Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
“Дастаткова беспасьпяховай” назваў спробу зьбліжэньня Расеі зь Беларусяй прэзыдэнт расейскага Інстытута стратэгічных ацэнак Аляксандар Канавалаў 7 кастрычніка ў інтэрвію інтэрнэт-рэсурсу “Страна.Ru”. Акрамя таго, на яго думку, паміж расейцамі й беларусамі ёсьць тэндэнцыя разьдзяленьня, а не зьбліжэньня.
“Перашкод для інтэграцыі застаецца дастаткова шмат. У розных дзяржавах СНД вельмі розныя палітычныя сыстэмы, вельмі розныя прынцыпы арганізацыі эканомікі. А для таго, каб неяк сумяшчацца, патрэбны эканомікі й палітычныя сытэмы, якія, калі не аднолькавыя, то, ў скрайняй меры, спавядаюць адны і тыя ж прынцыпы, усё тыя самыя правілы гульні, не прыносяць урону адзін адному сваім стаўленьнем, не ствараюць мытных дзірак, не ствараюць праблем у бюджэце адзін адному”, -- сказаў Канавалаў.
Яшчэ адной “вельмі сур’ёзнай праблемай” экспэрт назваў “інтарэсы ўтвораных палітычных эліт”. “ У выпадку Расеі й Беларусі, мне падаецца, паміж расейцамі й беларусамі ў большасьці існуе пачуцьцё разьдзяленьня, а не зьбліжэньня, рэалізаваць якое, каб аб’яднацца ў адзіную салідную дзяржаву, сёньня больш за ўсё замінаюць інтарэсы беларускай палітычнай эліты, беларускага палітычнага кіраўніцтва”, - заявіў Канавалаў.
“Але гэта не азначае, што СНД трэба закапаць, -- сказаў палітоляг. – Дастаткова нагадаць, што пераважная большасьць дзяржаваў СНД вельмі залежыць ад паставак расейскіх энэрганосьбітаў. Калі Расея раптам увядзе сусьветныя кошты для Беларусі і Ўкраіны, то эканомікі гэтых краін падуць у калапс. Але не ў інтарэсах Расеі разбураць гэтыя дзяржавы. У інтарэсах Расеі, каб яны ўмацоўваліся, і ўмацоўваліся не як апаненты, не як праціўнікі Расеі, а як дзяржавы, зацікаўленыя ў зьбліжэньні інтэграцыі нашых эканомік, як дзяржавы, зацікаўленыя ў тым, каб расейскі бізнэс дзейнічаў у іх эканоміках, магчыма, нават на нейкіх ільготных умовах”.