Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
“Уцечка мазгоў” зь Беларусі набыла масавы характар 17:24, 17/10/2002
У сувязі з гэтым прэзыдэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Міхаіл Мясьніковіч лічыць, што “кампэнсацыйныя меры за “уцечку мазгоў” зь Беларусі могуць стаць тэмай абмеркаваньня ў эўрапейскіх ці міжнародных арганізацыях”. Пра гэта ён заявіў 16 кастрычніка на прэсавай канфэрэнцыі, прысьвечанай візыту ў НАН Беларусі дэлегацыі Акадэміі навук Баўгарыі, перадае БелаПАН.
Мясьніковіч упэўнены, што штучнае стымуляваньне краінамі Захаду эміграцыі навукоўцаў з краіны павінна адпаведна кампэнсавацца навучальным установам і самой дзяржаве. На думку прэзыдэнта НАНБ, гэтае пытаньне знахозіцца ў сфэры абароны нацыянальных інтарэсаў Беларусі, бо, паводле дадзеных ЮНЭСКА, кошт падрыхтоўкі аднаго доктара навук складае каля 600 тыс. даляраў ЗША, а ад’езд беларускіх навукоўцаў на Захад набыў масавы характар. Кіраўніцтва НАНБ плянуе абмеркаваць праблему “уцечкі мазгоў” на заплянаваным на пачатак лістапада Сходзе маладых навукоўцаў. Пасьля гэтага будзе аформленая прапанова Савету міністраў зьвярнуцца ў міжнародныя арганізацыі з патрабаваньнем абмеркаваць тэму эміграцыі навукоўцаў. Мясьніковіч зьвярнуў увагу на меры, якія будуць прымацца ў самой Беларусі. Каб прадухіліць адток навукоўцаў краіны, бюро прэзыдыюму НАНБ пастанавіла стварыць для маладых навукоўцаў усе магчымыя ўмовы для найбольш прадуктыўнай дзейнасьці. Віцэ-прэзыдэнт Акадэміі навук Баўгарыі Канстанцін Косеў паведаміў, што ў Баўгарыі праблема “уцечкі мазгоў” вырашаецца некалькі іншым шляхам. Адток баўгарскіх навукоўцаў за мяжу скараціўся дзякуючы іх удзелу ў эўрапейскіх і амэрыканскіх навуковых праектах. Але баўгарскай навуцы давялося сутыкнуцца з іншай праблемай – вынікі дасьсьледаваньняў, якія фінансуюцца звонку, выкарыстоўваюцца толькі краінамі Заходняй Эўропы і ЗША.