Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Натальля Судлянкова вярнулася ў Чэхію 11:02, 21/10/2002
Вызваленая зь нямецкай турмы журналістка беларускай службы радыё “Свабода” Натальля Судлянкова ў суботу вярнулася ў Чэхію. Пра гэта РІА "Новости" паведаміла прэсавы сакратар радыёстанцыі “Свабода”/ “Свабодная Эўропа” Соня Вінтэр.
Паводле ейных словаў, Судлянкова была арыштаваная ў Нямеччыне на мінулым тыдні пры перасячэньні чэска-нямецкай мяжы на памежным пераходзе "Памезі-Шырндынг". Затрыманьне адбывалася на падставе ордэра, выдадзенага беларускім прадстаўніцтвам Інтэрполу. Між тым, грамадзянка Беларусі Натальля Судлянкова ў сьнежні 1999 году атрымала ў Чэхіі палітычны прытулак.
У тэлефоннай размове з карэспандэнтам РІА "Новости" сама Судлянкова паведаміла, што яе “выпусьцілі з турмы гораду Бамберг на падставе ліста пракурора вышэйшага рэгіянальнага суда”.
Беларуская журналістка мае намер у бліжэйшы час правесьці прэсавую канфэрэнцыю ў чэскім фондзе “Людзі ў бядзе”. Акрамя таго, Судлянкова ў камэры пачала пісаць кнігу пра сваё жыцьцё ў Беларусі й Чэхіі, пры гэтым “асобны разьдзел будзе прысьвечаны знаходжаньню ў турме ў Нямеччыне й спэцыфіцы нямецкай юстыцыі”.
У 2001 годзе беларускія праваахоўчыя органы патрабавалі ад афіцыйнай Прагі правесьці экстрадыцыю Судлянковай у Беларусь. Аднак чэскі суд, пасьля разгляду справы па сутнасьці, прыняў рашэньне “не выдаваць дысыдэнтку беларускім уладам”, паведаміў РІА “Новости” дырэктар дэпартамэнту па справах уцекачоў і міграцыі МУС Чэхіі Томаш Гайшман.
У сваю чаргу чэскі МЗС інфармаваў улады ФРГ аб тым, што “Натальля Судлянкова знаходзіцца пад аховай Чэскай Рэспублікі”, заявіў РІА “Новости” прэсавы сакратар МЗА Чэхіі Карэл Баруўка.
Са жніўня 2002 году Судлянкова працуе ў Празе ў беларускай рэдакцыі радыё “Свабода” / “Свабодная Эўропа”.
З моманту заснаваньня Беларускага Народнага фронту (БНФ) у 1988 годзе яна зьяўлялася ягоным сакратаром. Затым была сябрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі Беларусі. Актыўна займалася бізнэсам – зьяўлялася генэральным дырэктарм фінансава-інвэстыцыйнай кампаніі, кіравала грамадзкай арганізацыяй – была прэзыдэнтам Беларускага фінансавага саюзу.
Афіцыйны Менск абвінавачвае Судлянкову ў фінансавых махінацыях, крадзяжах сродкаў у асабліва буйных памерах і злоўжываньні службовым становішчам.