Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
На фоне агульнасусьветнай мітусьні вакол Іраку пазыцыя Беларусі па гэтым пытаньні выглядае вельмі своеасабліва. Заявы афіцыйнага Менску, як і рэакцыя на іх афіцыйнага Багдаду, літаральна патрабуюць: “Зьвярніце на нас увагу, у нас ёсьць уласная думка”. Беларускія ПіАр-дзеяньні, тым не менш, вялікага посьпеху ня маюць. Пазыцыю невялікай эўрапейскай дзяржавы, якой зьяўляецца Беларусь, сусьветныя лідэры ў разлік не прымаюць. А думка аб Аляксандры Лукашэнкі і ягоным рэжыме калі і мяняецца, дзякуючы апошнім навінам, у горшы бок.
Страсеньне паветра, што не раз адбывалася на мінулым тыдні ў сьценах беларускага парлямэнту, прымушае сур’ёзна задумацца аб пэрспэктывах інстытута народных абранцаў.
Апошні дыпляматычны супрацоўнік Кансультатыўна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі грамадзянка Малдовы Аліна Жасан на сёньня ня мае інфармацыі аб пэрспэктывах працы місіі ў Беларусі. Дадзенае рашэньне, заявіла Жасан "Интерфаксу" ў аўторак, будзе прынятае ў Вене.
Ва ўрадзе Беларусі абмяркоўваўся праект указу Аляксандра Лукашэнкі аб удакладненьні даходаў і выдаткаў рэспубліканскага бюджэту. Як паведаміў на мінулым паседжаньні міністар фінансаў Беларусі Мікалай Корбут, бюджэтныя выдаткі па фінансаваньне “саюзнай дзяржавы” будуць скарочаныя.
Усё, што зараз можа прапанаваць калгас “Янушкавічы” Лагойскага раёну ў аплату за працу, -- парасяты. З 10 верасьня на разьліковы рахунак гаспадаркі не паступіла ні рубля выручкі. Хаця каровы дойныя, кабанчыкі падрастаюць, і калгасная зямля ня так даўно прынесла параўнальна неблагі ўраджай....
Паводле дадзеных Міністэрства статыстыкі й аналізу, за першыя два тыдні кастрычніка спажывецкія кошты ў Беларусі павялічыліся на 0,7 адсоткі (за першы тыдзень – на 0,4, за другі – 0,3). Для параўнаньня: за першыя два тыдні верасьня кошты вырасьлі на 0,8 адсоткі, за першыя два тыдні кастрычніка 2001 году -- на 1,4. З пачатку году спажывецкія кошты павялічыліся на 25,3 адсоткі (за аналягічны пэрыяд 2001 году – на 29,7 адсоткі). На 2002 год урад і Нацыянальны банк прагназавалі павышэньне коштаў на 20-27 адсоткаў.
Сёлета ацяпляльны сэзон крочыў па краіне, нібыта Новы год. З непрыхаваным інтарэсам грамадзяне сачылі за тым, як да цяпла падключаюцца ўсё новыя і новыя аб’екты. Згодна санітарных правілаў ацяпленьне ўключаюць, калі цягам 5 дзён сярэднесутачная тэмпература паветра не падымаецца вышэй за 8 градусаў. Згодна зьвесткам Белгідрамету, ужо з 23 па 26 верасьня сярэднесутачная тэмпература была на ўзроўні + 5оС. Але пасьля наступіла невялікае пацяпленьне, якое і адсунула пачатак ацяпляльнага сэзону.
Польская мытня абмежавала ўезд у краіну аўтамабіляў з таніраваным шклом. Як паведамілі РІА "Новости" ў аўторак у Генэральным консульстве Польшчы на Ўкраіне, такая забарона зьвязаная са зьменамі ў правілах дарожнага руху гэтай краіны. Як паведамілі ў консульстве, польская паліцыя больш не рэгіструе аўтамабілі з зацемненым шклом і не дапускае іх эксплюатацыю на тэрыторыі краіны.
Барысаўскія актывісты руху ЗУБР правялі чарговую акцыю-пэрфоманс, накіраваную на прыцягненьне ўвагі гарадзкіх уладаў да праблемы грамадзкіх прыбіральняў у Барысаве.
У школах Крычаўскага раёну пачалася чарговая кампанія па збору сродкаў. На гэты раз настаўнікаў прымушаюць здаваць грошы на ўдобрапарадкаваньне Пакроўскага праваслаўнага сабору ў Крычаве. Варта адзначыць, што гэта ўжо шостая такога кшталту кампанія за апошнія паўтара месяцы.
Адміністрацыя Цэнтральнага раёну Магілёву, спасылаючыся на рашэньне гарвыканкаму № 2-20 ад 20.02.2002 г. “Аб упарадкаваньні ўсталяваньня ёмкасьцяў для збору сьмецьця на тэрыторыі Магілёву”, абавязала кіраўнікоў прадпрыемстваў і фірм, якія знаходязцца на падведамственнай тэрыторыі, набыць за ўласны кошт сьметніцы ў прадпрыемства па азеляненьні і воднай гаспадарцы. Як паведамляе “Тыдзень з Магілёўскай вобласьці”, кошт сьметніц больш за 130 тысяч рублёў. Адміністрацыя не тлумачыць, чаму менавіта гэтыя сьметніцы і чаму іх трэба набываць менавіта ў гарзеленгасе. Але ня цяжка здагадацца, што буйныя пакупкі любога тавару вельмі выгадныя вытворцу і пасярэдніку.
Савет міністраў замежных справаў Эўразьвязу выказаў у панядзелак “сур’ёзную занепакоенасьць” сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Як перадае карэспандэнт РІА "Новости", Савет прыняў па гэтым пытаньні адмысловую заяву.
РАТ “Газпром” занепакоена намерам Беларусі адмовіцца ад паставак прыроднага газу кампаніяй “Итера” і будзе “да апошняга супраціўляцца” неабходнасьці поўнага забесьпячэньня патрэбаў Беларусі ў гэтым паліве, заявіў “Інтэрфаксу” начальнік прэсавай службы ААТ “Газпром” Ігар Плотнікаў, выказваючы неафіцыйны пункт погляду на гэту сытуацыю.
У абласным цэнтры дзейнічае 30 заляў кампутарных гульняў, 5 зь іх працуюць кругласутачна. Аднак, як паказала праверка, праведзеная сэктарам па справах моладзі Віцебскага гарвыканкаму, сытуацыя ў іх не адпавядае патрабаваньням, якія павіны захоўвацца там, дзе зьбіраюцца падлеткі.
Кіраўнік камітэту, упраўленьня ці аддзелу Менгарвыканкаму, які не адказаў у час на пісьмовыя звароты грамадзян, будзе пазбаўлены прэміі. Адпаведныя зьмены ў бліжэйшы час плянуецца ўнесьці ў палажэньне аб прэміяраваньні, адзначыў 21 кастрычніка на апэратыўнай нарадзе ў Менгарвыканкаме мэр сталіцы Міхаіл Паўлаў. У 2002 годзе такіх кіраўнікоў, якія больш за патрэбнае трымалі 15 лістоў гараджан “пад сукняй” набралася трое, распавяла калегам начальнік аддзелу ліставаньня і арганізацыі прыёму грамадзян Менгарвыканкаму Галіна Ярамцова.
У “палаце прадстаўнікоў” абмяркоўваецца пытаньне ўвядзеньня асобнага пашпарту для паездак за мяжу. Практыка існаваньня двух пашпартоў – грамадзянскага і “замежнага” – прымяняецца ў шэрагу краін, у прыватнасьці, у Расейскай Федэрацыі і Ўкраіне. Аляксандар Лукашэнка даручыў МУС у бліжэйшы час прааналізаваць як станоўчыя, так і негатыўныя моманты, зьвязаныя з увядзеньнем другога пашпарту, і ўнесьці прапанову па аптымальным рашэньні гэтага пытаньня.