Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Расея скарачае сваю долю ў бюджэце “саюзнай дзяржавы” 11:13, 14/10/2002
Міністэрства фінансаў Расеі мае намер скараціць долю РФ у бюджэце “саюзнай дзяржавы” на 2003 год. Пра гэта на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску 11 кастрычніка распавёў намесьнік старшыні камітэту Савету Федэрацыі па справах Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў Леанід Лушкін. Гэта, паводле ягоных словаў, высьвятлілася падчас нядаўняга паседжаньня камітэту, на якім абмяркоўваўся наступны “саюзны” бюджэт. Сваё рашэньне расейскі ўрад матывуе, у тым ліку і тым, што беларускі бок цягам апошніх гадоў хранічна не выконвае свае абавязацельствы перад бюджэтам “саюзнай дзяржавы”, і на сёньня яе запазычанасьць склала каля 1 мільярда расейскіх рублёў.
Камэнтуючы БелаПАН сытуацыю, што склалася з выкананьнем Беларусяй абавязацельстваў перад бюджэтам “саюзнай дзяржавы”, старшыня камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Савету Рэспублікі “нацыянальнага сходу” Мікалай Чаргінец заявіў: “Мы ставімся да гэтага вельмі адмоўна. Лічым, што дамоўленасьці паміж дзьвюма краінамі павінны выконвацца на ўсе сто адсоткаў абодвума бакамі, і мы ўжо зьвярнуліся да Мінфіну і да ўрада з просьбай разабраццца і, у рэшце рэшт, вырашыць гэтае пытаньне”.
Са словаў адказнага сакратара Парлямэнцкага сходу “саюзу” Беларусі й Расеі Ўладзімера Аксёнава, тая сытуацыя, якая зараз склалася – гэта “не крызыс “саюзнай дзяржавы”, а крызыс працы яе органаў”. У прыватнасьці, размова ідзе пра Сталы камітэт, які, паводле ягоных словаў, павінен курыраваць выкананьне сумесных праграм, падтрымліваць кантакты з прадпрыемствамі, задзейнічанымі ў іх, стымуляваць распрацоўку новых праектаў. “Мінфін таму і настойвае на скарачэньні расейскай долі, бо бачыць: грошы выдаткоўваць няма на што”, -- лічыць чыноўнік.