Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Польскія журналісты бароняць беларускую свабоду слова 11:20, 11/10/2002
Самая масавая польская "Gazeta Wyborcza" супольна з прыватнай тэлевізіяй "Polsat" праводзяць кампанію ў падтрымку беларускіх журналістаў, засуджаных за крытыку А.Лукашэнкі. 11-га кастрычніка гледачы "Polsat" змогуць паглядзець ужо чацьвёртую па ліку праграму, прысьвечаную сытуацыі са свабодаю слова ў Беларусі: у тым ліку й рэпартаж зь месцаў зьняволеньня П.Мажэйкі й М.Маркевіча. "Gazeta Wyborcza" сабрала ўжо каля 1000 подпісаў пад зваротам да А.Лукашэнкі з патрабаваньнем вызваліць журналістаў і адмяніць артыкулы Крымінальнага Кодэксу РБ, якія забараняюць крытыкаваць прадстаўнікоў улады. Тым часам карэспандэнт "Wyborczaj" у Менску Ц.Галіньскі ўжо атрымаў першую ананімную тэлефонную пагрозу.
Акцыю на абарону свабоды слова ў Беларусі распачаў тыдзень таму "Polsat", калі паказаў першую паўгадзінную перадачу, героямі якой былі журналісты "Пагоні" й "Рабочага". Карэспандэнты польскіх мэдыяў разам наведалі Жлобінскую й Асіповіцкую спэцкамэндатуры, дзе адбываюць пакараньне П.Мажэйка й М.Маркевіч, і сустрэліся ў Менску з В.Івашкевічам, якога таксама чакае адпраўка на "хімію".
У суботу цэлы шэраг матэрыялаў на гэтую тэму зьмясьціла "Gazeta Wyborcza", якая выйшла накладам 500 тысяч асобнікаў. У тым жа нумары чытачы знайшлі ўзор ліста да А.Лукашэнкі - з прапановаю падпісаць яго й адаслаць на адрас прэзыдэнцкае Адміністрацыі ў Менску ці ў Беларускую амбасаду ў Варшаве. Каля тысячы такіх лістоў ужо адасланыя па належных адрасох. Пра гэта распавёў Радыё Рацыя Цэзар Галіньскі - карэспандэнт "Gazety Wyborczaj", які стала працуе ў Беларусі.
“Я хацеў бы працытаваць свайго рэдактара - Адама Міхніка. Ён вельмі трапна выказаў сэнс гэтае ідэі: раней, калі дэмакраты, незалежныя журналісты ў Польшчы траплялі за краты, нам дапамагала замежная супольнасьць. Цяпер, - кажа Міхнік, - мы маем вялікі абавязак удзячнасьці. І калі цяпер за нашай усходняй мяжой знаходзяцца людзі, якія маюць патрэбу ў дапамозе, мы абавязаныя ім дапамагчы. Акцыя ў падтрымку беларускіх журналістаў нават перасягнула межы Польшчы,” - кажа Галіньскі. - Падпісаліся ўжо такія вядомыя людзі, што жывуць па-за межамі нашае краіны, як пісьменьнік Чэслаў Мілаш, Ян Новак-Езёраньскі, стваральнік польскай сэкцыі радыё “Вольная Эўропа”. Але мы хацелі б, каб гэта акцыя распаўсюджвалася не на захад, а на ўсход. Каб пра яе было вядома менавіта тут, дзе нявінныя людзі сядзяць. Мы сваё слова ўжо сказалі. Цяпер чарга за вамі!”
Ніякай афіцыйнай рэакцыі на кампанію, разгорнутую польскімі журналістамі, зь беларускага боку пакуль не было. Затое неафіцыйная паступіла вельмі апэратыўна: некалькі дзён таму Ц.Галіньскаму дахаты патэлефанаваў невядомы й, не саромеючыся за выразы, прапанаваў ехаць “у сваю Польшчу, калі яму тут не падабаецца”.