Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
МЗС Беларусі: місія АБСЭ ў цяперашняй форме працаваць ня будзе 16:44, 21/10/2002
Місія АБСЭ у яе цяперашняй форме працаваць у Беларусі ня будзе. Пра гэта, адказваючы на пытаньне "Медиафакта", у панядзелак заявіў начальнік упраўленьня інфармацыі, прэсавы сакратар беларускага знешнепалітычнага ведамства Павал Латушка. Паводле словаў афіцыйнага прадстаўніка МЗС, менавіта ў гэтым і ёсьць сутнасьць пазыцыі Беларусі, выказанай Сталым прадстаўніком рэспублікі ў АБСЭ Віктарам Гайсёнкам 17 кастрычніка на паседжаньні Сталай Рады гэтай арганізацыі ў Вене.
Пры гэтым прэсавы сакратар МЗС адзначыў, што Беларусь “не адмаўляецца ад супрацоўніцтва з АБСЭ”. “Пытаньне КНГ (Кансультатыўна-назіральнай групы АБСЭ --“МФ”) на нашу думку зьяўляецца тэхнічным, другасным. Мы прапануем размаўляць аб формах, прынцыпах супрацоўніцтва АБСЭ і Беларусі, зразумелых для ўраду нашай краіны”, -- патлумачыў прадстаўнік МЗС. “Калі праца місіі будзе заснаваная на ўзаемным даверы й павазе, на аснове дакладных мэтаў і задач, мы разгледзім пытаньне аб далейшай дзейнасьці місіі ў Беларусі. Але размаўляць пра працу місіі ў Беларусі ў яе цяперашнім выглядзе немагчыма”, -- заявіў П.Латушка. Прэсавы сакратар МЗС зьвярнуў увагу на тое, што беларускі бок ніколі не адмаўляў прысутнасьці АБСЭ ў Беларусі і пры гэтым адзначыў, што “дзейнасьць АБСЭ ў нашай краіне павінна быць зразумелай і празрыстай”. Дадзенае пытаньне, паводле ягоных словаў, беларусі бок спрабаваў абмеркаваць на Пострадзе АБСЭ яшчэ ў сьнежні 2001 году і прапанаваў Дзейснаму старшынству АБСЭ прызначыць кансультацыі па ўдакладненьні мандату групы. Прапанова беларускага боку аб правядзеньні кансультацыяў “не знайшла водгуку ў Дзейснага старшынства”, сказаў Латушка. “Пасьля 4-ых месяцаў безвыніковых спробаў быць пачутым, мы вымушаныя былі ўнесьці новы праект рашэньня Пострады аб правядзеньні кансультацыяў па далейшых формах супрацоўніцтва паміж Беларусяй і АБСЭ”, -- заявіў прэсавы сакратар МЗС. Акрамя таго, паводле ягоных словаў, 24 траўня беларускі бок яшчэ раз прапанаваў правесьці аналіз дзейнасьці групы наконт адпаведнасьці ейнага мандату. Аднак беларускі бок зноў сутыкнуўся з “поўным ігнараваньнем згаданых прапановаў”, адзначыў прадстаўнік замежнапалітычнага ведамства. У МЗС Беларусі лічаць, што поўнае ігнараваньне прапановаў беларускім бокам дэманструе “прыхільнасцьь да падвойных стандартаў” адносна Беларусі з боку АБСЭ, сказаў Латушка.