Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларускія ўлады ня здолелі дамовіцца з “Газпрамам” 16:36, 21/10/2002
Беларускі бок пакуль ня здолеў дамовіцца аб дадатковых пастаўках газу з расейскай камапніяй “Газпрам”, наракаў намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі Аляксандар Сівак 18 кастрычніка на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску. Размова ідзе пра закупку дадатковых 1,5-2 млрд.кубічных мэтраў газу, неабходных для забесьпячэньня энэргетычнай бясьпекі краіны на бліжэйшыя месяцы, адзначае БелаПАН. “Нашыя людзі ўжо даўно знаходзяцца ў “Газпраме”, безупынна вядуць перамовы, -- сказаў Сівак. – Надзеі ёсьць, але канкрэтыкі пакуль няма”.
Ён таксама паведаміў, што дадатковы газ будзе закупацца не па тарыфах расейскага пятага цэнавага поясу (24,2 даляра ЗША за тысячу кабамэтраў), а, хутчэй за ўсё, па кошту 30-32 даляра за тысячу кубамэтраў. Паводле намесьніка міністра, складана дамовіцца пра дадатковыя пастаўкі ў Беларусь газу па ўнутрырасейскіх тарыфах. Абедзьве кампаніі неаднаразова папракалі беларускі бок за несвоечасовыя разьлікі за газ. Сівак таксама паведаміў, што на наступны год Беларусь можа сутыкнуцца з новымі праблемамі пры закупцы газу. Паводле ягоных словаў, у 2003 годзе ў Расеі чакаецца падаражаньне газу “па крайняй меры, на 20 адсоткаў”, што прывядзе і да роста тарыфаў на дадзены энэрганосьбіт у Беларусі. Намесьнік міністра энэргетыкі заявіў: будзе зроблена ўсё, каб не павышаць у Беларусі тарыфы , “але ня выключана, што на нейкую велічыню давядзецца падняць, бо вонкавыя фактары ўплываюць”. Паводле словаў Сівака, газ у Беларусі ператварыўся ў монапаліва, і гэта негатыўна ўплывае на энэргетычную бясьпеку краіны, бо яна атрымоўвае яго практычна ад аднаго пастаўшчыка. У паліўным балянсе беларускай энэргасыстэмы газу больш за 90 адсоткаў, у той час як разьвітыя краіны маюць больш дыферэнцыраваны балянс – у ім ёсьць таксама вугаль, гідраэнэргія, атамная энэргія. “Гэта не зусім нармальная сытуацыя”, -- сказаў чыноўнік. Каб яе выправіць, бліжэйшым часам будуць карэктыравацца асноўныя накірункі энэргетычнай палітыкі Беларусі. Так, ужо зараз сур’ёзна прапрацоўваюцца пытаньні паставак вугалю. Магчыма, гэты від паліва будзе закупаццца ў Польшчы.