Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Суд адхіліў зыск актывіста ЗУБРа да Паўла Якубовіча 11:19, 18/10/2002, ЗУБР
Судзьдзя Савецкага раёну гораду Менску Фёдарава адмовіла ў зыску Аляксея Шыдлоўскага да газэты "Советская Белоруссия" і да яе галоўнага рэдактара Паўла Якубовіча.
8 траўня ў газэце быў надрукаваны артыкул Якубовіча, у якім ён напісаў, што каардынатар руху ЗУБР былы палітвязень Аляксей Шыдлоўскі быў асуджаны не за палітычнае графіці, а за няўплату алімэнтаў. Аляксей Шыдлоўскі, які нават ніколі ня быў жанатым, вырашыў абараняць сваю годнасьць і рэпутацыю. Ён падаў у суд на газэту "Советская Белоруссия" і яе галоўнага рэдактара і аўтара матэрыялу Паўла Якубовіча. Аляксей Шыдлоўскі патрабваў спагнаць кампэнсацыю ў памеры 6 млн.рублёў з Якубовіча і такую самую суму з газэты. Бок адказчыка з самага пачатку спрабаваў зацягнуць працэс. Паўтара месяца ў рэдактара “Совбелии” знаходзіліся “сур’ёзныя падставы” для таго, каб не зьяўляцца на суд, а затым ён сышоў у трохмесячны адпачынак. Прадстаўнік адказчыка, юрыст “Советской Белоруссии” спрабавала вырашыць пытаньне ў несудовым парадку і заявіла, што газэта прызнае сваю няслушнасьць і гатовая надрукаваць абвяржэньне ў любым нумары газэты па жаданьні Шыдлоўскага, але адмаўляецца ад выплаты кампэнсацыі. Судзьдзя пайшла яшчэ далей. Сп-ня Фёдарава заявіла, што ня толькі выплата кампэнсацыі, але і публікацыя абвяржэньня таксама не зьяўляецца неабходнай. А тлумачыла сваю пазыцыю тым, што Шыдлоўскі быў судзімы паводле Крымінальнага кодэксу, таму зьяўляецца “человеком аморальной сущности”. Тое, што ў публікацыі няправільна згаданая прычына судзімасьці, не зьяўляецца, на думку судзьдзі, сур’ёзнай недакладнасьцю. “Я ня меў ілюзіяў наконт грашовай кампэнасацыі, але быў упэўнены ў тым, што суд абавяжа газэту надрукаваць абвяржэньне. І рашэньне суда аб адмове ў зыску па ўсіх пунктах мяне шакіравала. Кіруючыся лёгікай судзьдзі, чалавека, асуджанага па любым крымінальным артыкуле, напрыклад, за абразу “прэзыдэнта” можна назваць забойцам ці гвалтаўніком. “Саўбелія” фактычна атырмала права бесперашкодна паліваць усіх брудам. Я мяркую, што газэта скарыстае сваё права. І ў хуткім часе ў лік “амаральных” трапяць Мажэйка, Маркевіч, Аксёнчык...” -- пракамэнтаваў Аляксей Шыдлоўскі.