Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Мясьніковіч хоча кампэнсацыі за “ўцечку мазгоў” 11:03, 14/10/2002
Разьвітыя заходнія краіны павінны кампэнсаваць “уцечку мазгоў” зь Беларусі. Пра гэта, як паведамляе “Медиафакт”, заявіў на 3-яй Міжнароднай навуковай канфэрэнцыі “Праблемы прагназаваньня й дзяржаўнага рэгуляваньня сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця” прэзыдэнт Нацыянальнай акадэміі навук, экс-кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі, Міхаіл Мясьніковіч.
Ён патлумачыў, што інавацыйныя працэсы зьяўляюцца асноўным фактарам павышэньня эканамічнай бясьпекі дзяржавы. У той самы час Беларусь зараз уключаная ў жорсткую канкурэнтную барацьбу за творчы патэнцыял работнікаў, якія забясьпечваюць інавацыі ў рэальным сэктары эканомікі, сказаў Мясьніковіч. Улічваючы, што паводле ягоных словаў, больш за 40% выпускнікоў вну Беларусі жадалі б працаваць за мяжой, а ў Нацыянальнай акадэміі навук практычна няма 30-гадовых супрацоўнікаў, неабходна рэгуляваць працэс стварэньня й захаваньня інтэлектуальнага патэнцыялу Беларусі. Мясьніковіч лічыць, што механізмы рэгуляваньня не павіны ўключаць мераў забароны ўнутры краіны. Аднак дзяржаўная палітыка заходніх краін, накіраваная на прыцягненьне інтэлектуальных рэсурсаў, павінна ўключаць у сябе кампэнсацыйныя выплаты краіне паходжаньня такіх рэсурсаў, перакананы ён.
Ініцыятыву прэзыдэнта НАН падтрымаў старшыня Канстытуцыйнага суда Беларусі Рыгор Васілевіч, які прымаў удзел у канфэрэнцыі.
Паводле ягоных словаў, цяпер Беларусь выступае ў якасьці інтэлектуальнага донара разьвітых дзяржаў.
Пры гэтым размова ня можа ісьці аб стрыманьні свабоды перасоўваньня грамадзян Беларусі, падкрэсьліў Васілевіч. “Аднак Беларусь мае права прад’явіць эканамічныя патрабаваньні да дзяржаваў, якія выкарыстоўваюць працу і інтэлектуальны патэнцыял спэцыялістаў, якія атрымалі адукацыю ў Беларусі”, -- лічыць ён.
Кажучы аб працэсах інавацыйнай дзейнасьці ў Беларусі, Мясьніковіч таксама выступіў зь ініцыятывай жорсткага дзяржаўнага кантролю ў выглядзе паказчыкаў справаздачнасьці за мэтавае выкарыстаньне галіновых інавацыйных фондаў, якія, паводле ягонай ацэнкі, штогод акумулююць каля 400 млн. даляраў.