Назоў усяму сказанаму – ананімная скарга. І такія звароты, як правіла, не разглядаюцца. Бо разабрацца і прыняць рашэньне можна толькі па пэрсанальнай скарзе. Прапанаваў настаўніцы і ейным калегам зьвярнуцца ў рэдакцыю з калектыўным лістом і пазначанымі прозьвішчам, месцам працы, пасады. “Народная Воля” правядзе журналісцкае расьсьледаваньне, накіруе запыты ў адпаведныя дзяржаўныя структуры. Тым самым прыцягне ўвагу грамадзкасьці да дадзенай праблемы...
“Нас тады звольняць, – прагучаў адказ. – Ці адразу, ці па кантракту”.
Цалкам верагодна. Але трэба ўмець пастаяць за сябе. Інакш ні рэдакцыя, ні праваабаронцы, ні сам Гасподзь Бог не дапамогуць. Калі Вы напісалі заяву з просьбай аб пералічэньні свайго заробку на будаўніцтва бібліятэкі ці на заключэньне кантракту, то пасьля гэтага, як казаў сатырык Райкін, “пішы на сябе скаргу”.
Дарагія педагогі! Чаму вы губляеце ўласную годнасьць, вучыце дзяцей згінацца перад нахабствам тых, хто дарваўся да ўлады? Вашы папярэднікі – мае настаўнікі – вучылі мяне іншаму: “Лепш памерці стоячы, чым жыць на каленях!”
Што ж Вы робіце, настаўнікі?!
Учора з-за страху многія настаўнікі моладзі паставілі свае подпісы пад пратаколамі выбарчых камсііяў аб “элегантнай перамозе” на прэзыдэнцкіх выбарах. Сёньня, не пагаджаючыся, але маўкліва падпісваецеся пад пералічэньнем грошай на “элегантную перамогу” – наступную. Як вас разумець?