Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
“Палата” абмяркуе праблему палітычных зьнікненьняў 24 кастрычніка 11:06, 21/10/2002
Беларускі Гэльсынскі камітэт (БГК) атрымаў пісьмовы адказ сталай камісі “палаты прадстаўнікоў” па нацыянальнай бясьпецы на сумесную заяву БГК і іх грамадзкага аб’яднаньня “Прававая дапамога насельніцтву” аб лёсе крымінальных справаў, распачатых па фактах зьнікненьня Юры Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага й Зьмітра Завадзкага.
Згодна паведамленьню БГК, у адказе за подпісам старшыні камісіі Барыса Бікініна, паведамляецца, што дэпутатаў “палаты прадстаўнікоў” таксама хвалюе пытаньне аб абставінах зьнікненьня грамадзян Беларусі. Але пры гэтым, адзначае Бікінін, “як сапраўдных патрыётаў сваёй Радзімы”, дэпутатаў хвалююць лёсы ўсіх зьніклых грамадзян, а не чатырох канкрэтных, бо яны ведаюць, які рэзананс мае гэтае пытаньне ў грамадзтве і тое, “як і навошта ён карыстаецца злосьнікамі Рэспублікі Беларусь”. Барыс Бікінін таксама праінфармаваў кіраўніцтва БГК аб прычынах адхіленьня “палатай прадстаўнікоў” прапановы дэпутата Валеры Фралова ўключыць у павестку дня пытаньне “Аб стварэнні часовай камісіі Палаты прадстаўнікоў па праверцы захаваньня законнасьці пры расьсьледаваньні крымінальных справаў аб зьнікненьні грамадзян Рэспублікі Беларусь”. Дэпутаты “палаты” палічылі, што пры захаваньні канстытуцыйнага прынцыпу падзелу ўлады, яны ня маюць ніякага права ўмешвацца ў дзейнасьць праваахоўчых органаў. Акрамя таго, паведамляе Барыс Бікінін, прапанова Валеры Фралова разглядалася на паседжаньнях сталай камісі па нацыянальнай бясьпецы й Савету “палаты” і не знайшло падтрымкі. Дэпутат Бікінін адзначае таксама, што пытаньне пра ход расьсьледаваньня “гучных” крымінальных справаў будзе пастаўлена перад кіраўнікамі тых органаў, якія ў адпаведнасьці з рэспубліканскім заканадаўствам “павінны высьветліць аб’ектыўныю праўду былых падзеяў” 24 кастрычніка на парлямэнцкіх слуханьнях аб стане законнасьці ў Рэспубліцы Беларусь.