Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Пэнсія Шушкевіча ў 362,5 разоў меншая за пэнсію Гарбачова 11:49, 16/10/2002, НТВ
У аўторак былы сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч атрымаў зь Менскага гарадзкога суда адказ на сваю скаргу адносна нізкай пэнсіі. Суд пастанавіў, што пэнсія Шушкевіча, эквівалентная аднаму даляру і 57-мі цэнтам, адпавядае беларускаму заканадаўству. Амаль такая маленькая пэнсія некаторы час была ў былога прэзыдэнта СССР Міхаіла Гарбачова – з-за інфляцыі яна раўнялася чатыром далярам. Сытуацыю, праўда, хутка выправілі, і зараз Гарбачоў атрымоўвае 40 мінімальных акладаў (сёньня гэта каля 580-ці даляраў).
Дзяржаўнае грашовае забесьпячэньне лідэраў іншых краін, якія пайшлі ў адстаўку, больш высокія. Так, былы галава Белага Дома Джордж Буш-старэйшы мае пэнсію ў восем тысяч даляраў. Экс-прэзыдэнт Францыі Валеры Жыскар д’Эстэн атрымоўвае ў месяц 10 тысяч даляраў, а былы канцлер ФРГ Гэльмут Коль – 13 тысяч. Пры гэтым, праўда, Коль атрымоўвае і пэнсію, і дэпутацкі заробак, а Жыскар д’Эстэн зьяўляецца членам французскага Канстытуцыйнага савету й высокапастаўленым чыноўнікам Эўразьвязу. Што да Станіслава Шушкевіча, то першы лідэр незалежнай Беларусі зараз мае намер прасіць павышэньня пэнсіі ў Вярхоўнага суда рэспублікі.