|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Прайграная вайна 11:21, 14/10/2002, Фрыдэман Вэкбах-Мара, “Die Welt” Расея ня можа выйграць вайну ў Чачэніі ваеннымі мэтадамі, але і ня хоча яе завяршыць палітычнымі. Гэта галоўная думка канфідэнцыяльнага дасье, складзенага нядаўна экспэртамі з выведкі й войска для адміністрацыі федэральнага канцлера. Цытуем даслоўна з самага пачатку: “Шчырай гатоўнасьці да магчымага палітычнага рашэньня канфлікту не існуе”. З ваеннага пункту гледжаньня, становішча больш складанае, чым да гэтага часу прызнавала Масква. Хаця, згодна дасье, больш за 65 000 расейскіх салдат у Чачэніі супрацьстаяць 2000 узброеных паўстанцаў, апошнім удаецца “падтрымліваць супраціў і ўзровень атак”. Толькі ў пятніцу выбух у аддзяленьні міліцыі ў Грозным, арганізаваны паўстанцамі, пазбавіў жыцьця ня менш за 19 чалавек. Згодна дасье, якое трапіла ў адміністрацыю канцлера ў пачатку мінулага тыдня, у якасьці асноўных прычын “адсутнасьці посьпехаў” у расейскіх Узброеных Сіл называецца іх “безнадзейны стан”, падтрымка паўстанцаў з боку насельніцтва і “непарадак у разьмеркаваньні паўнамоцтваў”, які асабліва сказваецца на тактычным узроўні “там, дзе паміраюць людзі”. Тэарытычна структура камандаваньня расейскіх Узброеных Сілаў у Чачэніі ў прынцыпе правільная, у прыватнасьці, з пункту гледжаньня заходніх ваенных экспэртаў. Але на практыцы ў “спэцапэрацыі Чачэнія” разам зь непасрэдным кіраўніцтвам удзельнічае яшчэ да 17 ваенізаваных ведамстваў, такіх, як Міністэрства ўнутраных справаў, памежвойскі, Міністэрства па надзвычайных сытуацыях, камандаваньне чыгуначнымі войскамі. Кожнае зь іх аддае загады “ўласным” салдатам праз штаб апэрацыі і, яшчэ часьцей, непасрэдна на месцах. Наступствам гэтага зьяўляюцца “вялікія страты” ад асабістага вагню. Акрамя гэтага, як гаворыцца ў дасье, назіраецца “суперніцтва пры баявых дзеяньнях, страх перад адказнасьцю й няздольнасьць у захаваньні сакрэтнай інфармацыі”. Няма канца ва ўзгадненьні ў дзеяннях і карупцыі ў войсках, ня кажучы ўжо пра продаж уласнай зброі. Зараз Масква афіцыйна аб’яўляе, што “ ў сьнежні-студзені для Чачэніі як аднаго з 89 суб’ектаў Расейскай Федэрацыі, будзе падрыхтаваная канстытуцыя, за якую затым павінна прагаласаваць насельніцтва”. Аднак, згодна матэрыялам дасье, новы віток ваеннай кампаніі будзе прыпадаць ужо на пачатак 2003 году, бо вайна ў каўказскай рэспубліцы будзе працягвацца “з большай жорсткасьцю й вялікімі стратамі”. Завяршэньне вайны палітычнымі мэтадамі – гэта “з вобласьці мараў”. Колькасьць памежных войскаў у Чачэніі павялічылася сёлета да 3000 чалавек. Ваенна-паветраныя сілы з рэспублікі не выведзеныя, як і было заплянавана. Плянавалася, што к канцу 2003 году 46-ая брыгада будзе сфармаваная толькі з чачэнскіх добраахвотнікаў і налічваць 10 000 чалавек. Зараз жа, як гаворыцца ў дасье, “цалкам незразумела, якім чынам можна перагледзіць пляны”. Поўнае блякіраваньне межаў з мэтай адрэзаць паўстанцаў ад шляхоў папаўненьня іхных запасаў, “немагчыма”. Узяць чачэнскую тэрыторыю пад кантроль па-ранейшаму не атрымоўваецца. Праўда, сёньня паўстанцы ня ў стане ажыцьцявіць ніводнай буйной сплянаванай акцыі, як, напрыклад, удар па Грозным, аднак яны ў любы час гатовыя да ўдараў зь вялікімі стратамі для федэральных сілаў. З дасье: “Уразьлівасьць расейскіх вайскоўцаў падчас любога перасоўваньня па тэрыторыі застаецца нязьменна высокай. Нельга недаацэньваць пагрозу для транспартнай авіяцыі, бо паўстанцы маюць на ўзбраеньні супрацьракетныя комплексы. Ноччу ўся Чачэнія, за выключэньнем строга ахоўваемых ваенных аб’ектаў, належыць паўстанцам”. Афіцыйным расейскім дадзеным аб страце 4500 ваеннаслужачых дасье супрацьпастаўляе свае ацэнкі – амаль 10000. Чачэнцаў загінула больш за 80 000 (паводле афіцыйных дадзеных - 14 000). Адначасова незаўважна ніякіх прызнакаў аднаўленьня Чачэніі. Няма падаткавых паступленьняў, фінансава-палітычную сытуацыю па-ранейшаму фармуюць такія фактары, як карупцыя й выкарыстаньне фінансавых сродкаў не па прызначэньні. 4 мільярды рублёў, выдаткаваныя зь бюджэту на 2002 год на аднаўленьне Чачэніі, сышлі “без заўважных паляпшэньняў на месцах”. І апошняя – нідзе не відаць зьменаў да лепшага.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|