Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Барысаўскія ўлады змагаюцца з унітазамі 12:03, 22/10/2002, ЗУБР
Барысаўскія актывісты руху ЗУБР правялі чарговую акцыю-пэрфоманс, накіраваную на прыцягненьне ўвагі гарадзкіх уладаў да праблемы грамадзкіх прыбіральняў у Барысаве.
Да гэтага часу зубры ўжо праводзілі такія акцыі. Спачатку на прыступках гарвыканкаму зьявіўся адзін унітаз, але ўлады на гэта ніяк не адрэагавалі. Патрэбы гораду з насельніцтвам больш за 150 тысяч чалавек па-ранейшаму абслугоўвала адна грамадзкая прыбіральня. Празь некаторы час барысаўскія зубры правялі яшчэ дзьве акцыі, у гэты раз яны ўстанавілі не адзін, а два ўнітазы. Пасьля гэтых акцыяў у гарадзкім парку імя Горкага зьявілася біапрыбіральня, але для гораду гэта ня стала вырашэньнем праблемы. На гэты раз справа адным-двума ўнітазамі не абмежавалася. У нядзелю пятнаццаць актывістаў прынесьлі да гарвыканкаму восем унітазаў. Супрацоўнікі гарвыканкаму былі ў шоку. Больш за гадзіну ўнітазы прастаялі на ганку будынку, і былі зьнесеныя з яго толькі пасьля таго, як на месца прыехаў выкліканы з дому ў выходны дзень старшыня гарвыканкаму Бургун. Праз хвілінаў дзесяць на апэратыўнай машыне прыехалі супрацоўнікі праваахоўчых органаў. Зубры ўпэўненыя, што рана ці позна ўлады будуць вымушаныя выканаць патрабаваньні "ЗУБРа". Жыхарам Барысаву надакучыла, што ў якасьці прыбіральняў выкарыстоўваюцца іх пад’езды.