Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Ільготнікаў у Беларусі стане меней 11:00, 21/10/2002
Выступаючы 18 кастрычніка на сэмінары кіруючых работнікаў рэспубліканскіх і мясцовых дзяржаўных органаў, старшыня Камітэту дзяржкантролю Анатоль Тозік паведаміў пра “абвастрэньне” праблемы ільготнага забесьпячэньня насельніцтва лекамі. Праверкі Камітэту дзяржкантролю паказалі шматлікія парушэньні ў гэтай сфэры і выявілі факты, калі бясплатныя рэцэпты на лекі выпісваліся на памерлых людзей, сказаў галава камітэту.
Акрамя таго, паводле ягонай інфармацыі, у краіне маюць права на ільготны праезд на транспарце 5 млн.300 тыс. чалавек, з-за чаго страты бюджэту сёлета складуць 103 млрд. рублёў. Тозік мяркуе, што пасьля адмены бясплатнага і ільготнага праезду, можна будзе зрабіць грамадзкі транспарт у краіне без дататацыяў і не павышаць кошты на праезд. Старшыня Камітэту дзяржкантролю заявіў аб праяўленьні ў краіне “небясьпечных настрояў утрымальніцтва”. Зараз, паводле ягоных словаў, у рэспубліцы налічваецца 127 тыс.беспрацоўных, 59 тыс. зь якіх атрымоўваюць дапамогу па беспрацоўю. “Мяркую, што мы маем права сёньня прапанаваць беспрацоўнаму любую працу. А калі ён двойчы адмовіцца ад прапановы, то згубіць статус беспрацоўнага”, -- сказаў Тозік. Ён таксама праінфармаваў аб тым, што ў рэспубліцы налічваецца 31 тыс. дзецей-сірот, 27 тыс. зь якіх знаходзяцца ў дзіцячых дамах пры жывых бацьках. Адносна такіх “бацькоў” заканадаўства павінна быць “больш жорсткім”, перакананы Тозік. Ён адзначыў, што падчас праверак выкрытыя “вельмі негатыўныя факты” неэфэктыўнага выкарыстаньня бюджэтных сродкаў, якія накіроўваюцца на будаўніцтва аб’ектаў сацыяльнай сфэры. Паводле словаў Тозіка, пасьля праведзеных праверак па будаўніцтву Гомельскага спэцыялізаванага дыспансэру былі выпрацаваныя прапановы па зьніжэньню кошту гэтага аб’екту на 33 млрд.рублёў.